Бесклапотнае дзяцінства —бяспечнае!

- 16:44Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Бацькоў і педагогаў заўсёды будзе хваляваць пытанне, як зрабіць дзяцінства кожнага дзіцяці бясхмарным, бесклапотным, шчаслівым? Як навучыць яго дзейнічаць правільна ў любой надзвычайнай сітуацыі?

Для адказу на гэтыя і многія іншыя пытанні кожныя тры гады аб’ядноўваюць свае намаганні педагогі, бацькі і выхаванцы Лудчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, прымаючы актыўны ўдзел у фестывалі “Бяспечнае дзяцінства”.

З поўнай упэўненасцю можна сказаць, што ўдзел у гэтым конкурсе ўжо стаў добрай традыцыяй педагогаў і дзяцей старшай групы. Першым этапам для нас быў раённы.

Свае напрацоўкі па бяспецы ў рамках раённага этапу выхавальнікі дашкольнай адукацыі, выхаванцы і бацькі прадставілі ў чатырох намінацыях: “Куток бяспекі”, “Ганарымся, што навучылі”, “Дыдактычная гульня” і “Азбука бяспекі”.

Так, у намінацыі “Дыдактычная гульня” педагог дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Валянцінаўна Задарожная прадставіла на фестываль распрацоўку дыдактычнай гульні “Скрыжаванне”, у якой дзеці вырашаюць праблемныя сітуацыі, рыхтуюцца прымяняць правілы дарожнага руху ў жыцці.

Як дзіця можа навучыцца на практыцы дзейнічаць у розных сітуацыях, якія могуць адбыцца ў жыцці? Толькі гуляючы! Таму ў рамках намінацыі “Куток бяспекі” выхавальнікі дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Л.В.Задарожная і Н.А.Аванэсава стварылі ў старшай групе тэматычны куток “Астравок бяспекі”, дзе прадставілі мноства, у тым ліку аўтарскіх, матэрыялаў па навучанні дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці. Дзякуючы кутку, дзеці могуць вучыцца правілам бяспечных паводзін падчас знаходжання ў дашкольнай установе.

У тэматычным відэароліку ў рамках намінацыі “Ганарымся, што навучылі” быў прадстаўлены сюжэт ад імя сям’і Пінчуковых. Бацькі падышлі да стварэння відэа крэатыўна: з дапамогай вершаў і стварэння гульнявых сітуацый, а таксама розных прыкладаў прымянення дачкой Ксеніяй правіл бяспечных паводзін расказалі пра тое, як яны захоўваюць бяспеку ў сябе дома.

Амплуа акцёраў прымерылі практычна ўсе выхаванцы старшай групы ў намінацыі “Азбука бяспекі”. Дзеці раскрылі свае таленты ў тэматычным выступленні — тэатралізаванай пастаноўцы “Лісічкіны імяніны”. Артысты здзіўлялі гледачоў — дзяцей малодшай і сярэдняй груп — сваім творчым падыходам і крэатывам.

Мы, педагогі, упэўнены, што, прыняўшы ўдзел ва ўсіх намінацыях фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”, падтрымалі асноўную ідэю яго правядзення — стварэнне спецыяльнага гульнявога асяроддзя, дзе дзеці з улікам індывідуальных асаблівасцей засвойваюць важныя правілы ў максімальна нязмушанай форме, вучацца правільным дзеянням у выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Наталля АВАНЭСАВА,
Людміла ЗАДАРОЖНАЯ,
выхавальнікі Лудчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.