Дзяцей з парушэннямі маўлення аб’ядноўваюць адны і тыя ж праблемы: дэфекты гукавымаўлення, недаразвіццё фанематычнага слыху, лексіка-граматычнага ладу маўлення, недахопы звязнага маўлення.

З псіхалагічнага боку ў гэтых дзяцей часта сустракаецца маўленчы негатывізм, перажыванне з прычыны свайго дэфекту, нізкае запатрабаванне ў зносінах. Каб пераадолець гэтыя цяжкасці, мэтазгодна выкарыстоўваць розныя наглядна-метадычныя дапаможнікі, дыдактычныя гульні. Усе ведаюць, што ў дзяцей дашкольнага ўзросту наглядна-вобразнае мысленне цесна звязана з маўленнем, якое фіксуе выявы-ўяўленні. Таму правільны падбор нагляднасці ў значнай ступені ўплывае на поспех карэкцыйна-развіццёвага працэсу.
Улічваючы гэта, я прыйшла да высновы пра неабходнасць стварэння свайго аўтарскага дыдактычнага дапаможніка — шматфункцыянальнай стойкі “Развівайка”. Дыдактычны дапаможнік дазваляе фарміраваць уменне праводзіць гукавы аналіз і сінтэз слоў, вызначаць колькасць складоў у словах і колькасць слоў у сказе, развіваць навыкі звязнага маўлення, дробную маторыку рук, артыкуляцыйную маторыку, аўтаматызаваць гукі ў словах.
Шматфункцыянальная стойка “Развівайка” мае чатыры бакі. Пры дапамозе боку з “Файлавай пірамідай” я фармірую ў выхаванцаў складовую структуру слова, уменне дзяліць сказы на словы. Акрамя таго, шырока выкарыстоўваю гэты бок пры навучанні дзяцей грамаце. У файлы змяшчаюцца фішкі, карткі з літарамі, а дзеці складаюць словы.
Бок з “Елкай” на ліпучках дапамагае замацоўваць правільнае гукавымаўленне, спрыяе развіццю артыкуляцыйнага апарату. Для гэтага боку падабрана шмат практыкаванняў з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу — шышкі, гірлянды, птушкі і іншае, на адваротным баку якіх — прадметныя малюнкі.
“Гукавы дыск” дазваляе ў гульнявой сітуацыі правесці карэкцыйную работу па замацаванні характарыстык гукаў. У “Лічбавых вокнах” малюнкі лёгка вымаюцца і ўстаўляюцца, дзеці могуць самі іх мяняць. Лічбавыя вокны можна выкарыстоўваць пры рабоце над лексічнымі тэмамі, фарміраванні граматычнага ладу маўлення, развіцці звязнага маўлення. Шматфункцыянальнасць дапаможніка выяўляецца ў разнастайнасці малюнкаў, якія можна выкарыстоўваць у адпаведнасці з пастаўленай мэтай.
Дыдактычны дапаможнік дазваляе выкарыстоўваць розныя варыянты гульнявых заданняў і практыкаванняў з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей. Падчас правядзення карэкцыйных заняткаў з выкарыстаннем шматфункцыянальнага дапаможніка ў выхаванцаў назіраецца павышаная цікавасць да дзейнасці, развіваюцца ўвага, памяць, разумовыя працэсы, дробная маторыка, узбагачаецца і актывізуецца слоўнік, развіваецца звязнае маўленне, пашыраецца кругагляд.
У нашай установе дыдактычны дапаможнік выкарыстоўваецца на падгрупавых занятках і ў індывідуальнай рабоце не толькі настаўнікам-дэфектолагам, але і выхавальнікамі.
Вольга БЛОЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч.





