Беларускае — самае смачнае

- 14:15Адукацыйная прастора, Навука і інавацыі

Нягледзячы на тое, што мама і тата Дзіяны Лазоўскай — настаўнікі, працягнуць педагагічную дынастыю яе ніхто не прымушаў.

Сёння дзяўчына займаецца навукай і працуе на кафедры тэхналогіі захавання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны інжынерна-тэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

“У 2007 годзе я паступіла на інжынерна-тэхналагічны факультэт, бо была ўпэўнена, што гэта запатрабаваны кірунак, — успамінае Д.Лазоўская. — Дзякуючы таму, што ў школе па хіміі былі выдатныя адзнакі, я добра здала ЦТ і паступіла ў свой універсітэт. Тата, калі даведаўся пра мой выбар, сказаў, што падтрымлівае мяне, бо прафесія тэхнолага запатрабаваная. Са спецыялізацыяй я вызначылася таксама хутка і выбрала перапрацоўку малака”. 

Калі вучылася на 3 курсе, Дзіяне прапанавалі застацца на кафедры, выкладаць: дзяўчына паказвала добрыя вынікі ў вучобе і цікавілася навукай.

“На пераддыпломную практыку я паехала на “Савушкін прадукт” — мегапрадпрыемства па вытворчасці малочных прадуктаў, — расказ­вае дзяўчына. — Працаваць на заводзе было цікава, і мне прапанавалі застацца там майстрам, а ў перспектыве стаць начальнікам цэха сушкі. Але мяне чакалі ва ўніверсітэце, на кафедры, таму я выбрала навуку і выкладанне. Калі паступіла ў аспірантуру, пазнаёмілася з прафесарам доктарам навук Алегам Віктаравічам Дымарам, які спецыя­лізуецца па пытаннях мясной, малочнай і халадзільнай вытворчасці. Менавіта ён прапанаваў мне цікавую тэму, якая мяне захапіла, — малозіва кароў. 

Сёння ўся вытворчасць, не толькі малочная, знаходзіцца ў пошуку сыравінных рэсурсаў павышанай харчовай і біялагічнай каштоўнасці. Асноўны трэнд — мінімальна дабавіць, але атрымаць максімальна натуральны і каштоўны прадукт. 

“Напрыклад, сёння многія прадпрыемствы імкнуцца да таго, каб пазбавіцца штучных стабілізатараў і вярнуць у прадукт крухмал — вярнуць натуральнасць, — прыводзіць прыклад малады вучоны. — Малозіва каровы — гэта сама па сабе скарбніца карысных элементаў, у ім змяшчаюцца ўсе тыя элементы, што і ў малацэ, але ў значна большай колькасці. Я да­следую магчымасць выкарыстання перапрацоўкі гэтай сыравіны, вы­пуску з яго прадуктаў. Сёння малозіва не перарабляецца. Яно па тэхнічным рэгламенце не з’яўляецца сыравінай для малочнай прамысловасці. Але калі абгрунтаваць, што малозіва можна перарабляць, у будучыні можна будзе ўкараніць яго ў вытворчасць. Гэта будзе лімітаваны прадукт для людзей, якія знаходзяцца на аднаўленчым лячэнні. Напрыклад, прадукцыю з малозіва можна назначаць пасля антыбіётыкатэрапіі. У малозіве павялічана канцэнтрацыя сываратачных бялкоў, якія адказваюць за імунітэт і фарміруюць яго”.  

Студэнты, навуковую дзейнасць якіх курыруе Дзіяна Лазоўская, распрацоўвалі крэм тварожна-ёгуртавы, пасту сметанкова-раслінную, сыр тварожны ўзбіты. 

“У мінулым навучальным го­дзе на нашым факультэце з’явіўся новы прадмет, які я выкладаю, — “Тэхналогія новых відаў прадук­таў у галіне”, — працягвае Д.Лазоўская. — Кожны студэнт у рамках курсавой работы атрымлівае тэму для вывучэння, напрыклад, “Удасканаленне тэхналогіі марожанага”. Мая студэнтка рабіла марожанае з фарбавальнікам блюкюрасао, насеннем чыа і яшчэ на этапе фрызеравання мы дабавілі ў яго мяккі тварог. Прадукт атрымаўся вельмі смачны, прывабнага блакітнага колеру. Таксама нашы студэнты распрацоўваюць шматлікія рэцэпты ёгуртаў, якія ўзбагачаюцца вітаміннымі прэміксамі. На кафедры тэхналогіі захавання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны ёсць бытавыя марожаніцы і фрызер, пры дапамозе якога ў вафельныя шкляначкі накладваецца мяккае марожанае. Мы, дарэчы, заўсёды гатуем такое на выставах па харчавой прамысловасці. Перавага нашага марожанага ў параўнанні з магазінным у тым, што мы распрацоўваем рэцэптуру без вады ці з самым мінімальным яе дабаўленнем”. 

Прыходзячы ў магазін, пакупнік, безумоўна, звяртае ўвагу на тое, з чаго выраблена прадукцыя, што ў яе дабавілі, ці ёсць штучныя дабаўкі і фарбавальнікі. Самымі строгімі экспертамі з’яўляюцца мамы, асабліва ў дачыненні да малочных прадуктаў, якія больш за ўсё лю­бяць іх дзеці. 

“Усе малочныя прадукты, што вырабляюцца ў нашай краіне, ма­юць натуральны склад, — запэў­нівае Дзіяна Сяргееўна. — Менавіта таму наша малочная прадукцыя запатрабавана нават за мяжой. У нашай краіне строга ставяцца да якасці прадуктаў, і гэта правільна: толькі дзякуючы такому падыходу можна атрымаць якасць, якой можна ганарыцца. Маё дзіця, дарэчы, вырасла на сумесі “Беллакт”. У мяне была магчымасць купляць замежныя сумесі, але я не захацела, бо ведаю: самае карыснае і смачнае тое, што вырабляюць у нашай краіне”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.