Беларусь абсалютна падтрымлівае дзеянні БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва на сусветнай арэне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што нарэшце знайшліся арганізацыі, якія рызыкнулі вызначыць крыху іншыя напрамкі дзеянняў на сусветнай арэне. “Гэта намі абсалютна падтрымліваецца, прымаецца. Гэта будзе толькі на карысць усім людзям, якія жывуць на зямлі. І імпульсы ў фінансавых, эканамічных адносінах, якія вамі зроблены апошнім часам у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, БРІКС, — гэта вельмі добрыя напрамкі”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за падтрымку беларускага боку.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што хацеў бы разгледзець на сустрэчы тры блокі пытанняў. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць праблемы ў Еўразійскім эканамічным саюзе, асабліва ў сувязі з уступленнем Кыргызстана. Паводле яго слоў, вызначалася даўно, што бакі будуць весці кансультацыі па гэтым пытанні.
Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы хацеў бы закрануць пытанні беларуска-расійскіх адносін. “Час мы перажываем няпросты, але ў поўнай меры перажываем. Мы з гэтым даўно сутыкнуліся, вы, мабыць, не ў такім аб’ёме цяпер. Таму нам трэба абмеркаваць пытанні прадаўжэння нашага рашэння саюзнага Саўміна, якім чынам нам рабіць далейшыя крокі па пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія могуць узнікнуць у найбліжэйшы час”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за магчымасць правядзення двухбаковых сустрэч з лідарамі замежных дзяржаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ён плануе сустрэцца з прэзідэнтамі чатырох краін. “Думаю, магчыма, з’явяцца яшчэ сустрэчы”, — сказаў ён.
Уладзімір Пуцін павіншаваў беларускі бок з тым, што вырашана задача павышэння статусу Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
“Гэтае пытанне можна лічыць вырашаным. Беларусь набывае статус наглядальніка ў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, роля якой расце ў сучасным свеце”, — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
“Мы ўпэўнены ў тым, што ваш уд зел у рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пойдзе на карысць як Беларусі, так і ўсім удзельнікам арганізацыі”, — адзначыў расійскі лідар.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам, саюзнікам Расіі. Ён звярнуў увагу на тое, што краіны супрацоўнічаюць па ўсіх напрамках, пачынаючы ад ваеннай сферы і заканчваючы гуманітарнай, вырашаюцца сацыяльныя пытанні ў інтарэсах грамадзян, развіваюцца кааперацыйныя сувязі як у Саюзнай дзяржаве, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі шмат сур’ёзных планаў.