Праект абноўленай Канстытуцыі плануецца прадставіць для ўсенароднага абмеркавання ў канцы лістапада — пачатку снежня бягучага года.
Як паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка пасля сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, прапановы, якія былі сфармуляваны рабочай групай, у цэлым падтрыманы:
— У далейшым яшчэ чакаецца абмеркаванне з Канстытуцыйнай камісіяй… Думаю, што да канца лістапада — пачатку снежня мы выйдзем на ўсенароднае абмеркаванне праекта Канстытуцыі.
На этапе грамадскага абмеркавання ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць выказаць свае прапановы і пажаданні па змесце змяненняў Асноўнага закона, якія будуць улічаны пры падрыхтоўцы падагульняючага варыянта паправак.
— Бачыце, колькі этапаў мы праходзім, вельмі сур’ёзнае стаўленне, паколькі гэты дакумент робіцца на працяглы перыяд часу жыцця нашай краіны, — звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі.
Асобна журналісты пацікавіліся замацаваннем у Канстытуцыі статусу і паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу.
— Будзе прапаноўвацца Усебеларускі народны сход як вышэйшы прадстаўнічы орган, — сказаў Ігар Сергяенка. — Адпаведна вызначаны паўнамоцтвы гэтага органа, якія былі прапісаны і прапанаваны Канстытуцыйнай камісіяй, і рабочая група дабавіла ў тым ліку паўнамоцтвы па выбранні кіраўнікоў са складу Канстытуцыйнага, Вярхоўнага судоў, ЦВК, зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігоддзе і шэраг іншых.
Знайшлі адлюстраванне ў праекце Канстытуцыі і пытанні вылучэння кандыдатаў УНС.
— Навацыі не павінны дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, не павінны прывесці да разбалансаванасці ў сістэме дзяржаўных органаў. Навацыі павінны толькі садзейнічаць умацаванню дзяржаўнасці і абароне канстытуцыйнага ладу і суверэнітэту нашай краіны, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі.
Падагульняючы тэкст паправак у Канстытуцыю павінен быць апублікаваны для ўсеагульнага азнаямлення за месяц да рэферэндуму.
Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.