Ажывіць ляльку-мотанку 

- 15:07Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Цыкл дадатковых заняткаў па інтарэсах “Духоўныя каштоўнасці сям’і” праходзіць у Прыгарадным яслях-садзе Рэчыцкага раёна для выхаванцаў і іх бацькоў. На занятках выкарыстоўваюцца атрыбуты ручной працы. Яскравы прыклад — лялькі-мотанкі. 

— Трэці год у нашай установе ў супрацоўніцтве з Рэчыцкім благачыннем і бацькамі выхаванцаў рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”, — адзначае кіраўнік праекта і загадчыца ўстановы Таццяна Каралюк. — Мы знаёмім дзяцей з культурай беларускага народа, яго духоўнымі ідэаламі, мясцовымі святынямі. Перадаём ад пакалення да пакалення звычаі, традыцыі, асаблівасці жыцця і побыту беларускага народа. 

Адзін з кірункаў работы — стварэнне лялек-мотанак. Іх вырабам разам з дзецьмі займаецца намеснік загадчыка сада Святлана Жогаль. Выхаванцы вывучаюць ілюстрацыі з выявай такіх лялек, узоры гатовых работ, канструктыўныя прыёмы іх вырабу. Для гэтага, у прыватнасці, выкарыстоўваецца натуральная льняная нітка. 

Ляльцы-мотанцы ўжо амаль 5 тысяч гадоў, яна існуе з таго часу, як пачалі вырошчваць лён. Такая лялька выглядае як маленькі чалавечак з галавой, тулавам, ручкамі і ножкамі. Для стварэння лялькі спатрэбяцца ніткі (лепш браць таўсцейшыя), нажніцы і кардонная нарыхтоўка. Каб зрабіць цела лялькі, трэба наматаць ніткі на кардон. Прамавугольнік размяшчаецца ў даўжыню. Зняўшы нарыхтоўку з аднаго боку, адступіўшы ад краю прыкладна 3 сантыметры, завязваецца нітка — гэта будзе галава! Знізу ніткі разразаюцца, атрымліваецца пэндзлік. Пэндзлік падзяляецца на ручкі і ножкі і перавязваецца па краях. На гэтым работа скончана, застаецца зрабіць вопратку. Так, ненадакучліва, дзеці далучаюцца да свету, створанага рукамі людзей, вучацца разумець і шанаваць прыгожае. 

Каб лялька-мотанка “ажыла” і ўсіх радавала, праводзяцца гульні і заняткі, размовы і сустрэчы з духоўнымі настаўнікамі, прадстаўнікамі бібліятэкі, музычнай школы, а таксама сюрпрызныя моманты, музычныя забавы. Ладзіцца і сумесная рукатворная дзейнасць дзяцей, іх бацькоў, педагогаў. Гатовыя лялькі-мотанкі сталі вобразамі для спектакляў і пастановак, напісаных і пастаўленых творчай групай педагогаў установы. Вобразы ажываюць у беларускім народным тэатры “Батлейка” ў святах і забавах.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта педагогі, дзеці і бацькі ўдзельнічаюць у правядзенні праваслаўных свят, асветніцкіх размоў і мерапрыемстваў, якія спрыяюць паразуменню, павазе і ўзаемадапамозе ў калектыве. Вопыт работы па тэме “Стварэнне гульнявых сцэнічных вобразаў лялек-мотанак народнага тэатра “Батлейка” для духоўна-маральных і патрыятычных мерапрыемстваў з выхаванцамі” Прыгарадны яслі-сад Рэчыцкага раёна трансліраваў на VIII Тураўскіх епархіяльных адукацыйных чытаннях “1030-годдзе праваслаўя на беларускай зямлі”. 

***  

— Сучасныя дзеці жывуць і развіваюцца ў эпоху інфарматызацыі, ва ўмовах, калі ад чалавека патрабуецца не толькі валоданне ведамі, але ў першую чаргу ўменне здабываць гэтыя веды самому і аперыраваць імі, думаць самастойна і творча, — адзначае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Рэчыцкага раёна Наталля Вараб’ёва. — Якімі мы хочам бачыць сваіх выхаванцаў сёння? Вядома ж, дапытлівымі, камунікабельнымі, людзьмі, якія ўмеюць арыентавацца ў навакольным асяроддзі, творчымі асобамі. На гэта накіравана эксперыментальная і інавацыйная, даследчая і пазнавальная дзейнасць, якая рэалізуецца ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна. 

Надзея ЦЕРАХАВА.