Больш за 70 гадоў на дваіх — пра цікавы сумесны шлях у педагогіцы яркага педдуэта з Ашмянскага раёна

- 15:15Учительский дуэт

Сумесны стаж прадстаўнікоў яркага педагагічнага дуэта Марыны і Генадзія Швабовіч з Мураванаашмянкаўскай сярэдняй школы — больш за 70 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школа як лёс

Не менш чым па 35 гадоў кожны з іх далучае школьнікаў да працоўнага навучання. І робяць гэта педагогі не проста з агеньчыкам у вачах, а абапіраючыся на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі — актыўна выкарыстоўваюць уласныя электронныя распрацоўкі. Акрамя таго, настаўнікі вядуць урокі інфарматыкі (Генадзій Іванавіч) і матэматыкі (Марына Юр’еўна).

— На дваіх наш стаж у прафесіі даўно перасягнуў пенсіённую мяжу. А калі яшчэ і дзяцей дадаць ды маю маму, то ўпэўнена імкнецца да паўтары сотні гадоў, — з усмешкай адзначае Марына Юр’еўна.

Прыклад гэтага педагагічнага дуэта з разраду тых, дзе прафесія перадаецца ў спадчыну — дачка шосты год працуе настаўнікам-дэфектолагам у спецыяльным дзіцячым садзе № 81 Гродна.

У свой час, натхніўшыся прыкладам мамы, прыйшла ў прафесію і Марына Юр’еўна. Дарэчы, педагагічнаму таленту і творчай шматграннасці яе мамы — настаўніцы пачатковых класаў і народнага майстра Ганны Раманаўны Ціхаміравай — у Мураванаашмянкаўскай школе быў прысвечаны спачатку музейны пакой (пачаў дзейнічаць з 2003 года), які з 2020 года ператварыўся ў музей дзіцячай цацкі. Тут больш за дзве сотні цацак ручной работы. Кожная выканана з любоўю да дзяцей і мае свае адметнасці.

— Школа для нас — частка сямейнага летапісу. Таму і любоў да прадметаў, якія выкладаем, стараемся перадаваць амаль з бацькоўскай цеплынёй. Імкнёмся даць дзецям максімум, сапраўды захапіць і зацікавіць, а для гэтага працягваем развівацца ў прафесіі, адкрываючы ўсё новыя грані майстэрства. Добра знаёмы з магчымасцямі штучнага інтэлекту. З яго дапамогай нярэдка рыхтуем рабочыя лісты і індывідуальныя карткі да ўрокаў, — далучаецца Гена­дзій Іванавіч.

У розныя гады педагог станавіўся фіналістам, прызёрам і пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. На працягу многіх гадоў з’яўляецца старшынёй журы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Акрамя таго, Генадзій Іванавіч — аўтар і складальнік вучэбных курсаў па прадмеце “Працоўнае навучанне” для электронна-адукацыйнага рэсурсу е-vedy.adu.by, які размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. Актыўна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі вобласці на пляцоўцы ГрАІРА і ганарыцца ўласнымі распрацоўкамі — электроннымі сродкамі навучання (ЭСН) па прадметах “Працоўнае навучанне” і “Чарчэнне”, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

— Яны могуць быць карысныя ўсім настаўнікам працоўнага навучання. Па сутнасці, з’яўляюцца скарбонкай метадычнага вопыту з трэнажорамі і мультымедыярэсурсамі, якія дапамагаюць візуалізаваць матэрыял розных тэм. У распрацоўцы ЭСН вельмі дапамагло захапленне камп’ютарным 3D-мадэляваннем. Звяртаючыся да пэўных праграм, стварыў відэафрагменты, дзе крок за крокам тлумачыцца, з якіх элементаў складаецца пэўны інструмент ці абсталяванне. Чым яшчэ такія распрацоўкі мо­гуць быць карысныя падчас урока? Вывучаем, напрыклад, пэўны спосаб злучэння драўніны — тэматычны 3D-відэафрагмент дапаможа школьнікам убачыць узорныя варыянты, — дзеліцца Генадзій Іванавіч.

У сваім захапленні 3D-мадэляваннем педагог пайшоў значна далей за падрыхтоўку да школьных заняткаў. Не без дапамогі Марыны Юр’еўны ён стварыў 3D-ма­дэлі дзесяці даўно зруйнаваных на тэрыторыі Беларусі замкаў часоў ВКЛ. Рабіў гэта згодна з апісаннямі ў літаратуры. Такі арыгінальны дыдактычны матэрыял часта становіцца пунктам дадатковай цікавасці школьнікаў падчас яго ўрокаў чарчэння ў 10 класе.

Дырэктарства па чарзе

— У нас вельмі размытыя межы паняццяў дому і працы, — з усмешкай працягвае Марына Юр’еўна. — Але ёсць агульнае правіла: як толькі адзін сядае за камп’ютар працаваць, другі займаецца хатнімі справамі. Так і ­ідзём па жыцці разам і поруч з педагогікай.

З Мураванаашмянкаўскай сярэдняй школай іх звязвае штосьці большае, чым проста гады працоўнага стажу. Тут вучыліся двое іх дзяцей. Гэтую ж школу скончыў і сам Генадзій Іванавіч. Разам з Марынай Юр’еўнай пачынаў працаваць у Цудзенішскай школе, а ў родную ўстанову адукацыі праз восем гадоў вярнуўся ўжо ў якасці кіраўніка.

— Тут мы таксама заўсёды побач. Калі ў 1999 годзе мне прапанавалі ўзначаліць сельсавет, дырэктарскія паўнамоцтвы перадаў жонцы, — успамінае Генадзій Швабовіч.

Вядома, гэта было рашэнне кіраўніцтва сістэмы адукацыі раёна. І аказаны давер Марына Юр’еўна падмацоўвала і словам, і справай на працягу 13 гадоў. Але Генадзій Іванавіч не змог доўгі час заставацца ў баку ад педагогікі. Прызнаецца, што, праходзячы міма школы, заўсёды затрымліваў на ёй погляд, таму на сямейным савеце было вырашана: трэба вяртацца да вучэбных планаў і заняткаў са школь-
нікамі.

Шмат у чым дзякуючы менавіта педагагічнай актыўнасці прадстаўнікоў гэтага настаўніцкага дуэта на базе невялікай школы Ашмянскага раёна трэці год дзейнічае абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык “Электронныя сродкі навучання: стварэнне і прымяненне на ўроках працоўнага навучання”.

Многія карысныя распрацоўкі настаўнікаў даўно ў агульным доступе для ўсёй педагагічнай грамадскасці краіны. Не без гордасці Генадзій Іванавіч адзначае, што, паводле статыстыкі, праглядаюць матэрыялы карыстальнікі інтэрнэту не толькі з Беларусі і Расіі, але і з далёкага замежжа.

Свой вопыт Марына і Гена­дзій Швабовіч актыўна прэзентуюць не толькі анлайн. Актыўныя і жыццярадасныя прадстаўнікі педдуэта не першы год з’яўляюцца кіраўнікамі метадычных аб’яднанняў настаўнікаў працоўнага навучання раёна.

І сіл, і ідэй хапае

— У гэтым годзе стала пенсіянеркай, — дзеліцца Марына Юр’еўна. — Але псіхалагічна такі статус пакуль не прымаю. Нават нягледзячы на тое, што я заўсёды ў дзеянні па-за межамі настаўніцкіх спраў. З нядаўняга часу ўзначальваю ветэранскую арганізацыю педагогаў раёна. З’яўляюся старшынёй пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” ва ўстанове, дэпутатам сельскага Савета і старшынёй пярвічкі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Сіл і ідэй пакуль хапае на ўсё. І нават у такім рытме не магу ўявіць сябе без школы. Без утульнага кабінета і пастаяннай падрыхтоўкі да заняткаў.

А яны ў выкананні захопленага педагога заўсёды трапляюць у сэрца дзяцей. Да южнага ўрока працоўнага навучання Марына Юр’еўна падбірае актуальныя афарызмы і проста мудрыя думкі і пачынае дыялог з дзяўчынкамі з цікавых разважанняў пра важнае.

Асваенне ж вучэбнага плана нязменна будуе на сучасных і актуальных тэхналогіях:

— Тэму сервіроўкі стала асвойваем з маімі вучаніцамі ў тым ліку з дапамогай дадатку-гульні, які распрацаваў Генадзій Іванавіч. З цікавасцю дзяўчынкі на віртуальнай пляцоўцы расстаўляюць сталовыя прыборы і выбіраюць прыдатны абрус. У такім жа фармаце яны знаёмяцца са стылямі ў адзенні: па заданні праграмы выбіраюць убор для гераіні, напрыклад, у класічным стылі. Па аналогіі пры дапамозе камп’ютара і мышкі наво­дзяць парадак у віртуальным пакоі выдуманага героя і пры гэтым прагаворваюць паслядоўнасць сваіх дзеянняў. Такія распрацоўкі сабраны і структураваны ў мяне практычна па ўсіх тэмах. Яны на кожных занятках дапамага­юць праз гульню забяспе­чыць максімальную ўключанасць дзяцей.

Зразумела, шыць і вязаць яе выхаванкі вучацца без віртуальных памочнікаў. А зыходным пунктам для сумеснай творчасці вучаніц і педагога нярэдка становіцца чарговы візіт у школьны музей. Пра яго экспазіцыю Марына Юр’еўна гаворыць з асаблівай цеплынёй па ўжо вядомай чытачу прычыне — абсалютная боль­шасць экспанатаў тут створана рукамі яе маці.

Нельга не адзначыць яшчэ ­адзін факт: у кабінетах абаіх прадстаўнікоў педдуэта ідэальны парадак. Для кожнага прадмета тут вызначана сваё месца. Для школьнікаў з Мураванаашмянкаўскай школы гэта яшчэ адзін важны ўрок.

— Парадак у жыцці вызначае парадак у думках, — дзеліцца меркаваннем Генадзій Іванавіч. А жонка дадае, што ў 2022 годзе іх кабінеты працоўнага навучання былі адзначаны як лепшыя ў вобласці.

На пару яны ганарацца многімі дасягненнямі ў педагогіцы. Генадзій Швабовіч можа пахваліцца статусам выдатніка адукацыі. Але з гордасцю гаворыць пра гэта менавіта Марына Юр’еўна.

— І ўсё ж самая вялікая наша ўзнагарода ў жыцці — гэта дзеці. Дачка Дар’я, згодна з сямейнай традыцыяй, стала педагогам. Яна скончыла Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы з адзнакай, была стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, удзельніцай круглага стала — сустрэчы з кіраўніком краіны ў 2018 годзе на базе ГрДУ, фіналісткай рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. У 2019 годзе наша Даша пачала свой шлях у прафесіі, а ў 2022-м яе імя было занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гро­дзенскай вобласці, — з асаблівай інтанацыяй падагульняе размову Генадзій Іванавіч.

Гісторыя іх дуэта працягваецца ў педагогіцы — цяпер яна пішацца не толькі іх дасягненнямі і поспехамі.

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара