Гімназісты рыхтуюцца да выбару будучай прафесіі ўжо сёння. Як наладжана прафарыентацыйная работа ў гімназіі Калінкавіч, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Анатомія выбару
У гімназіі немагчыма прайсці міма каманды з 14 дзяўчынак і 1 юнака ў белых халатах — навучэнцаў профільнага класа медыцынскай накіраванасці. Дарэчы, у большасці з іх бацькі і іншыя сваякі — медработнікі. Відаць, любоў да высакароднай прафесіі ім перадалася ў спадчыну…
Будучыя медыкі з упэўненасцю расказваюць пра факультатыўныя заняткі і таленавітых педагогаў гімназіі, а яшчэ пра тое, як на адзін дзень сталі навучэнцамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Вучаніца 10 класа Соф’я Пунтус плануе паступаць у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і марыць стаць урачом-псіхатэрапеўтам, урачом-псіхіятрам:
— Лічу, што менавіта прафесія ў сферы аховы псіхічнага здароўя мне блізкая. Заўсёды было цікава разумець, як чалавек думае і чаму здзяйсняе тыя ці іншыя дзеянні. На практыцы вывучыла асновы па аказанні першай дапамогі: зараз ведаю, як выратаваць таго, хто падавіўся, як запусціць сэрца, — гэта базавыя веды, валодаць імі трэба кожнаму.
Таксама навучэнцы наведалі Калінкавіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральную раённую бальніцу. Самым яркім уражаннем стала назіранне за работай выязной брыгады хуткай дапамогі.
Гімназістам даюць магчымасць адчуць сябе будучым урачом на факультатыўных занятках “Уводзіны ў медыцынскую прафесію”. Акрамя таго, педагогі вялікую ўвагу ўдзяляюць падрыхтоўцы да паступлення, да вуснага іспыту. Да ЦТ, ЦЭ рыхтуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы: настаўніцы хіміі Вера Жукевіч, біялогіі Настасся Уласік, рускай мовы і літаратуры Аксана Канапелька і Святлана Бруйло.
Усмешлівы хлопец Іван Хутлікаў таксама будучыня медыцыны: яго дзядуля — урач-тэрапеўт, тата — галоўны ўрач Калінкавіцкай ЦРБ, маці — загадчыца аддзялення гіпербарычнай аксігенацыі ЦРБ, сястра — студэнтка першага курса лячэбнага факультэта Віцебскага медуніверсітэта.
І дзесяцікласніца Настасся Нікіфарава бачыць сябе ў медыцыне. Дзяўчына адзначыла, што зацікавілася прафесіяй дзякуючы маці-медсястры, якая 30 гадоў прысвяціла рабоце ў кардыялагічным аддзяленні ЦРБ. Навучэнка неаднаразова станавілася пераможцай раённай прадметнай алімпіяды па біялогіі.
— З дзяцінства мяне захапляла медыцына: разглядала кнігі па анатоміі, слухала гісторыі з практыкі, якія расказвала мама. І менавіта тады ўпершыню зразумела, што хачу прысвяціць сваё жыццё дапамозе людзям, — без сумнення сказала Настасся. — Даведалася пра біяінжынерыю і біяінфарматыку — гэтыя галіны мне спадабаліся куды больш. Буду працаваць у лабараторыі, распрацоўваць новыя метады лячэння, дыягнастычныя інструменты і біятэхналагічныя прадукты.
Не чакаць, а ствараць
— Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя Беларусі гімназія заключыла дагаворы з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, Мазырскім дзяржаўным медыцынскім каледжам, Калінкавіцкай ЦРБ, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Валянціна Жукава. — Дзяржаўная палітыка ў плане прафілізацыі навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі вельмі важная, дазваляе дзецям зрабіць правільны выбар у будучыні. Тое, што на ўзроўні Міністэрства адукацыі ўводзяцца праграмы па функцыянаванні класаў педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, спартыўнай і спартыўна-педагагічнай, аграрнай, інжынернай, а зараз і медыцынскай накіраванасці, — своечасова і неабходна. У навучэнцаў ёсць магчымасць дакрануцца да будучай прафесіі. Старшакласнікі ў рамках факультатыўных заняткаў наведваюць прадпрыемствы, установы па напрамках свайго навучання. Прафарыентацыйную работу ў гімназіі пачынаем з 5 класа. Запрашаем бацькоў, якія працуюць на розных прадпрыемствах горада, у арганізацыях і ўстановах. Кожны з іх з захапленнем расказвае пра спецыфіку сваёй дзейнасці. Профільная адукацыя — гэта дадатковая падрыхтоўка, якая дае больш высокі ўзровень навучання. Пры паступленні ва УВА вучні з профільных класаў у больш выйгрышнай пазіцыі: яны падрыхтаваны да таго, што давядзецца шмат і якасна вучыцца, каб дабіцца жаданага выніку.
З юрыдычнага пункту гледжання
Цяперашнім школьнікам не трэба глядзець тэматычныя фільмы і серыялы, каб бліжэй азнаёміцца з работай следчага. Профільныя класы на выдатна спраўляюцца з гэтай задачай.
Будні будучых юрыстаў — самы цікавы, пазнавальны і яркі перыяд у жыцці гімназістаў. Дарэчы, першая профільная група была адкрыта ў 2022 годзе. У ходзе навучання ўдзельнікі азнаёміліся з усімі напрамкамі дзейнасці сістэмы юстыцыі.
— Гімназісты з экскурсіямі аб’ездзілі ўсю рэспубліку, — завастрыла ўвагу дырэктар. — Дзеці наведалі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, пазнаёміліся з начальнікам галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Беларусі Сяргеем Нікелем. Старшакласнікі наведалі ўсе структурныя падраздзяленні, якія адносяцца да юрыдычных напрамкаў работы: адвакатуру, натарыят, ЗАГС, суд, архівы, пракуратуру, СІЗА, калонію № 20 у Гомелі, галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. Таксама ў гімназіі праходзілі сустрэчы з начальнікам упраўлення прымусовага выканання аблвыканкама — галоўным судовым выканаўцам па Гомельскай вобласці Дзмітрыем Кухаравым. На чале з начальнікам аддзела прымусовага выканання Калінкавіцкага раёна Андрэем Худзяковым праводзілі факультатыўныя заняткі “Асновы прававых ведаў”. На практыцы разглядалі, як у жыцці варта вырашаць тую ці іншую сітуацыю з юрыдычнага пункту гледжання. Першыя вынікі прафнавучання вельмі ўражваюць: з 13 выпускнікоў групы 8 мэтанакіравана паступілі, звязаўшы сваё далейшае жыццё з прафесіямі будучых праваахоўнікаў.
У дзень візіту ў гімназію ўдалося пазнаёміцца з тымі, хто, дзякуючы прафарыентацыйнай дзейнасці, стаў студэнтам юрыдычных факультэтаў УВА. Так, выпускніца гімназіі студэнтка першага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы спецыяльнасці “Міжнароднае права” Валерыя Каваленка сказала, што навучанне ў профільным класе стала добрым трамплінам у падрыхтоўцы да паступлення, дазволіла азнаёміцца з работай супрацоўнікаў розных падраздзяленняў.
У студэнткі-першакурсніцы юрыдычнага факультэта Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО” Дзіяны Чарняк не было сумненняў, куды паступаць.
— Старэйшая сястра вучылася на пракурора ў “МИТСО”, яе прыклад мяне натхніў. Кожны месяц у нашым класе быў насычаны сустрэчамі, экскурсіямі ў розныя структуры і падраздзяленні, — падсумавала Дзіяна.
Па словах дырэктара, зараз у профільных класах вучыцца 35 чалавек, гэта навучэнцы 10 і 11 класаў. Яны актыўна бяруць удзел у розных інтэлектуальных конкурсах, прававых турнірах.
Унікаючы ў тонкасці і нюансы юрыспрудэнцыі, навучэнцы гімназіі праводзяць заняткі па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.
— Прадстаўнікі профільнага класа расказваюць маленькім наведвальнікам дзіцячага сада, якія ёсць правы і абавязкі ў грамадзян Беларусі, — адзначыла кіраўнік гімназіі. — На адным з такіх мерапрыемстваў вучні ўручылі дамавіку Кузю “пасведчанне аб нараджэнні”. Так наглядна растлумачылі дашкалятам, што кожны мае права на імя. Праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы і для першакласнікаў, у даступнай форме дзецям расказваюць пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Прафарыентацыйныя сустрэчы, шматлікія экскурсіі дапамагаюць моладзі лепш зразумець прафесію юрыста.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара