Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі.
Аляксандр Лукашэнка ўжо не раз звяртаў увагу на мілітарызацыю ўздоўж заходніх рубяжоў краіны. Нагадаем: на лістападаўскай нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў ён даручыў забяспечыць кантроль за перамяшчэннем войскаў НАТА і Польшчы — з улікам размяшчэння, у парушэнне міжнародных дамоўленасцей, у непасрэднай блізкасці да Дзяржаўнай граніцы Беларусі вялікай колькасці ваеннаслужачых, танкаў, бранятэхнікі, узмацнення авіяцыйнага складніка.
— Яны падцягнулі да нашай граніцы, прытым нахабна, не папярэдзіўшы нікога. Хоць па дагаворах яны абавязаны гэта рабіць, — заўважыў беларускі лідар. — Вы павінны іх бачыць, і ў вас павінны быць планы процідзеяння, не дай бог што. Мы не разгортваем (я такіх указанняў не даваў) сваю групоўку Узброеных Сіл. Але бачыць мы павінны. І прадбачыць усё. Каб нам не ўчынілі там на граніцы вайнушку, а мы будзем да гэтага не гатовы.
— Беларусь стала звяном у ланцугу абвастрэння ваеннай сітуацыі ў рэгіёне, — заявіў Прэзідэнт Беларусі ўчора на нарадзе ў цэнтры стратэгічнага кіравання Міністэрства абароны па пытаннях ваеннай бяспекі. — Паглядзіце на карту, ды і любы з вас уяўляе, што адбываецца вакол нашай Беларусі. Я хачу, каб прысутныя тут засвоілі адну рэч: аўтаномна, незалежна ад таго, што разгортваецца ў Чарнаморскім басейне, ад пытанняў, звязаных з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі, разглядаць сітуацыю вакол Беларусі нельга. Мы звяно ў гэтым агульным ланцугу.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што задума праціўнікаў, а дакладней, калі гаварыць адкрыта, ворагаў Беларусі да канца яшчэ не вядома. Але ўявіць яе ўжо можна:
— Аблёты вакол Калінінградскай вобласці самалётаў-разведчыкаў пачасціліся. На сумежных для Беларусі дзяржавах праводзяцца ваенныя мерапрыемствы — мы ўжо гэта бачым. Калі, як заяўляе міністр абароны Расіі, дзясяткамі самалётаў яны робяць аблёт расійскіх граніц і трэніруюць бомбакіданне (было заяўлена аб тым, што адпрацоўваюць ядзерны ўдар па Расіі), калі на сумежных тэрыторыях будуюцца ракадныя дарогі (аб чым ваенныя добра ведаюць) і масава праводзяцца вучэнні з перакідкай дадатковых войскаў да нашай граніцы (а іх ужо дзясяткі тысяч), значыць, гэта недарэмна, за гэтым нешта стаіць.
На погляд беларускага лідара, Захад прыдумаў фэйк аб планах Расіі напасці на Украіну:
— Чарговы раз нашы “партнёры”, як іх у Расіі называюць, нашы сапернікі, як я сказаў, ворагі спрабуюць “адстроіць” Расію. Таму і прыдумалі тэзіс, што Расія збіраецца нападаць на Украіну. Калі збіраецца — пакладзіце факты на стол і пацвердзіце гэты тэзіс.
Аднак прыводзіць пераканаўчыя довады ў падтрымку сваіх заяў, упэўнены Прэзідэнт, Захад не будзе. Гэта, паводле яго слоў, бачна ў адносінах да Беларусі, якую абвінавацілі ў стварэнні міграцыйнага крызісу. І таму, на думку кіраўніка дзяржавы, пачынаюцца актыўныя рухі вакол Расійскай Федэрацыі пад прыкрыццём таго, што яна “збіраецца напасці на Украіну”:
“Калі нехта хоча з намі размаўляць як з мірнымі людзьмі — калі ласка, з сённяшняга дня. Мы гатовы размаўляць. Але, калі нехта да нас з мячом прыйдзе ці са стрэльбай, у нас ёсць чым адказаць”.
— У мяне такіх звестак аб плануемым нападзенні Расіі на Украіну няма. Але калі б такія задумы былі, то беларускія ваенныя, у тым ліку я, аб гэтым ведалі б. Нас праінфармавалі б. Але я яшчэ раз гавару: факты на стол. Яны цудоўна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку ў Данбасе або недзе на граніцы з Расіяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь. Яны гэта разумеюць, таму пачалі ўзмацняць сваю паўночную, беларуска-
ўкраінскую граніцу. Хоць для гэтага ніякіх фактаў, прычын сёння няма. Там абсалютная цішыня і нават спакайней, чым было раней. Тым не менш яны выводзяць туды воінскі кантынгент і заяўляюць аб гэтым адкрыта. Гэта каля 8 тысяч на гэтым этапе.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ЗША і Вялікабрытанія пры ўдзеле Польшчы выношваюць планы разваліць Еўрапейскі саюз:
— Сітуацыя на заходняй граніцы няпростая. Вы бачыце, што гэтыя польскія нягоднікі паехалі па краінах ужо. І ўчора звярнулі ўвагу, куды Маравецкі паехаў (Прэм’ер-міністр Польшчы. — Заўвага БелТА.) — у Вялікабрытанію. Я ўпэўнены, вось пагледзіце, на працягу года-двух яны хочуць з падачы Амерыкі разваліць Еўрапейскі саюз… Амерыканцам не патрэбны партнёры, якія могуць стаць упоравень з імі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, як толькі ў ЕС увялі сваю валюту — еўра, гэта стварыла пагрозу долару і пачаліся праблемы ў еўраатлантычным блоку:
— Таму я ўпэўнены, што невыпадкова выйшла Вялікабрытанія з Еўрасаюза, бо яна нічога не знайшла ў гэтым. І цяпер стаўка робіцца на Польшчу. Яны ўжо, сёй-той, пачынаюць адкрыта заяўляць: скончацца датацыі з Еўрасаюза (мільярды долараў, еўра) — нам ЕС не патрэбны. Таму ўсё робіцца для развалу Еўрапейскага саюза.
Што да Беларусі, то наша краіна, заявіў кіраўнік дзяржавы, не бразгае зброяй, але гатова адказаць у выпадку, калі нехта прыйдзе сюды з мячом ці стрэльбай:
— Нам трэба абараніць сваю краіну. Я не драматызую падзеі, але ваенных папярэджваю: на любы магчымы іх рух (тых, хто стварае пагрозу для бяспекі Беларусі. — Заўвага БелТА.) у нас павінен быць адэкватны адказ. Вось ваша задача.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на нарадзе прысутнічаюць таксама кіраўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і іншых сілавых структур. Перад імі беларускі лідар паставіў задачу падтрымліваць гатоўнасць у любы момант зрэагаваць на пагрозу бяспецы краіны.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь хоць і не вельмі багатая краіна, але ніколі не прэтэндавала на чужыя багацці і тэрыторыі:
— Дай бог асвоіць як трэба гэтую зямлю… Калі нехта хоча з намі размаўляць як з мірнымі людзьмі — калі ласка, з сённяшняга дня. Мы гатовы размаўляць. Але, калі нехта да нас з мячом прыйдзе ці са стрэльбай, у нас ёсць чым адказаць, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.