Чым вылучаецца Зашырскі дзіцячы сад – самая вялікая сельская ўстанова дашкольнай адукацыі на Ельшчыне

- 10:10Гомельская область, Знак качества, Индекс успеха, Образование

Зашырскі дзіцячы сад лічыцца самай вялікай сельскай установай дашкольнай адукацыі на Ельшчыне. Чым ён вылучаецца сярод іншых, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі педагогі.

З душой і любоўю да дзяцей

Прыемна ісці па аграгарадку і назіраць, як адчыніць брамку і апынуцца ў дзіцячым садку спяшаюцца дзеці і іх бацькі. Тэрыторыя ўстановы дагледжана, зна­чыць, такі парадак пануе і ўнутры. Зашырскі дзіцячы сад неаднойчы станавіўся пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы, быў занесены на Дошку гонару Гомельскай вобласці, а таксама Ельскага раёна. Менавіта тут займаюцца выхаваннем маленькіх чамучак 10 педагагічных супрацоўнікаў. Кожны спецыяліст знаходзіцца на сваім месцы і выконвае справу з душой, любоўю да дзяцей і прафесіі.

— Прыходжу ў сад крыху раней і радуюся не толькі маляўнічай прыроднай прыгажосці, якая нас акружае, але і таму, як выхавальнікі ўважліва ставяцца да дзяцей, бо кожнага маленькага хлопчыка ці дзяўчынку тут
чакаюць, — гаворыць загадчыца дзіцячага сада Вольга Яскавец. — Заўсёды заходжу ў групы, размаўляю з дзецьмі і педагогамі, вітаю бацькоў. Мне важна даведвацца, з якім настроем пераступаюць парог садка дарослыя і малышы, таксама важна, каб дзецям было камфортна і бяспечна ў дашкольнай установе. Пасля прывітання ўсім жадаю добрага дня. Калектыў у нас дружны і згуртаваны. У нас ніколі няма канфліктаў, а наадварот, больш вопытныя педагогі заўсёды дапамогуць і падкажуць маладым спецыялістам. Гэта ж выдатна, калі ёсць з кім дзяліцца сваім вопытам і напрацоўкамі.

Дарэчы, Вольга Паўлаўна кіруе ўстановай ужо 30 гадоў, у цэлым у галіне адукацыі яе стаж складае 36 гадоў. Да таго як стаць загадчыцай, яна чатыры гады працавала настаўніцай у Лельчыцкім раёне, затым два гады выхавальніцай у Зашырскім дзіцячым са­дзе. Сваю прафесію выбрала свядома, было з каго ўзяць прыклад.

— Мае бацькі — педагогі, маці — настаўніца пачатковых класаў, тата ў школе выкладаў геа­графію і гісторыю, — працягвае суразмоўніца. — З дзяцінства мне падабалася глядзець, як маці зай­маецца з вучнямі, правярае іх сшыткі, праводзіць заняткі. Баць­кі не сумняваліся, што і я абавязкова буду насіць ганаровае званне настаўніка. Першай педагагічную дынастыю нашай мнагадзетнай сям’і (бацькі выхавалі 9 дзяцей) працягнула старэйшая сястра, якая, між іншым, стала маім першым настаўнікам і правадніком у свет ведаў. Услед за сястрой і я выбрала педагагічны шлях, а з часам у нашай сям’і стала яшчэ больш на два настаўнікі — дзве мае дачкі таксама зрабілі выбар на ка­рысць высакароднай прафесіі.

Удалае спалучэнне магчымасцей

У размове аб адукацыйным працэсе загадчыца ўстановы расказала пра рэалізацыю мнос­тва напрамкаў. Тут актыўна вя­дзецца прафарыентацыйная работа з дзецьмі, таксама ўвага ўдзяляецца грамадзянскаму і патрыятычнаму, экалагічнаму выхаванню. Будучы ўдзельнікам рэс­публіканскага праекта “Зялёныя школы”, у гэтым го­дзе Зашырскі дзіцячы сад адзначаны дыпломам ІІ ступені.

— Дзіцячы сад — пачатковае звяно ў сістэме адукацыі, дзе маленькія грамадзяне вучацца дабру, сяброўству, разуменню, атрымліваюць фізічнае, псіхалагічнае, эстэтычнае і пазнавальнае развіццё, — падкрэслівае Вольга Паўлаўна. — У нашай установе працуюць 4 групы, з іх 2 — інтэг­раванага навучання і выхавання і 2 — рознаўзроставыя групы. Усяго сад наведваюць 40 дзяцей. Лічу, што вельмі важна навучыць з малога ўзросту беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя, любіць прыроду, родны край. Педагогі імкнуцца выхаваць сапраўдных патрыётаў. Акрамя таго, вялікая ўвага ўдзяляецца ранняй прафарыентацыі, работа гэтая накіравана на фарміраванне асобы дзіцяці і сістэмную дапамогу ў вызначэнні сябе ў свеце прафесій.

Педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Рагалевіч

Зазірнулі мы ў госці да выхаванцаў старшай групы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю паказалі самыя любімыя гульнявыя цэнтры: пакуль адны былі ў ролі цырульніка, іншыя “асвойвалі” медыцыну і банкаўскую справу.

— Праз гульню яны ўжо сёння ўяўляюць, кім могуць стаць у будучыні, — акцэнтуе ўвагу загадчыца дзіцячага сада. — Акрамя таго, развіваем асобу дзіцяці, яго індывідуальныя здольнасці, выкарыстоўваючы ў рабоце педагагічныя тэхналогіі ў розных адукацыйных абласцях. За гады работы ўдалося назапасіць разнастайны матэрыял, які сёння дапамагае спецыялістам у рабоце з дзецьмі. З гонарам адзначу, што ўсе дапаможнікі зроблены рукамі педагогаў. Разам з тым у садзе абнаўляецца і матэрыяльна-тэхнічная база. Так, па выніках падрыхтоўкі да навучальнага года сталі лепшымі ў раёне, гэтая перамога дазволіла абзавесціся мультыбордам, новай мэбляй, спартыўным інвентаром.

Экскурсія і знаёмства з установай і яе педагогамі працягваюцца. Праходзячы праз вечназялёны калідор, у якім цвітуць і пахнуць расліны, як вялікія, так і маленькія, адпраўляемся ў іншую групу. Тут дзеці ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў знаходзяцца пад наглядам педагога вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Людмілы Рагалевіч. Яна больш за 10 гадоў выкарыстоўвае ў рабоце адукацыйныя тэхналогіі ТРВЗ (тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач). Гэта, напэўна, адна з самых цікавых методык, якая дае магчы­масць развіваць творчы патэнцыял. У адукацыйным працэсе таксама прымяняюцца палачкі Кюізенера — папулярны вучэбны дапаможнік для дапытлівых розумаў ад 3 да 7 гадоў, які спрыяе развіццю матэматычных здольнасцей. А лагічныя блокі Дзьенеша дазваляюць удасканальваць аналітычнае і прасторавае мысленне, уменне знахо­дзіць адказ ад зваротнага, а таксама ўключаць у работу ўспрыманне, памяць, увагу і ўяўленне.

— Як паказвае практыка і вопыт работы педагога ў гэтым напрамку, выхаванцы хутчэй запамінаюць новы матэ­рыял, больш упэўнены ў сваіх сілах, лепш падрыхтаваны да школы, што немалаважна, — пералічвае разнастайныя плюсы кіраўнік. — Спецыялісты ўстановы таксама рэалізоўваюць эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. Так, дзеці станавіліся пераможцамі конкурсу даследчых работ “Я — даследчык”.

Работа педагогаў накіравана на выхаванне сапраўдных маленькіх грамадзян і патрыётаў: на працягу ўсяго часу ў садку праводзяцца тэматычныя заняткі, конкурсы, экскурсіі, у памяць аб Вялікай Айчыннай вайне створана экспазіцыя “Вайна. Перамога. Памяць”, дзейнічае пастаянная выстава “Ордэн у маёй сям’і”.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыятычным праектам. Карыстаецца папулярнасцю музейны пакой “Беларуская хатка”, які дапамагае азнаёміць выхаванцаў з культурай і традыцыямі беларускага народа. Тут сваё месца зай­маюць даволі рэдкія экспанаты, прадметы побыту і адзення. Дарэчы, далучыцца да традыцый продкаў дапамагае і аб’яднанне па інтарэсах. Не перадаць ра­дасць і захапленне дзяцей, калі яны займаюцца ткацтвам!

Адпаведная ўвага педагогамі надаецца дзіцячай бяспецы, таму што жыццё і здароўе — важныя рэчы. Уласны пакой па бяспецы жыццядзейнасці дапамагае навучыць правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях, бліжэй азнаёміцца з працай пажарных.

З пачуццём, толкам, разуменнем

У апошні час становіцца ўсё больш дзяцей, якім неабходна карэкцыйная дапамога настаўніка-дэфектолага. У Зашырскім дзіцячым садзе створаны лепшы пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які адпавядае сучасным патрабаванням. Настаўнік-дэфектолаг Алена Гуд дапамагае выхаванцам выправіць тыя ці іншыя парушэнні маўлення. Як паказвае практыка, ва ўсіх дзяцей, якія наведваюць карэкцыйныя заняткі, назіраюцца паляпшэнні. Напрыклад, летась у 7 дашкалят цалкам выпраўлены парушэнні маўлення.

— Галоўнае — зразумець прычыну затрымкі, — адзначае Алена Гуд. — Калі сын ці дачка не вымаўляе гукі [р] і [л], гэта адна сітуацыя, на якую таксама варта звярнуць увагу. Часам праблема аказваецца намнога глыбейшай — дзіця перастаўляе склады месцамі, не можа пераказаць казку, паўтарыць некалькі сказаў, чыстагаворку альбо фразу складанай складовай структуры. У такім выпадку ў будучага першакласніка з’явіцца парушэнне чытання і пісьма.

Дзецям з парушэннямі маў­лення патрэбны заняткі са спецыя­лістам. Настаўнік-дэфек­толаг са шматгадовым стажам запэўнівае, што ва ўстанове дашкольнай адукацыі дзецям аказваецца своечасовая карэкцыйная дапамога. Таксама ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прымяняюцца гульні па сенсорыцы, развіцці дробнай маторыкі, нейрагульні, іншыя гульнявыя тэхналогіі. Выкарыстанне
нейрагімнастыкі з выхаванцамі дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення дапамагае стымуляваць маўленчую актыў­насць, развіваць слыхамоўную ўвагу, нейрадынамічныя працэсы галаўнога мозгу, якія адказваюць за маўленне, пазнавальныя працэсы (увагу, памяць, мысленне). Галоўнае, што ў гэтай нялёгкай справе ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу нацэлены толькі на паспяховы вынік.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара