Бясплатная вучоба без абавязковага размеркавання

- 12:36Выбар прафесіі

У Міжнародным універсітэце “МІТСО” стане больш студэнтаў, якія будуць вучыцца бясплатна. У новым навучальным годзе такіх месцаў будзе 110, прычым размеркаваны яны будуць не толькі на ўніверсітэт у Мінску, але і на філіялы ў Віцебску і Гомелі.

“Ужо трэці год запар мы ўводзім бясплатныя месцы для самых паспяховых абітурыентаў, якія паступаюць на дзённую форму атрымання адукацыі”, — расказаў першы прарэктар Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Генадзь Падгорны.
У першы год былі ўведзены 15 месцаў з правам бясплатнага навучання па спецыяльнасці “Міжнароднае права”. Такі эксперымент апраўдаў сябе, таму ў 2014/2015 навучальным годзе бясплатных месцаў было выдзелена 80, прычым размяркоўваліся яны ўжо на ўсе спецыяльнасці. Для абітурыентаў 2015 года шанс вучыцца бясплатна павялічваецца. Прынята рашэнне, што колькасць такіх месцаў складзе 110. Размеркаваны яны будуць наступным чынам: 80 у Мінску і па 15 у Гомельскім і Віцебскім філіялах.
Разлічваць на бясплатныя месцы змогуць абітурыенты, якія па суме ЦТ і сярэдняга бала атэстата набяруць не менш за 250 балаў. Дакументы для ўдзелу ў конкурсе будуць прымацца да 2 жніўня.
“Гэта не бюджэтныя месцы, таму абавязковага размеркавання пасля заканчэння вучобы не прадугледжваецца, — патлумачыў Генадзь Падгорны. — Права на бясплатнае навучанне даецца толькі на год, далей яго трэба пацвярджаць. Калі паспяховасць студэнта-бясплатніка па нейкіх прычынах зніжаецца, то права бясплатна вучыцца пераходзіць да іншага студэнта, які дэманструе больш высокі ўзровень ведаў”.
Захаваць за сабой бясплатнае месца ўдаецца не ўсім. Так, з першых 15 студэнтаў, якім была прадастаўлена магчымасць вучыцца бясплатна (сёлета яны заканчваюць другі курс), толькі 7 па выніках леташніх сесій пацвердзілі сваё права вучыцца за кошт універсітэта. Астатнія 8 студэнтаў уступілі гэтае права іншым студэнтам, якія паказалі лепшыя вучэбныя вынікі. Праўда, у іх яшчэ ёсць магчымасць вярнуць сабе бясплатнае месца на трэцім курсе: многае залежыць ад сёлетняй летняй сесіі, якая яшчэ не скончылася. Па гэтай жа прычыне рана гаварыць і пра пераразмеркаванне бясплатных месцаў сярод студэнтаў, якія заканчваюць першы курс.
“На наш погляд, гэта пазітыўная практыка, паколькі ствараецца здаровая канкурэнцыя і павышаецца вучэбная матывацыя. А гэта з’яўляецца перадумовай атрымання якасных ведаў”, — патлумачыў такі падыход першы прарэктар “МІТСО” Генадзь Падгорны.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.