Тэматычны дзень беларускіх традыцый і культуры “Беларуская хата на святы багата” прайшоў у дзіцячым садзе № 17 “Залаты ключык” Жодзіна.
“Залаты ключык” адметны тым, што тэматычныя дні ва ўстанове дашкольнай адукацыі праводзяцца кожныя тры месяцы. Ініцыіравала і рэалізавала ідэю намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 17 Жодзіна Таццяна Хадаронак.
“Тэматычныя дні па вызначанай тэме праводзяцца ў нашым садзе ўжо трэці год, — расказвае пра ініцыятыву Т.Хадаронак. — У першую чаргу ў такіх мерапрыемствах зацікаўлены нашы выхавальнікі. Так, сёлета конкурсы праводзілі Марыя Паплёўка і Ганна Якаўлева. Мы аб’ядналі народныя беларускія і дзяржаўныя святы ў пэўныя цыклы мерапрыемстваў. Зрабілі гэта з той мэтай, каб далучыць бацькоў да ўзаемадзеяння з установай дашкольнай адукацыі. Што тычыцца тэматычнага дня “Беларуская хата на святы багата”, то яго мы прысвяцілі выключна беларускім народным святам і абрадам”.
У дзень, аб’яўлены беларускім, выхаванцы старшых груп прыйшлі ў госці да гаспадыні, якая гасцінна сустрэла іх на парозе беларускай хаты, расказала, якія стравы гатавалі гаспадыні ў мінулыя часы на святы, якія гульні і карагоды вадзілі.
“Беларуская хата — гэта наш міні-музей, які быў створаны ў садзе ў мінулым годзе, — тлумачыць Таццяна Хадаронак. — У ім знаходзяцца экспанаты, якія выкарыстоўваем падчас правядзення шматлікіх мерапрыемстваў. Гэтым разам свята праводзілі для выхаванцаў старшых груп, а дзеткі, якія наведваюць сярэднія групы, хадзілі ў музей, знаёміліся з беларускімі традыцыямі і такім чынам таксама рыхтаваліся да ўдзелу ў такой жа адукацыйнай ініцыятыве”.
Для правядзення мерапрыемстваў, дзе дэманструецца беларуская культура і традыцыі, у садзе ёсць народныя касцюмы. Іх дзеткі апранаюць, прымаючы ўдзел у такіх святах, як Купалле, Каляды, Масленіца і інш.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 2 снежня 2022 года.