Чаго ўдалося дасягнуць гімназіі № 1 Астраўца, расказвае яе кіраўнік Жанна Янцэвіч

- 12:18Интервью

Выніковасць, стабільнасць, поспех — гэтымі трыма словамі характарызуе вынікі бягучага навучальнага года Жанна Янцэвіч, дырэктар гімназіі № 1 Астраўца. Жанна Леанардаўна кіруе гэтай установай адукацыі першы год, таму разам з сёлетнімі выпускнікамі яна трымае своеасаблівы экзамен. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Больш за 10 гадоў я працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна, — пачынае Жанна Янцэвіч. — А зараз зоркі сышліся для мяне такім чынам, што давялося змяніць прывычнае жыццё. Прызнаюся: было складана на гэта адважыцца, выйсці, што называецца, з зоны камфорту. Адважылася — і не шкадую. Вялікі плюс новай пасады для мяне яшчэ і ў тым, што я жыву якраз праз дарогу ад гімназіі. Яшчэ адзін плюс — на 80 працэнтаў знаёмы мне педагагічны калектыў. Калісьці мы разам з цяперашнімі калегамі пачыналі працаваць у тагачаснай сярэдняй школе № 2 (зараз наша гімназія).

Атамклас і не толькі

— Якія задачы перад сабой ставілі ў пачатку навучальнага года як новы дырэктар гімназіі?

— Калектыў маёй Гудагайскай сярэдняй школы і калектыў гімназіі № 1 Астаўца — дзве вялікія розніцы: па колькасці супрацоў­нікаў і выніковасці работы. У гімназіі працуе шмат заслужаных настаўнікаў з велізарным вопытам, патрабаванні якіх неабходна ўлічваць. Ведаю, што педагогі спачатку прыглядаліся да мяне. Я ўнікала ў працэс і адзначала моцныя і слабыя бакі педагагічнага калектыву: пры ўсім добрым ёсць у гімназіі напрамкі, над якімі варта працаваць.

— Вынікаў дасягнулі?

Першым вынікам гэтага на­вучальнага года лічу падрыхтоў­ку да адкрыцця на базе гімназіі атамкласа. Гэта цікавая ініцыятыва дзяржаўнай карпарацыі “Рас­атам” і, можна сказаць, глабальны праект. Наш атамклас будзе другім у краіне, прычым з найноўшым аснашчэннем. Выдзяляем пад гэты праект цэлае крыло будынка, дзе размесцяцца вучэбныя кабінеты, міні-канферэнц-зала і метадычны кабінет. Работа над стварэннем атамкласа ідзе, нядаўна прыязджалі спецыялісты “Расатама”, удакладнялі каштарыс, бо сума дзяржаўнай карпарацыяй выдзяляецца вельмі значная. Абавязкова запросім журналістаў “Настаўніцкай газеты” на адкрыццё атамкласа.

Атамклас — гэта не проста клас з паглыбленым вывучэннем хіміі і фізікі, гэта праект для ўсёй гімназіі, пачынаючы з пачатковай школы. Такі клас будзе праца­ваць па сваёй праграме і сваім плане работы на год. Напрыканцы года атамклас будзе ўдзельнічаць у рэйтынгу такіх жа класаў.

Другі вынік года — рэалізацыя праекта для цэнтра бяспекі нашай гімназіі. Мы зрабілі там значныя абнаўленні, напрыклад, заканчваем уладкаванне новай лакацыі “Тэрыторыя бяспекі ў горадзе”.

Трэці вынік — абнаўленне кантрольна-прапускной сістэмы гімназіі з дапамогай Беларусбанка. Новы навучальны год гімна­зісты сустрэнуць ужо з абноўленай сістэмай.

Яшчэ адзін вынік года — актыўнае развіццё праекта “Астравец — здаровы горад”. Гімназія з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па здароўезберажэнні. Нядаўна прадстаўнікі нашага рэсурснага цэнтра былі на рэспубліканскім семінары па гэтай тэме ў Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна.

Работа на вынік

— Ці ўдалося вам за першы год стаць адзінай камандай з новым педагагічным калектывам?

— Лічу, што так. Вельмі дапамагае, што мы ведалі адно аднаго да майго назначэння на пасаду дырэктара. Каманда зладжана працуе на вынік. Выдатна ў бягучым навучальным годзе спрацаваў вучэбна-метадычны блок гімназіі — тры педагогі гімназіі павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю да вышэйшай. Гэта настаўніцы пачатковых класаў Кацярына Юр’еўна Урбановіч і Марына Віктараўна Бернюкевіч, а таксама настаўніца матэматыкі Жанна Стэфанаўна Ступенка. У наступным годзе павысіць кваліфікацыйную катэгорыю ў нас плануюць яшчэ два педагогі.

— Якія ў вас думкі наконт сёлетніх выпускнікоў гімназіі?

— 11 клас сёлета скончылі 22 гімназісты — пароўну хлопцаў і дзяўчат. На свяце апошняга званка нават прырода плакала дажджом з-за таго, што такія выдатныя дзеці пакідаюць нашу гімназію. У нас 6 патэнцыяльных залатых медалістаў. Таксама сярод выпускнікоў — пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Нашы выпускнікі выбіраюць для набыцця вышэйшай адукацыі тэхнічныя УВА, у прыватнасці, БНТУ. Тым больш што сёлета падпісаны трохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве паміж БНТУ, Беларускай АЭС і гімназіяй № 1 Астраўца. Супрацоўніцтва заключаецца ў паглыбленні прафарыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя на Беларускай атамнай электрастанцыі. Для правядзення практычных заняткаў у гімназію прыязджа­юць спецыялісты атамнай станцыі, у тым ліку са старшакласнікамі працавала псіхолаг БелАЭС Кацярына Іванаўна Юрчанка, каб выя­віць схільнасці патэнцыяль­ных работнікаў атамнай станцыі. Для навучэнцаў гімназіі была арганізавана экскурсія на БелАЭС.

— Якімі трыма словамі вы можаце ахарактарызаваць ваш першы навучальны год у якасці дырэктара гімназіі № 1 Астраўца?

— У мяне ёсць дзве варыяцыі. Па-першае, дарэчы ўспомніць спартыўны лозунг “Хутчэй, вышэй, мацней!”. Па-другое, галоўныя словы года для мяне як дырэктара гімназіі — выніковасць, стабільнасць, поспех. Думаю, што ў іх знайшлося месца традыцыям гімназіі, руху наперад і замацаванню вынікаў. Установе адукацыі ёсць куды развівацца, у прыватнасці, выхоў­ваць дастойную змену маладых спе­цыялістаў нашаму заслужанаму педагагічнаму калектыву.

Лета-2025

На базе гімназіі № 1 Астраўца будуць працаваць тры аздараўленчыя лагеры. З 2 чэрвеня адкрыўся лагер дзённага знаходжання “Сонейка”, разлічаны на навучэнцаў пачатковай школы. У лагеры праходзяць аздараўленне 40 навучэнцаў гімназіі.

З 20 чэрвеня на тры тыдні адчыніць свае дзверы раённы кругласутачны лагер “Алімпіёнік” для адораных дзяцей Астравецкага раёна, якія ўжо праявілі сябе ў алімпіядным руху. У лагеры чакаюць 20 навучэнцаў ва ўзросце 11—13 гадоў, з якімі будуць працаваць педагогі гімназіі. Думаецца, што такая форма работы з адоранымі дзецьмі прынясе плён. Асабліва чакаюць “Алімпіёнік” навучэнцы сельскіх школ, для якіх у навіну праводзіць лета ў горадзе. Тым больш што ў Астраўцы ў крокавай даступнасці шмат цікавых лакацый для наведвання.

У жніўні ў гімназіі будзе працаваць дзённы лагер “Атамная энергія спорту” для 15 навучэнцаў, якія захочуць аздаравіцца ў апошні месяц лета.

Таксама двойчы ў летнія месяцы ў гімназіі будзе працаваць вытворчая брыгада для падлеткаў, якія маюць намер летам не толькі адпачыць і аздаравіцца, але і зарабіць грошай.

Калі гаварыць пра лета для педагогаў гімназіі, то многія з іх бу­дуць працаваць падчас другой змены ў раённым аздараўленчым летніку “Ластаўка” з кругласутачным знаходжаннем. Такім чынам, лета ў астравецкай гімназіі будзе плённым як для дзяцей, так і для настаўнікаў.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара