Бег, плаванне, футбол, валейбол цікавыя не толькі вучням спартыўнага класа, але і ўсім школьнікам СШ № 3 Aшмян

- 9:00Главная, Образование

Фізкультура — прадмет, які важна асвоіць не для добрых адзнак у школе, а для доўгага жыцця, лічаць у сярэдняй школе № 3 Ашмян. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Са спортам на ты

Спорт і фізкультура суправаджаюць кожнае дзіця ўсё яго школьнае жыццё. На сус­трэчах з бацькамі з першых класаў педагогі ўстановы адукацыі абмяркоўваюць тэму “Здаровы лад жыцця — гэта важна”. Акрамя ўрокаў фізкультуры для малодшых школьнікаў, прадугледжаны факультатывы і дадатковыя заняткі па гульнявых відах спорту.

Пачынаючы з 5 класа хлопцы і дзяўчаты вучацца стральбе ў аб’яднанні па інтарэсах “Трапны стралок”. Незалежна ад узросту дзеці асвойваюць плаванне, лёгкаатлетычныя дысцыпліны, гуляюць у валейбол, баскетбол, футбол. Усе школьнікі — актыўныя ўдзельнікі спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню. Так, малодшыя дзеці з задавальненнем спаборнічаюць у конкурсе “300 талентаў для Каралевы”, “Шкаліядзе”. Школьнікі сярэдняга і старшага звяна адпраўляюцца на рэспуб­ліканскую спартакіяду па мнагаборстве, лёгкай атлетыцы, плаванні, гульнявых відах спорту і г.д. Ну і, вядома ж, ніводная субота не абыходзіцца без спартыўных мерапрыемстваў ці свят.

Часлаў Унукевіч пасля заканчэння Гро­дзенскага тэхнікума фізічнай культуры працуе ва ўстанове адукацыі настаўнікам фізкультуры больш за тры дзясяткі гадоў. Сёння ў свае 66 гадоў педагог пачынае дзень з 10-мінутнай зарадкі, праганяючы сон, і спяшаецца на ўрокі фізкультуры, га­дзіны здароўя і спорту да школьнікаў 6—11 класаў. Каля 25 гадоў настаўнік рыхтуе хлопчыкаў і дзяўчынак да спаборніц­т­ваў па летнім і зімовым мнагаборстве.

— У аб’яднанні па інтарэсах “Трапны стралок” пачатковую падрыхтоўку па стральбе ў спецыяльна абсталяваным ціры асвойваюць 15 вучняў 5—6 класаў. Таксама заняткі па стральбе наведваюць 15 навучэнцаў 9—11 класаў. Стральба ўвахо­дзіць у спаборніцтвы па летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе” і “Абаронца Айчыны”. Дзяўчынкі, дарэчы, нярэдка да­юць фору хлопцам. Наша выпускніца Алена Цярэшка ў стральбе стоячы набрала 46 балаў з 50 магчымых. Гэты яе рэкорд ніхто ў школе і раёне пакуль не пабіў, — расказвае Часлаў Аляксандравіч і дадае: — Я заўсёды любіў мяч паганяць, пастраляць, таму дадатковыя заняткі вёў па футболе і стральбе. Звычайна так бывае: што сам любіш, таму і дзяцей вучыш.

Летняе мнагаборства “Здароўе”: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы (для навучэнцаў 9—11 класаў), плаванне на 50 м, скачок у даўжыню з месца, згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы (дзяўчаты), падцягванне на высокай перакладзіне (юнакі), спрынтарскі бег на 30 м з высокага старту, бег на вынослівасць (1000 м, 2000 м, 3000 м).

Вучні Часлава Аляксандравіча ўвахо­дзяць у зборную раёна, выступаюць на раённых і абласных спаборніцтвах. Зараз яны поўным ходам рыхтуюцца да ўдзе­лу ў зімовых спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, якія ўключаюць у сябе стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванне на высокай перакладзіне — у юнакоў і адцісканне — у дзяўчат, а таксама лыжныя гонкі. У школьную каманду па мнагаборстве ўваходзяць 14 навучэнцаў з 5 па 11 клас: па адным юнаку і дзяўчыне з кожнай паралелі. Склад зімовай і летняй каманд звычайна адрозніваецца, бо хтосьці з дзяцей лепш плавае, чым рухаецца па лыжні.

Зімовае мнагаборства “Здароўе”: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы (для навучэнцаў 9—11 класаў), скачок у даўжыню з месца, згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы (дзяўчаты), падцягванне на высокай перакладзіне (юнакі), лыжная гонка (3 км, 5 км).

Выхаванцы Часлава Аляксандравіча ў розныя гады станавіліся ўдзельнікамі каманды чэмпіёнаў Гродзеншчыны. Некаторыя з юных спартсменаў пры гэтым дэманструюць добрыя вынікі ў рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры. Выпускнік мінулага года Вадзім Андрыеўскі, член абласной каманды па мнагаборстве, у раённай алімпіядзе па фізкультуры стаў першым, а на абласным этапе — трэцім.

— Кожны год знаходзяцца хлопцы і дзяўчаты, якія ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. Пасля ўрокаў яны штудзіру­юць тэарэтычныя блокі пытанняў. Ну а пад­рыхтоўка практычнай часткі мала чым адрозніваецца ад штодзённых заняткаў і трэніровак, у якія ўваходзяць рухавыя гульні, плаванне, бег, скачкі ў даўжыню з месца, падцягванне і г.д., — адзначае педагог.

Фізкультура і здароўе ўсяму галава

Не першы год функцыянуе ў школе спартыўны клас. Зараз у ім выкладае педагог з 20-гадовым стажам Віктар Багдановіч.

— Адукацыю я атрымаў завочна ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова і паралельна каля 5 гадоў працаваў у Цудзенішскай сярэдняй школе. А ў 2007 годзе ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 3 Ашмян, дзе шмат працую, дарэчы, разам з жонкай Ліліяй Яўгеньеўнай, настаўніцай гісторыі і мастацтва, — гаво­рыць педагог.

Сёння Віктар Іванавіч выкладае фізкультуру ў 5—8 класах, кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Футбол”, дзе займаюцца вучні 6—7 класаў. Яго выхаванцы ўдзельніча­юць у раённых спаборніцтвах “Скураны мяч”, першынствах раёна сярод гарадскіх школ. Ужо другі год настаўнік трэніруе 16 вучняў профільнага спартыўнага 6 “В” класа.

— Я сам раней займаўся лёгкай атлетыкай і ва ўніверсітэце на ёй спецыялізаваўся. Быў час, вёў у школе заняткі лёгкаатлетычнага клуба. Профільны спартыўны клас у нашай школе адкрыўся другі раз, хлопцы і дзяўчаты ў ім займаюцца з 5 па 9 клас. У першыя гады навучання ўдзяляецца ўвага агульнафізічнаму развіццю, школьнікі ўдасканальваюць лёгкаатлетычныя навыкі і асвойваюць бег на розныя дыстанцыі, скачкі, кіданне мяча. Лёгкая атлетыка — дастаткова цяжкі від спорту і сур’ёзная нагрузка для дзіцячага арганізма, які ўвесь час расце, таму трэба павышаць яе паступова, акуратна, каб не нанесці шкоды школьніку і не адбіць ахвоту да спорту, — дзеліцца нюансамі работы Віктар Багдановіч. — Спецыфіка вучобы ў спартыўным класе ў тым, што першыя два гады ў юных спартсменаў па 6 урокаў фізкультуры ў тыдзень і заняткі праводзяцца парай, доўжацца паўтары гадзіны. А з 7 класа ў дзяцей прадугледжана 9 урокаў у тыдзень. Для тых, хто паказ­вае добрыя вынікі і выбірае спартыўную сцежку, нагрузка павялічваецца. Мая задача як кіраўніка профільнага класа — знайсці здольнага юнага спартсмена, умацаваць яго ўсебакова і функцыянальна, развіць закладзеныя ў ім задаткі і аддаць у вышэйшае спартыўнае звяно.

У сярэдняй школе № 3 Ашмян больш за 750 школьнікаў да здаровага ладу жыцця і спорту далучаюць 4 настаўнікі фізічнай культуры і здароўя. Установа адукацыі займае ў раёне лідзіруючыя месцы ў розных спартыўных конкурсах і спаборніцтвах.

Пэўныя схільнасці да таго ці іншага лёгкаатлетычнага кірунку школьнікі звычайна праяўляюць праз год-два. Так, у 6 класе трэнер ужо ведае, хто з хлопцаў больш вынослівы і лепш бяжыць, скажам, доўгія дыстанцыі, а хто валодае спрынтарскімі якасцямі і таму асабліва добры вынік дэманструе на кароткай дыстанцыі. Зрэшты, бываюць выключэнні, і задаткі дзіцяці выяў­ляюцца вельмі хутка. Так, дарэчы, было са старэйшай дачкой педагога Вікторыяй. Яшчэ ў 2—3 класе дзяўчынка прадэманстравала добрыя вынікі ў спаборніцтве “300 талентаў для Каралевы”, у фінал якога выходзяць тры сотні самых спартыўных хлопчыкаў і дзяўчынак 7—9 гадоў з усёй краіны. Пасля 4 класа Віку запрасілі вучыцца ў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінск. Сёння яна адзінаццацікласніца, чэмпіёнка краіны па лёгкай атлетыцы на спрынтарскай дыстанцыі 400 метраў у закрытым памяшканні. У мінулым годзе дзяўчына стала асвойваць яшчэ і бар’ерны бег.

— Як матывуеце школьнікаў займацца спортам?

— Гадоў пяць назад, калі я яшчэ не працаваў у спартыўным класе, а вёў лёгкаатлетычны клуб, часта на занятках станавіўся ў строй разам са школьнікамі. Мы побач трэніраваліся, бегалі кросы. Так і павялося. Дарэчы, некалі да маіх штодзённых прабежак па вечарах прыклала руку дачка. Аднойчы, прыехаўшы з Мінска дадому на летнія канікулы пасля 5 класа, яна прапанавала пайсці пабегаць на стадыён. На трэцім крузе Вікторыя вырвалася наперад, і дагнаць яе я ўжо не змог. Пасля гэтага і стаў рэгулярна займацца бегам, падтрымліваць форму. У трохстах метрах ад школы ёсць лёгкаатлетычны стадыён. Там мы і практыкуемся з вучнямі. Дзецям заўсёды пада­баецца адчуваць агульнасць інтарэсаў з педагогам.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара