На мінулым тыдні ў Мінскай вобласці былі падведзены вынікі абласнога конкурсу “Малады кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі-2013”. Па выніках трох яго этапаў пераможцай была прызнана Наталля Міхайлаўна Сушко, дырэктар сярэдняй школы № 9 Жодзіна.
Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Конкурс закліканы стымуляваць да работы кіраўнікоў агульнай сярэдняй адукацыі, вызначаць найбольш паспяховых дырэктароў школ, выяўляць і распаўсюджваць вопыт эфектыўнага кіравання, фарміраваць пазітыўны імідж кіраўнікоў школы.
У склад журы конкурсу ўвайшлі работнікі і спецыялісты ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, члены Савета дырэктараў устаноў адукацыі Мінскай вобласці
У першым конкурсе “Малады дырэктар” вырашылі паспрабаваць свае сілы 19 кіраўнікоў амаль з усіх рэгіёнаў Міншчыны (акрамя Мядзельскага, Смалявіцкага, Салігорскага, Стаўбцоўскага раёнаў). Адметна, што ўсе яны ў свой час знаходзіліся ў складзе рэзерву кіруючых кадраў. Пераважная колькасць канкурсантаў-дырэктараў — людзі, якія працуюць на гэтай пасадзе больш за два, але менш за пяць гадоў, але былі і пачынаючыя (два чалавека), якія і двух гадоў не прапрацавалі на пасадзе дырэктара, і толькі адзін чалавек мае стаж кіраўніцкай дзейнасці пяць гадоў. Усе маладыя кіраўнікі працуюць у самых розных навучальных установах: 14 узначальваюць установы адукацыі, размешчаныя ў сельскай мясцовасці (гэта і базавая школа, і сярэдняя, і вучэбна-педагагічны комплекс), 4 — гарадскія школы, адзін кіраўнік з’яўляецца дырэктарам гімназіі. Як станоўчы факт адзначаўся ўдзел у конкурсе чатырох мужчын.
Малады кіраўнік павінен эфектыўна кіраваць кадрамі і фінансамі, дакладна ставіць мэты і задачы як перад сабой, так і перад калектывам, кантраляваць, аналізаваць і несці адказнасць за іх выкананне. Для гэтага ён павінен быць не толькі выдатным менеджарам, педагогам, але і лідарам, здольным весці за сабой людзей.
Першае конкурснае выпрабаванне пачалося яшчэ ў мінулым годзе. З лістапада па студзень маладыя кіраўнікі працавалі над эсэ на тэму “Я — дырэктар”. Удзельнікі конкурсу павінны былі адлюстраваць ролю кіраўніка ўстановы адукацыі ў сучасных умовах, праблемы асабістай кіраўніцкай дзейнасці, прычыны, па якіх яны ўзнікаюць, і магчымыя спосабы іх вырашэння, бачанне перспектыў развіцця ўстановы адукацыі і яе рэсурснага забеспячэння. Усе свае меркаванні і думкі неабходна было выкласці на пяці старонках, абавязкова прадставіць асабісты вопыт.
7 лютага ўсе ўдзельнікі конкурсу прыехалі ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе іх чакалі яшчэ два выпрабаванні — тэсціраванне і рытарычны конкурс. Тэсціраванне ўключала пытанні па нарматыўна-прававым забеспячэнні дзейнасці ўстановы адукацыі і менеджменце ў сферы адукацыі.
У рытарычным конкурсе прымалі ўдзел толькі сямёра дырэктараў, якія найбольш паспяхова прайшлі два папярэднія выпрабаванні. У іх лік увайшлі Ала Сяргееўна Петруковіч, дырэктар Гарэніцкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Бярэзінскага раёна; Марына Юр’еўна Савянок, дырэктар сярэдняй школы № 20 Барысава; Аляксандр Часлававіч Пуцейка, дырэктар Асіповіцкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Вілейскага раёна; Святлана Віктараўна Цыган, дырэктар Навасёлкаўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Капыльскага раёна; Алена Пятроўна Мацвеенка, дырэктар Маркаўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна; Таццяна Рыгораўна Лугоўская, дырэктар Валевачоўскай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна; Наталля Міхайлаўна Сушко, дырэктар сярэдняй школы № 9 Жодзіна. Гэтым маладым кіраўнікам за 30 хвілін неабходна было падрыхтаваць выступленне на тэму “Да паспяховай школы: ад ідэі да выніку!”. Як адзначыла журы, усе дырэктары з’яўляюцца аратарамі, таму яны добра справіліся з конкурсам, па ўсім відаць, што ім даводзіцца выступаць перад самай рознай аўдыторыяй, таму яны ўмеюць трымаць сябе, валодаюць голасам, эмоцыямі.
Самую вялікую колькасць балаў па ўсіх трох конкурсах набрала Наталля Міхайлаўна Сушко. Другое месца было прысуджана Марыне Юр’еўне Савянок. На трэцім месцы аказалася Алена Пятроўна Мацвеенка, яна ж атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Усе лаўрэаты ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі і каштоўнымі падарункамі.
Сваё эсэ Наталля Міхайлаўна Сушко пабудавала ў форме асабістага дзённіка, дзе яна запісвала свае думкі і пачуцці, развагі пра сённяшні і будучы дзень сваёй школы. У сярэдняй школе № 9 Жодзіна Наталля Міхайлаўна працуе ўжо 15 гадоў, якраз напярэдадні конкурсу прайшоў гэты своеасаблівы юбілей, які патрабаваў пэўнага асэнсавання, падвядзення вынікаў. Прыйшла ў 9-ю школу Наталля Міхайлаўна маладой настаўніцай рускай мовы і літаратуры, потым стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а на пасадзе дырэктара працуе 4 гады. Пасля таго, як тры з паловай гады адпрацавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, нястрашна было станавіцца дырэктарам, прызналася Н.М.Сушко. Самымі складанымі былі пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстановы. Сёння найбольшы клопат маладога кіраўніка — педагогі. Яна пераканана, што лозунг “Кадры вырашаюць усё” не страчвае актуальнасці. Таму сваю задачу ў якасці кіраўніка школы Наталля Міхайлаўна бачыць у стварэнні добразычлівай атмасферы ў калектыве, у тым, каб педагогі павышалі кваліфікацыю, атрымлівалі маральнае задавальненне ад работы, ад стасункаў з дзецьмі, ад вынікаў сваёй працы. Н.М.Сушко лічыць, што сёння выпадковых педагогаў у школе няма. Тыя, хто разумеюць, што гэта не іх прафесія, пакідаюць школу. Застаюцца толькі адданыя сваёй справе, якія любяць сваю работу і дзяцей. Яны і складаюць калектыў сярэдняй школы № 9 Жодзіна.
Падчас узнагароджання пераможцаў конкурсу Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, старшыня арганізацыйнага камітэта конкурсу, заўважыла: “ Прыемна, што 19 удзельнікаў, якія прыехалі на конкурс, знаходзіліся ў рэзерве кіруючых кадраў. Гэта гаворыць пра тое, што на ўзроўні раённых выканаўчых камітэтаў, упраўлення адукацыі вялася мэтанакіраваная падрыхтоўка. За невялікі перыяд кіраўніцкай дзейнасці, калі вас прызначылі дырэктарамі, вы ўжо адбыліся як кіраўнікі, і гэта можна было ацаніць падчас конкурсных выпрабаванняў, дзе неабходна было прадэманстраваць не толькі прафесійныя веды, але і асабістыя якасці. Кожны з вас асоба, прафесіянал, і ў вас вялікая будучыня”.
У конкурсу ёсць будучыня, перакананы яго арганізатары і ўдзельнікі. Таму з вялікай верагоднасцю ён стане традыцыйным. А што да саміх канкурсантаў, то ім так цікава было стасавацца адно з адным, што яны выступілі з прапановай аб арганізацыі клуба маладога дырэктара. Як і планавалі арганізатары, конкурс сабраў яркіх неардынарных асоб, лідараў адукацыі, адданых прафесіі, людзей, якія ўмеюць адстойваць сваю пазіцыю, накіраваных на далейшае развіццё. Таму можна сказаць, што сістэма адукацыі Міншчыны ў найдзеных руках.
Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.