Хімія: наглядна і цікава

- 12:36Педагагічная майстэрня

Уменне візуалізаваць вучэбную інфармацыю з’яўляецца адной з неабходных якасцей настаўніка хіміі. Дыдактычная значнасць працэсаў візуалізацыі праяўляецца перш за ўсё ва ўвасабленні прынцыпу нагляднасці ў навучанні. Аднак сучасныя ўмовы патрабуюць яго рэалізацыі на якасна новым узроўні: варта не проста выкарыстоўваць візуальныя сродкі для ілюстрацыі вучэбнага матэрыялу, а садзейнічаць актывізацыі разумовай і пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

Адным з сучасных спосабаў візуалізацыі вучэбнай інфармацыі з’яўляецца кросенс. Яго называюць асацыя­тыўнай галаваломкай, якая створана па аналогіі з крыжаванкай, пры гэтым адрозненне ад крыжаванкі ў тым, што ў кросенсе замест слоў перасякаюцца выявы. Існуюць розныя варыянты такіх галаваломак па структуры.

Класічны кросенс уяўляе сабой стандартнае поле з дзевяці квадратаў, у якіх размешчаны выявы. Паміж сабой выявы ў кросенсе могуць быць звязаны трыма спосабамі (мал. 1).

Задача навучэнцаў — растлума­чыць кросенс, скласці тэкст — асацыятыўны ланцужок праз узаемасувязь выяў. Дзевяць выяў расстаўлены такім чынам, што кожная карцінка мае сувязь з папярэдняй і наступнай, а цэнтральная аб’ядноўвае па сэнсе адразу некалькі. Сувязі могуць быць як павярхоўнымі, так і глыбіннымі, але ў любым выпадку гэта выдатнае практыкаванне для развіцця лагічнага мыслення і творчых здольнасцей.

Кросенсы можна выкарыстоўваць на розных этапах урокаў і пазаўрочнай дзейнасці:

• праверка дамашняга задання (з дапамогай кросенса расказаць аб матэрыя­ле мінулага ўрока — функцыя апорнай вобразнай схемы);

• фармулёўка тэмы ўрока, пастаноўка мэты ўрока (знайдзіце сувязь паміж выявамі і вызначыце тэму ўрока; вызначыце, што мы будзем рабіць);

• раскрыццё інфармацыйнага блока тэмы, пошук праблемы (віды, прычыны, рысы, наступствы чаго-небудзь у вобразах і сімвалах);

• абагульненне матэрыялу, замацаван­не (кросенс складаецца з выяў, якія з’яўляліся падчас урока на розных этапах, навучэнцы па іх абагульняюць матэрыял і робяць выснову);

• арганізацыя групавой работы (складанне кросенса на зададзеную тэму з прапанаваных выяў, параўнанне кросенсаў груп);

• творчае дамашняе заданне (складанне кросенса ў друкаваным або электронным выглядзе на зададзеную тэму, на адвольную тэму, па гістарычнай асобе або эпосе);

• пабудова структуры ўрока (дзе­вяць элементаў кросенса могуць змяшчаць у сабе паслядоўнае адлюстраванне структуры ўрока з іменем, мэтай або праблемай усярэ­дзіне).

Кросенс можа быць складзены як настаўнікам, так і навучэнцамі. Кросенс, складзены вучнем, спрыяе развіццю лагічнага і вобразнага мыслення, павышае матывацыю і развівае здольнасць самавыяўлення. Імкнучыся адлюстраваць сваё бачанне, вучні шукаюць цікавы дадатковы матэрыял, праяўляюць нестандартнае мысленне і павялічваюць узровень уласнай эрудыцыі. Як любое творчае заданне, кросенсы павышаюць ініцыятыўнасць, крэатыў­насць і развіваюць уяўленне.

Прывяду некаторыя варыянты выкарыстання кросенса.

1. Фармулёўка тэмы ўрока, пастаноўка мэты ўрока.

Настаўнік прапануе знайсці сувязь паміж выявамі і вызначыць тэму ўрока, а таксама меркаваны вынік. Для гэтага можна выкарыстоўваць кросенс “Солі” ў 7 класе, а таксама пры паўтарэнні тэмы “Солі” ў 8 класе (мал. 2).

Адказы на кросенс: 1. Сонца. 2. Мора. 3. Кара-Багаз-Гол — салёнае возера Кара-Багаз-Гол. 4. Салюс — багіня ў старажытных рымлян. 5. У Італіі — “сольдзі”, у Францыі — “солід” і французскае слова “салер” — “жалаванне”. 6. Маскоўскае паўстанне 11 чэрвеня 1648 г. пазней назавуць гэтым бунтам. 7. Фізіялагічны раствор. 8. Прадстаўнікі гэтага класа злучэнняў. Адказ — соль.

2. Раскрыццё інфармацыйнага блока тэмы “Хлор як хімічны элемент і простае рэчыва” ў 9 класе можа ажыццяўляцца на аснове кросенса (мал. 3). Настаўнік прапануе адказаць на пытанне “Які хімічны элемент выяўлены на карцінцы ў левым верхнім вугле?” Далей паслядоўна вывучаецца будова атама хлору, яго фізічныя і хімічныя ўласцівасці як простага рэчыва. Па выніку ўрока робіцца агульная выснова па тэме. На наступным уроку магчыма выкарыстанне гэтага кросенса для праверкі дамашняга задання ў якасці апорнай схемы.

3. Для замацавання матэрыялу тэмы “Чыстыя рэчывы і сумесі” ў 7 класе настаўнік прапануе навучэнцам наступны шэраг паняццяў: аднародная і неаднародная сумесь, масавая доля кампанента, чыстыя рэчывы. Задача — скласці кросенс. Потым клас абменьваецца выкананымі работамі, праводзіцца іх аналіз (мал. 4). Такі варыянт работы можна прапана­ваць і ў якасці творчага дама­шняга задання.

 4. У ходзе праверкі дамашняга задання па пытанні “Алатропія” ў 9 класе навучэнцам пры адказе прапануецца выкарыстоўваць кросенс, у якім зашыфраваны алатропныя мадыфікацыі (мал. 5).

 Прымяненне кросенсаў аказвае станоўчае эмацыянальнае ўздзеянне на навучэнцаў, дазваляе больш эфектыўна засвой­ваць матэрыял, што спрыяе фарміраванню неабходных кампетэнцый. Прыём з’яўляецца ўніверсальным, бо можа выкарыстоўвацца для розных ступеней навучання, пры вывучэнні розных курсаў, а таксама для навучэнцаў з рознымі ўзроўнямі падрыхтаванасці.

Вікторыя МАСТАБАЙ,
настаўніца хіміі Стралічаўскай сярэдняй школы імя У.М.Марчанкі
Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.