З 2 па 13 ліпеня каманда Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе, якая праходзіць у г. Ціба (Японія), паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Ужо вядомы вынікі гэтых спаборніцтваў. Усе 6 удзельнікаў нашай зборнай атрымалі медалі. У скарбонцы беларусаў — 4 сярэбраныя і 2 бронзавыя ўзнагароды.
Так, сярэбраныя медалі заваявалі навучэнец 11-га класа Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мацвей Зорка, навучэнец 10-га класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Мацвей Вылягжанін, навучэнец 11-га класа Ліцэя БДУ Мікіта Шутро і навучэнец 9-га класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Міхаіл Райхман; бронзавыя — навучэнец 10-га класа гімназіі № 2 Віцебска Іван Коршунаў і навучэнец 10-га класа гімназіі № 51 Гомеля Павел Цітоў.
Кіраўнікі каманды — загадчык кафедры геаметрыі, тапалогіі і методыкі выкладання матэматыкі механіка-матэматычнага факультэта БДУ Дзмітрый Базылеў і выкладчык «Юні-Цэнтра-ХХІ» БДУ Давід Змяйкоў.
У алімпіядзе прынялі ўдзел звыш 1000 навучэнцаў з больш як 100 краін. Па выніках каманда Рэспублікі Беларусь займае 16-е месца.
Спаборніцтвы ўключалі два туры па тры задачы ў кожным. Пытанні ахоплівалі розныя галіны матэматыкі, у асноўным геаметрыю, тэорыю лікаў, алгебру і камбінаторыку.
Міжнародная матэматычная алімпіяда — штогадовы чэмпіянат свету па матэматыцы сярод школьнікаў старшых класаў. Першая была арганізавана ў 1959 г. у Румыніі з удзелам сямі краін. Ключавая ідэя — аб’яднаць маладых людзей з усяго свету, каб яны маглі рашаць задачы па матэматыцы ў духу сяброўскага спаборніцтва.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з сайта Міністэрства адукацыі