Настаўніца інфарматыкі гімназіі № 2 Магілёва Алена Качанава ўжо не адно дзесяцігоддзе прысвячае сваё жыццё дзецям. За адданасць прафесіі і высокія вынікі ў рабоце надоечы педагог была адзначана ганаровым званнем “Чалавек года Магілёўшчыны”.
За плячыма Алены Іванаўны звыш дваццаці пяці гадоў працоўнага стажу. Парадаксальна, але педагогіку ў якасці прафесіі яна выбрала выпадкова.
— У школе падабалася матэматыка. Па гэтай прычыне і стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Адразу ўзнікалі сумненні наконт прафесійнага выбару, але пасля першай практыкі зразумела: я на правільным шляху, — паведаміла Алена Качанава.
Сваё студэнцтва Алена Іванаўна ўспамінае з цеплынёй. Вучоба ёй давалася лёгка, і з выкладчыкамі вельмі пашанцавала.
— Дыплом я атрымала з адзнакай, адправілася працаваць на малую радзіму ў Клічаўскі раён. А потым лёс павярнуўся так, што разам з сям’ёй пераехалі ў абласны цэнтр. Быў пачатак 90-х, пытанне з работай стаяла востра. У тагачаснай сярэдняй школе № 29, зараз гэта 2-я магілёўская гімназія, мне прапанавалі пасаду настаўніцы інфарматыкі. Вырашыла паспрабаваць, тым больш што ва ўніверсітэце ў нас быў адпаведны вучэбны курс. Дысцыпліна гэтая тады была новай, даводзілася старанна займацца самаадукацыяй, адточваць педагагічнае майстэрства, — расказала Алена Качанава.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 14 лютага 2023 года.