Чым прываблівае аграрны профіль школьнікаў, расказала Валянціна Пікулік

- 13:21Интервью

Агракласы з’явіліся ў беларускіх школах 7 гадоў назад, займалася ў іх тады звыш 1,2 тысячы дзесяцікласнікаў. Гэта супастаўна з колькасцю навучэнцаў класаў і груп аграрнай накіраванасці толькі на Віцебшчыне ў мінулым навучальным годзе. Чым прываблівае профіль школьнікаў і іх бацькоў, як складвалася сістэма работы з агракласамі ў паўночным рэгіёне і чым яна адметная —  карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі і экспертнай дзейнасці ВАІРА Валянціна Пікулік.

— Валянціна Уладзіміраўна, колькі сёння навучэнцаў у агракласах вобласці?

— Усяго 938 чалавек, калі браць профільныя 59 класаў і 67 груп (будзем іх далей называць агракласамі для зручнасці, хаця паняцці крыху адрозніваюцца). Летась было 1250, а на старце, у 2018/2019 навучальным годзе, зусім сціпла — 167 школьнікаў. Потым лічба з кожным разам амаль падвойвалася: праз год — 310, праз два гады — 670, праз тры — 1339 навучэнцаў у 144 агракласах, створаных у 112 установах адукацыі ўсіх раёнаў і гарадоў вобласці, уключаючы Віцебск.

— Што найбольш паўплывала на павелічэнне сеткі агракласаў?

— Магутны імпульс да росту надаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70 ад 25 лютага 2020 года “Аб развіцці сельскагас­падарчай вытворчасці Віцебскай вобласці”. Значна павысілася зацікаўленасць у агракласах з перспектывай затым атрымаць прафесіі ветурача і заатэхніка, калі на Віцебшчыне лакальна ўстанавілі штомесячныя выплаты з абласнога бюджэту выпускнікам названых спецыяльнасцей у памеры 1 тысячы рублёў — дадатковае заахвоч­ванне да прынятых у краіне мер падтрымкі маладых аграрыяў. Абавязковай умовай ставілася заключэнне кантракта на 5 гадоў і работа ў арганізацыях, якія ўваходзяць ва ўтвораныя па Указе № 70 інтэграцыйныя аб’яднанні. Плюс, несумненна, паўплывалі абласныя мерапрыемствы, ініцыіраваныя сістэмай адукацыі і падтрыманыя кіраўніц­твам вобласці і рэальным сектарам эканомікі. У цэлым гаворка ідзе пра сістэмную работу рэгіёна, дзе важным складнікам з’яўляецца наш інстытут, — мне прыем­на гэта адзначыць. Мы вельмі актыўна працуем з агракласамі, у тым ліку па іх арга­нізацыйна-метадычным суправаджэнні.

— Паступленне выпускнікоў агракласаў без уступных іспытаў у профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі застаецца сур’ёзным аргументам?

— Безумоўна. Цяпер пералік дапоўнены: да Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта ў Мінску, Беларускай дзяржаўнай сельска­гаспадарчай акадэміі ў Горках і Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта дабавіўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій ў Магілёве. Пашы­рылася геаграфія, з’явіліся прывабныя для школьнікаў новыя магчымасці. Яшчэ адзін узыходзячы трэнд — мэтавыя дагаворы. Моладзь паступова пераконваецца, што гэта не вымушаная расплата выпускніка за спрошчаную траекторыю паступлення ва УВА, а добры бонус — гарантаванае працаўладкаванне. Не толькі абавязак, але і права дакладна ведаць, дзе будзеш жыць і працаваць, у якіх умовах. У сваю чаргу, прадпрыемствы патрануюць мэтавікаў, усё часцей падчас вучобы выплачваюць ім дадатковую стыпендыю.

— Меркаванне бацькоў вырашальнае для дзіцяці пры выбары профільнага класа. Што было самым складаным у рабоце на ўзроўні ўзаемадзеяння з сем’ямі навучэнцаў?

Зламаць стэрэатыпы. Іншымі словамі, пераадолець уяўленні аб гаротнай долі вяс­коўца: цяжкай ручной працы, незайздросным жыцці без перспектыў і камфортнага побыту. Хто пажадае такога свайму дзіцяці? Бацькоўскія страхі жывуць насуперак логіцы. Нібыта сучасныя аграгарадкі, робатызаваныя малочнатаварныя комплексы, энерганасычаныя трактары, тэхналогіі дакладнага земляробства з прымяненнем спадарожнікавай навігацыі і найноўшых дасягненняў навукі не тут і цяпер, а недзе ў паралельнай рэальнасці існуюць! Сучаснай аграіндустрыі неабходны не проста рабочыя рукі. Патрэбны высокакваліфікаваныя кадры — маладыя і таленавітыя, здольныя думаць нестандартна, адказна вырашаць пастаўленыя працоўныя задачы. Самай дзейснай агітацыяй на карысць аграбудучыні і профільнага класа як кроку да яе служыць знаёмства з сельска­гаспадарчымі прадпрыемствамі.

— Праўда, што аграсуботы прыдумалі на Віцебшчыне?

— Мы гэтую навацыю першымі ўкаранілі ў практыку, потым наш вопыт пераняла ўся краіна. Акрамя факультатыву “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, мінімум раз у месяц па суботах навучэнцы профільных класаў разам з настаўнікамі (нярэдка і бацькі далучаюцца) наведваюць паспяховыя галіновыя прадпрыемствы. Знаё­мяцца, як там наладжаны раслінаводства і жывёлагадоўля, птушка- і каняводства, агратурызм, перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. У распрацаваны спіс рэкамендаваных для правядзення аграсубот структур уваходзяць і перадавыя фермерскія гаспадаркі, і шэраг іншых аб’ектаў — напрыклад, батанічны сад ВДУ імя П.М.Машэрава, экалагічны аддзел абласнога палаца дзяцей і моладзі, Віцебскі заапарк, ААТ “Рубікон”.

— Першы ў Беларусі абласны форум класаў аграрнай накіраванасці таксама прайшоў у Віцебску…

— Дэбютны абласны форум класаў аграрнай накіраванасці “За моладдзю — будучыня!” мы правялі ў маі 2021 года ра­зам з ветакадэміяй пры садзейнічанні галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Зрабілі мерапрыемства адкрытым, запрасілі ўсе беларускія рэгіёны — і да нас знайшлі магчымасць прыехаць прадстаўнікі Мінскай і Гродзенскай абласцей. Сярод адметных навацый хочацца вылучыць тэматычныя аграрныя візітоўкі: навучэнцы агракласаў расказалі і паказалі, дзе яны змогуць у будучыні працаваць у аграрным сектары і ў перапрацоўчай вытворчасці сваіх раё­наў. Таксама адбылося знаёмства патэн­цыяльных абітурыентаў з профільнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Віцебска, Горак і Гродна і каледжамі, прадстаўнікоў якіх прысутнічала дастаткова многа. Прычым нашы партнёры прывезлі сучасную тэхніку і абсталяванне, нават інкубатары паказалі ў справе! Мы ўдала апрабавалі вялікі агра­квест, спаборніцкую і культурна-забаўляльную праграмы для дзяцей. Для дарослых удзельнікаў арганізавалі дыялогавую пляцоўку “Аграпрамысловы комплекс Віцебшчыны: інавацыі і перспектывы”, кейс-сесію для педагогаў па абмене вопытам і лепшымі напрацоўкамі. Другі дзень форуму поўнасцю быў прысвечаны паездкам на галіновыя прадпрыемствы: маторарамонтны завод, вядучыя гаспадаркі аграсектара Віцебскага раёна, занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі. Фармат і асноўныя мерапрыемствы форуму “За моладдзю — будучыня!” сталі традыцыйнымі. Другі форум прымала Орша, трэці — зноў Віцебск. Акрамя таго, пад эгідай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама сумесна з ветакадэміяй мы штогод традыцыйна арганізоўваем абласны конкурс “Аграсвет”, да нядаўняга часу праводзілі абласную алімпіяду “Аграполія”.

— Чым адрозніваліся гэтыя мера­прыемствы?

— “Аграполія” ўяўляла сабой спаборніц­тва ў індывідуальным заліку. У алімпіядзе прымалі ўдзел дзеці з высокай паспяховас­цю па біялогіі і хіміі, пераважна адзінаццацікласнікі. Цікавы момант: заахвочвальным бонусам для пераможцы было запрашэнне стаць старастам групы 1 курса пры ўмове залічэння ў ветакадэмію. “Аграсвет” — каманднае спаборніцтва з неабмежаванай колькасцю ўдзельнікаў. Умоўна, калі ў агракласе 20 навучэнцаў, то ўсе яны маюць права ўвайсці ў склад каманды. Да алімпіяды школьнікаў рыхтавалі настаўнікі біялогіі і хіміі, да конкурсу звычайна рыхтуюць класныя кіраўнікі, хто жыве інта­рэсамі дзіцячага калектыву, бо тут адна з ключавых мэт — мацней згуртаваць навучэнцаў. Яшчэ “Аграсвет” прадугледжвае конкурсныя намінацыі для педагогаў. “Аграполія” страціла актуальнасць пасля ўвядзення ў практыку ўніверсітэцкіх алімпіяд. Што тычыцца конкурсу, то мы працяг­ваем яго правя­дзенне і на сёння абмяркоўваем магчымасці, мэтазгоднасць і фарматы ахопу разам са старшакласнікамі навучэнцаў сярэдняга школьнага звяна, таму што ўзрастае роля ранняй прафарыентацыі і дапрофільнай падрыхтоўкі ў сістэме адукацыі. У гэтым напрамку ў нас ёсць каштоўны вопыт па рэаліза­цыі абласнога даследчага праекта “Укараненне мадэ­лі аграрнай прапедэўтыкі ў аспекце пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Якая ідэя паслужыла зыходным пунктам праекта?

— Мы зыходзілі з таго, што работа з мэтай павышэння прэстыжу аграрнай адукацыі вядзецца прадумана і планамерна, аднак яна ахоплівае пераважна старшакласнікаў і іх бацькоў. На гэтым этапе ў навучэнцаў на дастатковым узроўні сфарміравана сістэма ўяўленняў аб сацыяльнай значнасці аграрнай галіны ў агульнай сістэме каштоўнасцей. Аднак слабым звяном, якое зніжала якасць работы па стварэнні прывабнага іміджу аграрнага сектара, была адсутнасць дапрофільнага аграрнага напрамку ў навучанні на ўзроўні дашкольнай адукацыі, а таксама на першых дзвюх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Таму мы вырашылі скласці і апрабаваць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных менавіта на раннюю прапедэўтыку. Першапачаткова гэты праект быў разлічаны на 3 гады, заяўленыя задачы мы выканалі. Ра­зам з тым сёлета праект прадоўжаны, бо тэматыка надзвычай актуальная. Паколькі размова пайшла непасрэдна пра метадычную частку работы, то варта сказаць, што супрацоўнікі ВАІРА ўвайшлі ў склад аўтарскага калектыву, які распрацоўваў дапаможнік прапедэўтычнага курса “Свет сельскагай гаспадаркі. Блок 1: У свеце сельска­гаспадарчых раслін” для 7 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Вольга Лапацінская, рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— Напрацоўкі ВАІРА і Віцебскай вобласці па ранняй прапедэўтыцы і профільнай падрыхтоўцы ў класах (групах) аграрнай накіраванасці запатрабаваны не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Яркім пацвярджэннем гэтага з’яўляецца арганізаваны намі на базе інстытута ў лютым 2025 года сумесна з ВДАВМ і Башкірскім дзяржаўным аграрным універсітэтам І Міжнародны форум “Аграрная адукацыя: пераемнасць, супрацоў­ніцтва, будучыня”. Спачатку мы планавалі правесці яго разам з калегамі з Башкірыі, але ў выніку да нас далучыліся амаль усе профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Трансляцыя мерапрыемстваў форуму ішла на суседнюю краіну, у Віцебск прыехала каля 100 калег з расійскіх рэгіёнаў ад Керчы да Екацярынбурга — прадстаўнікі вышэйшай школы, каледжаў і агульнаадукацыйных устаноў. Дыстанцыйна далучыўся Казахстан, і, дзякуючы форуму, мы пасябравалі з Кыргызстанам — у гэтых краінах ёсць аналаг нашых агракласаў. Як вынік, за мінулы і пачатак бягучага навучальнага года мы паўдзельнічалі ў шэрагу міжнародных мерапрыемстваў ужо не выключна па аграрным, але і па іншых профілях, напрыклад, педагагічным. Гэтае супрацоўніцтва і ўзаемнае ўзбагачэнне працягваюцца.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і прадастаўлена ВАІРА