Адным з самых хуткіх метадаў псіхалагічнай дапамогі і псіхатэрапіі з’яўляецца тэхніка дэсенсібілізацыі і перапрацоўкі рухам вачэй — ДПРВ. Гэты метад самадастатковы і ўнікальны, бо дазваляе атрымаць імгненны вынік. Нядзіўна, што ўсё больш спецыялістаў аддаюць яму перавагу, паспяхова прымяняючы ў практыцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Пра тое, па якім прынцыпе працуе імгненная тэрапія, ці можна прымяняць ДПРВ у рабоце з дзецьмі і не нашкодзіць, расказвае псіхолаг выкладчык псіхалогіі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Аляксандр Галецкі.
— Аляксандр, у чым вы як спецыяліст бачыце перавагі ДПРВ? Ці падобна яе форма ўздзеяння на дыялектыка-паводзінскую тэрапію, якую таксама прымяняеце ў рабоце?
— Дыялектыка-паводзінская тэрапія распрацоўвалася як спецыяльны падвід кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі для лячэння памежнага засмучэння асобы (з вельмі высокай рызыкай суіцыду). Такія людзі характарызуюцца імпульсіўнасцю, нізкім самакантролем, эмацыянальнай няўстойлівасцю, высокай трывожнасцю і высокім узроўнем дэсацыялізацыі, што часта суправаджаецца небяспечнымі паводзінамі і самапашкоджаннямі, ужываннем псіхаактыўных рэчываў, дэпрэсіяй і расстройствам харчовых паводзін. ДПТ паказала сваю эфектыўнасць у значным зніжэнні рызыкі суіцыду.
Пасля аказалася, што такі падыход можа быць дзейсным не толькі для асоб з псіхічнымі засмучэннямі, але і для людзей без іх. Сучасныя даследаванні пацвярджаюць эфектыўнасць ДПТ у зніжэнні ўжывання псіхаактыўных рэчываў, дэпрэсіі і трывожных расстройстваў, лячэнні біпалярнага расстройства ў падлеткаў, а таксама ў лячэнні дзяцей з несуіцыдальнымі самапашкоджвальнымі паводзінамі і інш. Сёння тыя ці іншыя элементы ДПТ становяцца арганічнай часткай сістэмы аховы здароўя, адукацыі, кіравання і ў цэлым часткай клопату пра чалавека.
Што тычыцца пераваг у рабоце псіхолага, то ДПТ — гэта падыход, у якім вы заўсёды ведаеце, што рабіць. Нягледзячы на сваю жорсткасць і канкрэтнасць, гэта даволі гнуткі метад, які дазваляе рабіць эфектыўныя інтэрвенцыі. Акрамя таго, сёння існуе мноства мэтавых і ўніфікаваных праграм, якія дазваляюць інтэграваць розныя элементы ДПТ у выхаванне і навучанне.
Калі звярнуцца да ДПРВ, то яна з’яўляецца адной з эфектыўных траўма-факусіраваных інтэрвенцый. Нягледзячы на першапачатковую вузкасць яе прымянення і некаторую супярэчлівасць метааналізаў яе эфектыўнасці, сёння з адной тэхнікі, прызначанай для работы з посттраўматычным стрэсам, ДПРВ разраслася ў шырокую самастойную тэрапію, якая змяшчае мноства пратаколаў: для адзінкавай траўматычнай падзеі, для работы з агульнай трывожнасцю, трывожным расстройствам, фобіяй, для работы з вострым горам, саматычнымі расстройствамі і інш.
— У чым якаснае адрозненне ДПРВ ад іншых методык, улічваючы, што менавіта дэсенсібілізацыю і перапрацоўку рухам вачэй выбіраюць, дапамагаючы сведкам аварый і катастроф, іх ахвярам справіцца з наступствамі ўбачанага і перажытага?
— Гэта насамрэч так. ДПРВ сапраўды эфектыўная ў якасці метаду стабілізацыі псіхічнага стану падчас катастроф і бедстваў, і ў інструкцыях па ДПРВ паказана, што такія працэдуры могуць прымяняцца нават на працягу некалькіх мінут або гадзін пасля бедства, пакуль чалавек дастаткова стабільны для перапрацоўкі. Дзякуючы білатэральнай стымуляцыі ў лімбічнай сістэме ўзнікае рэсінхранізацыя павольных хваль мозгу, што асацыіруецца са станам бяспекі. Калі ў гэты момант даць кагнітыўную нагрузку, то памяць і стан чалавека будуць мяняцца.
Мадэль адаптыўнай апрацоўкі інфармацыі, якая ляжыць у аснове ДПРВ, разглядае сімптомы посттраўматычнага стрэсавага расстройства і іншых расстройстваў (калі яны не выкліканы фізічнымі або хімічнымі фактарамі) як вынік мінулых трывожных перажыванняў, якія працягваюць выклікаць дыстрэс, бо ўспаміны не былі належным чынам апрацаваны. Лічыцца, што гэтыя неапрацаваныя ўспаміны ўтрымліваюць эмоцыі, думкі, перакананні і фізічныя адчуванні, якія мелі месца падчас падзеі. Калі ўспаміны запускаюцца, гэтыя элементы выклікаюць сімптомы посттраўматычнага стрэсавага расстройства або іншых расстройстваў.
У адрозненне ад іншых метадаў лячэння, сканцэнтраваных на непасрэднай змене эмоцый, думак і рэакцый, якія ўзнікаюць у выніку траўматычнага вопыту, тэрапія ДПРВ факусіруецца непасрэдна на памяці і прызначана для змены спосабу яе захоўвання ў мозгу. Гэта дазваляе памяншаць праблемныя сімптомы і пазбаўляцца іх.
ДПРВ-тэрапію распрацавала Фрэнсін Шапіра пасля таго, як заўважыла, што рухі вачэй памяншаюць негатыўныя эмоцыі, звязаныя з яе ўласнымі непрыемнымі ўспамінамі. Падобна траўма-арыентаванай кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі, ДПРВ накіравана на памяншэнне суб’ектыўнага стрэсу і ўмацаванне адаптыўных перакананняў, звязаных з траўміруючай падзеяй.
— Якая верагоднасць, што, праводзячы сеансы тэрапіі з выкарыстаннем ДПРВ, чалавек не ўпадзе ў варонку траўмы?
— У ДПРВ чалавек успамінае непрыемныя перажыванні, засяроджваючы ўвагу на траўміруючых вобразах, думках, эмоцыях і цялесных адчуваннях падчас двухбаковай стымуляцыі, такой, напрыклад, як рух вачэй з боку ў бок, або фізічнай стымуляцыі — пастукванні па пэўных участках цела. Пасля кожнай такой ітэрацыі тэрапеўт замярае суб’ектыўны ўзровень дыскамфорту кліента па шкале ад 0 да 10, паступова дасягаючы ўстойлівага яго зніжэння. Пасля гэтага псіхолаг дапамагае ўсталяваць станоўчае і адаптыўнае перакананне чалавека пра яго самога ў траўміруючай сітуацыі, павялічваючы ўзровень спакою па шкале ад 1 да 7.
Стандартны васьміфазны пратакол ДПРВ уключае збор анамнезу і планаванне лячэння, падрыхтоўку, этап ацэнкі, за якім ідзе дэсенсібілізацыя. Затым адбываецца ўстаноўка станоўчых кагніцый, сканіраванне цела на прадмет рэшткавых адчуванняў і этап пераацэнкі. ДПРВ звычайна праводзіцца ў выглядзе серыі сеансаў са спецыяльна навучаным тэрапеўтам. Колькасць сеансаў можа вар’іравацца ў залежнасці ад дасягнутага прагрэсу. У сярэднім неабходна 6—12 сустрэч, а тыповы сеанс ДПРВ доўжыцца ад 60 да 90 мінут.
— У якіх выпадках ДПРВ будзе неэфектыўным і можа нашкодзіць?
— Існуюць абмежаванні і нават супрацьпаказанні да ўжывання ДПРВ. Гэта наяўнасць сур’ёзных жыццёвых цяжкасцей на момант праходжання тэрапіі, псіхатычны стан, эпілепсія, няздольнасць пераносіць высокі ўзровень трывогі, цяжарнасць, захворванні сэрца ў сталым узросце. Асаблівая ўвага ў ДПРВ удзяляецца рабоце з асобамі, якія маюць дысацыятыўныя расстройствы — для іх існуе асобны пратакол. Таму ДПРВ пачынаецца са стараннага скрынінгу стану і навучання тэхнікам зазямлення.
— Калі бачыце, што аднаго ДПРВ мала, які метад прымяняеце ў якасці дапаможнага? Як зразумець, што адной дэсенсібілізацыі мала?
— Рэкамендуецца спачатку вызначыць сімптомы-мішэні, затым вызначыць фундаментальную тэорыю, здольную апісаць гэтыя сімптомы. І толькі потым на аснове тэорыі скласці індывідуалізаваную карціну выпадку, якая дазволіць выбраць мадэль работы.
Нягледзячы на тое, што многія сучасныя напрамкі псіхатэрапіі падобныя адзін да аднаго і спалучаюць у сабе падобныя тэхнікі, спецыялісту лепш за ўсё прытрымлівацца правіла адзін кліент — адзін падыход, нанізваючы тэхнікі на канцэптуалізацыю. Змена падыходу можа толькі дэзарыентаваць як спецыяліста, так і пацыента.
ДПРВ добры як траўмафакусіраваны падыход. Для дэпрэсіі падыдзе стандартны пратакол КПТ. З засмучэннямі асобы будуць эфектыўна працаваць ДПТ і схематэрапія, і выбар мадэлі будзе залежаць ад шэрага крытэрыяў. Менавіта для гэтага патрэбна фармуляванне выпадку, і нездарма на яго траціцца час. Дарэчы, ДПРВ добра спалучаецца са многімі іншымі відамі тэрапіі.
— Схематэрапія, пра якую вы згадалі, супадае ў сваіх кагніцыях з ДПРВ?
— Так, месцамі схематэрапія і ДПРВ вельмі падобныя, але паміж імі ёсць прынцыповыя стратэгічныя адрозненні. ДПРВ — больш кароткатэрміновы падыход, а стандартны пратакол схематэрапіі змяшчае ад 20 да 80 сеансаў. Цэнтральную ролю і там, і там адыгрываюць неперапрацаваныя ўспаміны, негатыўныя ўяўленні, якія склаліся ў выніку траўміруючых сітуацый. Схематэрапія ўвабрала ў сябе ўсё лепшае ад псіхааналітычнай тэорыі аб’ектных адносін, транзактнага аналізу і тэорыі прыхільнасці. Спалучэнне схематэрапіі і ДПРВ дапамагае зніжаць дысацыяцыю, аўтаагрэсію і самаабвінавачанні, вырашае праблему пазбягання і выцяснення ўспамінаў, павялічвае эмацыянальную ўстойлівасць і інш. Пратакол ДПРВ зніжае эмацыянальную рэактыўнасць, а схематэрапія прадастаўляе практыкаванні для павелічэння сілы і рашучасці.
— Ці можна выкарыстоўваць ДПРВ у тэрапіі з дзецьмі і падлеткамі?
— Так, можна. Ёсць даныя, якія сведчаць аб тым, што зніжэнне сімптомаў посттраўматычнага стрэсавага расстройства метадам ДПРВ аказалася паспяховым у дзяцей 4—18 гадоў, а эфект псіхалагічных траўм эфектыўна зніжаўся пачынаючы з двухгадовага ўзросту. Таксама існуюць даныя аб эфектыўнасці ДПРВ для дзяцей з паводзінскімі праблемамі, праблемамі з самаацэнкай, з разумовымі адхіленнямі і ПАС. Аднак у дачыненні да дзяцей працэдуры ДПРВ павінны адпавядаць узроўню іх развіцця.
— Аляксандр, як лічыце, школьны псіхолаг можа прымяняць ДПРВ або тэхнікі КПТ у рабоце з навучэнцамі ці ў межах школьнага кабінета гэта не практыкуецца?
— Можа, пажадана і павінен школьны псіхолаг карыстацца метадамі, якія мы абмеркавалі. Веданне асноўных прынцыпаў і тэхнік сучасных метадаў КПТ (валідацыю эмоцый, паводзінскага ланцужнога аналізу, кагнітыўнай рэструктурызацыі і кагнітыўнага падзелу, усвядомленасці, метадаў кіравання паводзінамі пры дапамозе наступстваў, экспазіцыйнай тэрапіі, тэхнік вырашэння праблем і інш.) дасць значную перавагу не толькі псіхолагам сістэмы адукацыі, але і літаральна кожнаму педагогу, дазваляючы ажыццяўляць эфектыўныя і дакладныя інтэрвенцыі без адрыву ад вучэбнага працэсу.
Акрамя таго, веданне тэхнік КПТ сёння можна назваць неад’емнай часткай псіхалагічнай культуры педагога. Яны дапамагаюць павысіць устойлівасць да жыццёвых выклікаў, паменшыць эмацыянальнае выгаранне і зрабіць працэсы мыслення і паводзінскія рэакцыі больш эфектыўнымі, усвядомленымі і ўпарадкаванымі. Сучасная кагнітыўна-паводзінская тэрапія — гэта яшчэ і трывалы светапоглядны базіс, паколькі яна абапіраецца на класічную філасофію стаіцызму і дыялектыку.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА