У навучэнцаў Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна ёсць унікальная магчымасць азнаёміцца з аграрнымі прафесіямі.
Паспрабаваць сябе ў ролі механізатара, даведацца пра сакрэты працы агранома, заатэхніка, ветэрынара старшакласнікі могуць на занятках профільных класаў аграрнай накіраванасці.
— Кожная ўстанова адукацыі імкнецца стварыць і падтрымліваць свой імідж, індывідуальны стыль, заняць нішу ў высокаканкурэнтнай адукацыйнай прасторы рэгіёна, краіны. Рухаючыся па зададзеным трэндзе, 1 верасня 2018 года мы з калегамі і арганізавалі ў школе аграклас. Было ўжо тры яго выпускі, — дзеліцца выкладчык курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” Аляксандр Анатольевіч Гарны.
Сваю місію настаўнік-метадыст бачыць у тым, каб у аграрную сферу прыйшла адукаваная, таленавітая, практыка-арыентаваная моладзь, якая разумее перспектыўнасць аграрнай адукацыі і прафесій гэтай сферы. Са сваёй місіяй Аляксандр Анатольевіч спраўляецца выдатна, што падкрэсліваюць, напрыклад, словы выпускніка Валерыя Мядзведзева: “Вучоба ў агракласе дапамагла мне пазбавіцца стэрэатыпа, што сельская гаспадарка — гэта цяжкая ручная праца з выкарыстаннем састарэлых тэхналогій”.
Сапраўды, за акном ХХІ стагоддзе. І камп’ютарныя тэхналогіі ўкараняюцца не толькі ў ІТ-сферу. Дарэчы, можна паспрачацца наконт таго, якая сфера больш перспектыўная і актуальная: ІТ або сельская гаспадарка. Колькі будзе існаваць чалавецтва, столькі ж будзе існаваць і яго патрэба ў якаснай, экалагічна чыстай ежы. А вось тут без спецыялістаў аграрнай сферы не абысціся.
Гэта цудоўна разумеюць варапаеўскія навучэнцы. Таму і паступаюць у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Чытайце матэрыял Ігара Грэчкі ў нумары ад 27 студзеня 2023 года.