Што рабіць са старымі джынсамі? Выкінуць? Разрэзаць на анучы? Людміла Казлова з Бешанковіч стварае арыгінальныя рэчы, ад якіх у захапленні не толькі жанчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Даступна і зручна
Для гэтай справы патрэбна крыху вольнага часу, фантазіі і, самае галоўнае, жадання! У нашай гераіні, якая працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Бешанковіч імя Героя Савецкага Саюза М.М.Ткачэнкі, знаходзіцца і першае, у неабмежаванай колькасці ёсць другое, а жадання — хоць адбаўляй. І, вядома ж, натхненне, куды без яго.

— Цяпер працую над дызайнам дамашняй кухні. Хачу аформіць яе ў джынсавым стылі. Такія ж планы і адносна веранды. Але тут трэба добра падумаць, прааналізаваць кожную дэталь інтэр’ера, каб усё было стыльна, стрымана, без перабору і стракатасці, як мне падабаецца, — дзеліцца Людміла Пятроўна.
Першыя джынсавыя рэчы на кухні ўжо ёсць — гэта падушкі. Педагог пашыла іх для сябе, для родных і для гасцей. А яшчэ асобныя для катоў. Іх дамашнія гадаванцы аблюбавалі адразу ж — і спяць на падушках, і цяруцца аб іх, і кіпцюры точаць. Адным словам, за месяц джынсавая тканіна сцёрлася амаль да дзірак.
Але гэты выпадак — выключэнне, бо джынсавую тканіну Людміла Казлова за тое і любіць, што яна трывалая, а яшчэ даступная, зручная ў рабоце. Нават калі джынсы добрай фірмы насіліся некалькі гадоў, то зробленыя з іх рэчы (напрыклад, тыя ж падушкі) праслужаць як мінімум столькі ж, сцвярджае суразмоўніца.
Уся справа ў коціках
Што тычыцца катоў, то ў доме Людмілы Пятроўны жывуць не толькі жывыя чатырохногія сябры, але і тканевыя. Некалькі такіх мілых джынсавых коцікаў яна прынесла на сустрэчу з карэспандэнтам “Настаўніцкай”.
— Убачыла падобных у інтэрнэце і не змагла стрымацца. У той жа вечар пачала шыць першага, а праз некалькі дзён узялася за другога. Праўда, унесла пэўныя карэкціроўкі — выраз пысачкі, усмешку, нахіл галавы зрабіла па-свойму. Здаецца, нядрэнна атрымалася, — падзялілася педагог.

Нядрэнна — не тое слова. Цудоўна! Прыгожа! Міла! З густам! Ад душы! Думаю, гэтых эпітэтаў дастаткова, каб збольшага ахарактарызаваць створаныя творчымі рукамі Людмілы Пятроўны рэчы. Цяпер педагог працуе над пятым коцікам. І хутка ў яе доме будзе ўжо сем гадаванцаў — два пухнатыя і пяць тканевых.
Гледзячы на гэтыя мілыя джынсавыя стварэнні, разумееш, чаму на працягу нашай размовы педагог дарыла толькі добры настрой і шчырую ўсмешку. Адна з прычын — гэта, безумоўна, коцікі. Калі кожны дзень любуешся іх чароўнымі, пазітыўнымі вобразамі, то проста не можаш не быць такім жа пазітыўным.
Для любога вобраза
Ад тканевых коцікаў Людміла Пятроўна ў захапленні, але больш за ўсё ёй падабаюцца джынсавыя брошкі. Якіх толькі няма ў калекцыі — ад простых аднатонных да больш складаных з карункавай тканінай і рознакаляровымі кропелькамі бісеру. Усе яны элегантныя, стыльныя, цудоўна дапоўняць любы жаночы вобраз.
— Вось гэтую простую, падобную на ружу, я апранула б толькі на сарафан. А гэтую брошку, упрыгожаную карункавай тканінай і бісерам, — пад джынсавы касцюм, — дзеліцца суразмоўніца.

Цяпер у адзенні ёй падабаецца стыль боха — з этнічнымі матывамі, элементамі раскошы, рознымі аксесуарамі, самымі галоўнымі з якіх, безумоўна, з’яўляюцца брошкі. Толькі год стварае іх Людміла Пятроўна, але паспела ўжо адарыць многіх людзей. Багатая калекцыя захоўваецца і дома.
— Простую брошку магу зрабіць за гадзіну, але перад гэтым абавязкова запасаюся нарыхтоўкамі — наразаю джынсавую тканіну і абмазваю клеем ПВА. Калі клей высыхае, кавалачкі прасую. Джынсавая тканіна тады становіцца асабліва цвёрдай. Нават калі яе рэзаць, то краі не асыпаюцца. З яе можна рабіць сапраўдныя шэдэўры. Галоўнае, каб быў час. Зіма для гэтага — ідэальная пара года, — дзеліцца педагог.
З першага погляду
Яшчэ важна, каб не было недахопу з матэрыялам. Тут у маёй суразмоўніцы праблем ніколі не ўзнікае. У яе доме заўсёды стаіць некалькі пакетаў з джынсавай тканінай. Калегі, сяброўкі і проста знаёмыя рэгулярна прыносяць старое адзенне. Сапраўды, не на анучы ж яго пускаць, калі можна аддаць Людміле Пятроўне, а яна зробіць з непатрэбнага карыснае, прыгожае.
Любоў да джынсавага адзення ў яе са школьных гадоў. І гэта была любоў з першага погляду. 1985 год, у краіне дэфіцыт на джынсавыя рэчы. І тут бацькі набываюць дачцэ 10-класніцы джынсы фірмы Golden Star. Не цяжка ўявіць, у якім дзяўчына была захапленні.
— У той час у Бешанковічах працаваў нарыхтоўчы магазін. Калі ты здаваў у вялікай колькасці ягады, грыбы, макулатуру, то табе прывозілі дэфіцытныя рэчы, — тлумачыць педагог. — На жаль, у маіх першых джынсаў быў сумны лёс. Ужо студэнткай Віцебскага педінстытута паехала працаваць у калгас. Аднойчы пасцірала іх, павесіла сушыцца, а раніцай не знайшла — хтосьці скраў. Так было крыўдна, нават плакала.
Адорваць прыгажосцю
Хоць насіць джынсы Людміла Казлова пачала яшчэ ў юнацтве, аднак стварэннем вырабаў з блакітнай тканіны захапілася нядаўна, усяго тры гады назад. Пра яе хобі ведае ўжо не толькі гарадскі пасёлак, дзе жанчына рэгулярна выстаўляецца на свяце “Бешанковіцкі раёк”, але і калегі з вобласці. Другі год запар яна ездзіць у Віцебск на выставу ў рамках Тыдня прадпрымальніцтва. Брошкамі, падушкамі, сумкамі, лялькамі падзялілася з многімі, стварае таксама арыгінальныя пано. У планах пачаць работу над карцінамі ў джынсавым стылі.
— У наш час ёсць усё — матэрыялы, інструменты, розныя прыстасаванні. Калі б у гады маёй маладосці была такая разнастайнасць, я, здаецца, скакала б ад шчасця. (Усміхаецца.) Цяпер жа трэба толькі жаданне і час, — адзначыла педагог.
Нягледзячы на адказную пасаду і шчыльны графік, Людміла Пятроўна стараецца знаходзіць на хобі гадзінку-другую, ёсць у яе і вялікае жаданне ствараць прыгажосць. І не проста ствараць, а адорваць ёй іншых.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





