Чатыры пытанні для матывацыі

- 12:19Педагагічная майстэрня

Настаўніца біялогіі гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра Таццяна Віктараўна Літвіновіч выкарыстоўвае ўсе магчымасці для самаадукацыі, асваення новых тэхналогій, эксперымента. Разам з тым, перадае і свой вопыт маладым: вядзе факультатыўны курс “Педагагічная практыка” ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна і заняткі для настаўнікаў у Гомельскім абласным ІРА.

Мэта — аснова любой дзейнасці

— Педагог сёння — не асноўная і не адзіная крыніца ведаў для дзяцей. Тое, чаму мы вучым, праз некалькі гадоў можа стаць неактуальным, — упэўнена Таццяна Віктараўна. — Задача сучаснага настаўніка — не трансліраваць веды, а вучыць дзяцей самастойна іх здабываць, працаваць з інфармацыяй, ставіць мэту і планамерна ісці да яе. Вучыцца чалавек павінен усё жыццё.

Дзякуючы педагогу-наватару прафесару кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалаю Іванавічу Запрудскаму, яго вучэбным курсам, Таццяна Віктараўна асвоіла тэхналогіі актыўнай ацэнкі, праектнай дзейнасці, медыяадукацыі. Нядаўна прайшла курс па коўчынгу для настаўнікаў.

— Апошнім часам я актыўна ўкараняю інструменты коўчынгу ў сваю дзейнасць, — падкрэслівае Таццяна Віктараўна. — Гэтая тэхналогія дазваляе людзям выразна бачыць свае мэты, раскрыць патэнцыял. У аснове любой дзейнасці ляжыць мэта. Калі яна канкрэтная, то і дзеянні па яе дасягненні максімальна эфектыўныя. Ёсць выдатны прыём коўчынгу “4 пытанні планавання”, які я выкарыстоўваю на этапе пастаноўкі задач вучэбнай дзейнасці.

Пытанне № 1. “Якая ваша мэта?”, “Чаго вы хочаце?”— з гэтага педагог пачынае ўрок. Вучні, зыходзячы з заяўленай тэмы, адказваюць.

Пытанне № 2. “Як вы даведаецеся, што дасягнулі мэты?” Вучні пазначаюць крытэрыі дасягнення мэты, арыенцір, прагаворваюць, чаму хочуць навучыцца. Напрыклад, навучыцца рашаць задачы пэўнага тыпу або скласці характарыстыку пэўнага класа жывёл, правесці параўнальную характарыстыку розных упаковачных матэрыялаў.

Пытанне № 3. “Чаму гэта важна для вас?” садзейнічае матывацыі вучняў да актыўнай дзейнасці. Вучні разважаюць, як яны змо­гуць прымяніць атрыманыя веды. Пачынаюць з простага, што веды спатрэбяцца на самастойных або кантрольных работах.

— Часам настаўнікі, спрабуючы данесці патрэбную інфармацыю да дзяцей, эканомяць час, не цікавяцца, чаму для іх гэта важна, як яны гэта змогуць прымяніць у жыцці, — звяртае ўвагу Таццяна Віктараўна. — Калі чалавек не разумее, для чаго яму неабходны веды, то яго дзеянні неэфектыўныя.

Пытанне № 4. “Якія крокі па дасягненні мэты вы можаце зрабіць?” Свае прапановы ўносяць і вучні, і настаўнік. Напрыклад, можна скласці Google-табліцу, дзе даць параўнальную характарыстыку плоскіх, круглых і кольчатых чарвей. Педагог не навязвае дзецям стратэгію ўрока, ініцыятыва зыходзіць ад іх саміх.

У канцы ўрока клас вяртаецца да пытанняў, усе робяць выснову, што крокі пройдзены, мэта дасягнута ў адпаведнасці з пазначанымі крытэрыямі. Прыём “4 пытанні планавання” выдатна кла­дзецца на структуру ўрока або факультатыўных заняткаў, дазваляе ўключыць у актыўную работу кожнага вучня.

Кола балансу

Таццяна Віктараўна шырока выкарыстоўвае прыём “Кола балансу” па аналогіі з колам жыццёвага балансу ў коўчынгу, калі вывучаюцца розныя сферы жыцця чалавека: здароўе, работа, хобі і г.д. Кола жыццёвага балансу добра ператвараецца ў кола балансу ў дачыненні да вучэбных мэт. Яно дазваляе вучням самастойна адсачыць эфектыў­насць засваення асобных тэм або пытанняў у рамках тэмы пры падрыхтоўцы да кантрольных работ, выніковага тэсціравання.

Вучань малюе круг і дзеліць яго на сектары, колькасць якіх адпавядае колькасці тэм. Кожны сектар ацэньваецца па 10-бальнай шкале: 1 — вось кола, 10 — вобад кола.

— У вас ёсць вучэбная мэта, — гавару я дзецям, — тлумачыць настаўніца. — Калі кола балансу гарманічнае, усе тэмы (сектары) запоўнены, значыць, вы валодаеце неабходнымі ведамі і дасягнуць мэты будзе прасцей. Гэты прыём я выкарыстоўваю ў рабоце з вучнямі профільных класаў, калі мы вывучаем, сістэматызуем і абагульняем вялікі матэрыял. Тэмы прадстаўляем блокамі. Да кожнага блока складаецца сваё кола балансу. Бяром шаблон кола, дзелім на сектары і кожны пазначаем. Напрыклад, кола “сістэматыка”, у межах якога разглядаем бактэрыі, пратысты, грыбы, расліны і г.д. Пасля праходжання блока тэмы вучні выконваюць тэставыя заданні. Калі яны справіліся з заданнем на 100%, заштрыхоўваюць увесь сектар. Калі маюць пэўныя недахопы, значыць, заштрыхоўваюць сектар у залежнасці ад працэнта выканання задання (засваення ведаў). Важна не проста атрымаць вынік, што ты, напрыклад, ведаеш матэрыял на 70%, а ўбачыць памылкі.

Побач з сектарам вучні ўказ­ваюць пытанні, якія яны павінны вывучыць да наступных заняткаў, каб тэма або раздзел былі засвое­ны на належным узроўні. Кола балансу з’яўляецца эфектыўным сродкам самакантролю. Далей ідзе персанальная работа з кожным вучнем у залежнасці ад пытанняў і тэм, якія ён абавязаўся дапрацаваць, вывучыць. Для кожнага вучня можна прапанаваць дыферэнцыраваныя заданні, якія дазволяць яму дапрацаваць тэму.

— Кола балансу выкарыстоўваю і як класны кіраўнік у канцы чвэрці, калі з класам вызначаем колькасць сектараў, якія адпавядаюць вучэбным прадметам, і заштрыхоўваем кампаненты ў сектары ў залежнасці ад атрыманага кожным вучнем бала за чвэрць, — адзначае Таццяна Віктараўна. 

Экалагічныя праекты

Тэхналогія праектнага навучання ўніверсальная, прадугледжвае актыўную работу вучняў, надае ім упэўненасці ў сваіх сілах. Дзеці не баяцца эксперыментаваць, шукаць новыя падыходы, вучацца працаваць сумесна, развіваюць камунікатыўныя навыкі. Таццяна Віктараўна гарманічна дапаўняе праектнае навучанне коўчынгавымі інструментамі. У 10 класе вывучаюцца тэмы прыкладнога экалагічнага характару, разглядаюцца пытанні, якія дазваляюць вучням выкарыстоўваць экалагічныя веды ў штодзённым жыцці — віды забруджванняў — харчовыя прадукты і дабаўкі, упаковачныя матэрыялы і г.д.

— Падчас урока па сучасных упаковачных матэрыялах мы з вучнямі працавалі па тэхналогіі праектнага навучання і з дапамогай інструмента “4 пытанні планавання” пазначылі, што ў рамках тэмы павінны вывучыць віды ўпаковачных матэрыялаў, навучыцца расшыфроўваць знакі экалагічнай маркіроўкі на ўпакоўках, вызначыць мэты і крытэрыі поспеху, — расказвае настаўніца. — Мы ствараем схемы, дзе ілюструюцца віды ўпаковак, расшыфроўваюцца знакі на прадуктах харчавання і вызначаецца іх экалагічнасць. Мы абмяркоўваем важнасць вывучэння гэтай тэмы. Закранаем глабальную праблему забруджвання планеты смеццем, што кожны можа ўнесці свой уклад у яе вырашэнне. Затым вывучаем упакоўкі ад прадуктаў харчавання. Перад гэтым прашу вучняў прынесці некалькі ўпаковак ад розных прадуктаў. У ходзе сумеснай групавой работы яны складаюць міні-праекты, схемы на якіх ілюструюць віды ўпаковак, прамалёўваюць экалагічныя знакі, якія выявілі на ўпакоўках, знаходзяць іх расшыфроўку, робяць заключэнне аб тым, якія віды ўпаковак яны будуць выкарыстоўваць як спажыўцы.

Не адзнака, а актыўная ацэнка

Тэхналогія актыўнай ацэнкі прадугледжвае пастаноўку вучэбных мэт вучнямі, вызначэнне ў пачатку ўрока крытэрыяў дасягнення мэты, цесна пераплятаецца з праектным навучаннем і прыёмамі коўчынгу. Актыўная ацэнка вучыць працаваць. І сутнасць яе не ў тым, каб настаўнік паставіў як мага хутчэй пэўную адзнаку, яна прадугледжвае рэфлексію, зваротную сувязь.

Напрыклад, ёсць рэфлексіўны прыём “Святлафор”. З дапамогай набору каляровых картак вучні сігналізуюць аб цяжкасцях, якія патрабуюць неадкладнай кансультацыі настаўніка (з дапамогай картак чырвонага колеру), аб невялікіх цяжкасцях (карткі жоўтага колеру), аб адсутнасці цяжкасцей (карткі зялёнага колеру). Для самаацэнкі і ўзаемаацэнкі выкананых вучнямі заданняў падыхо­дзіць прыём “Шкала”. На адрэзку ад 1 да 10 дзеці выстаўляюць
адзнаку, суадносячы вынік работы над пэўным праектам з крытэрыямі, вызначанымі ў пачатку работы. З мэтай аналізу вынікаў дзейнасці вучняў падыходзіць прыём “Актыўнае слуханне”: перад прэзентацыяй вучэбнага праекта вучням, якія выступаюць у якасці слухачоў, прапануюцца пытанні па яго тэме, каб дзеці былі зацікаўленымі слухачамі.


У гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра штогод фарміруюцца профільныя хіміка-біялагічныя класы. Іх выпускнікі арыентаваны ў асноўным на паступленне ў медыцынскія ўніверсітэты. Другі па папулярнасці кірунак — ветэрынарыя. Хтосьці з вучняў бачыць сябе псіхолагам або педагогам. За час работы ў гімназіі з 2013 года двое вучняў Таццяны Віктараўны атрымалі 100 балаў на ЦТ па біялогіі — гэта Ксенія Рудніцкая і Максім Лебедзь. У яе выпускнікоў сёлета першы вынік у Гомельскай вобласці: сярэдні бал падчас ЦТ па біялогіі склаў 84.

Надзея ЦЕРАХАВА.