Дапытлівыя пачаткоўцы

- 8:13Выхаванне, Краязнаўства

Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратурнага чытання адкрывае шырокія магчымасці для самастойнай дзейнасці вучняў, для пошуку, даследавання і нават невялікага адкрыцця.

Аналіз зместу мастацкага твора ў пачатковай школе вельмі важны. У працэсе чытання і аналізу таго ці іншага літаратурнага твора вядуцца назіранні за мовай, за некаторымі асаблівасцямі кампазіцыі, таму што задума пісьменніка раскрываецца праз сістэму выяўленчых сродкаў. Дзеля лепшага замацавання матэрыялу мэтазгодна параўноўваць апісанае з мясцовымі краявідамі, прымаўкамі, асаблівасцямі маўлення. У настаўніка з’яўляецца магчымасць правесці невялікія экскурсіі (падарожжы) па родным краі пры вывучэнні тэм “Чалавек і прырода” (4 клас), “Увосень і верабей багаты” (3 клас).   

Малодшыя школьнікі спазнаюць мінулае і сучаснасць пераважна з жыцця, назіраючы за тым, што адбываецца вакол, знаёмячыся з помнікамі і гістарычнымі месцамі свайго краю, здзяйсняючы экскурсіі ў мясцовыя музеі, слухаючы ўспаміны сваякоў — прадстаўнікоў розных пакаленняў. Набытыя матэрыялы выкарыстоўваю пры замацаванні тэм “Лёс чалавека на вайне” (4 клас), “Хто хоча шчасліва жыць, той працу павінен любіць” (3 клас).

Краязнаўчы матэрыял прымяняю на розных этапах урока. Асабліва важна задзейнічаць яго на этапе вывучэння новага матэрыялу. У ліку эфектыўных прыёмаў — аповед настаўніка, гульня, разбор ілюстрацый, гутарка, вынікі якой абагульняюцца дзецьмі ў выказваннях. Вялікая ўвага ўдзяляецца практычным работам, напрыклад, прапануецца скласці свой радавод, прыдумаць герб сям’і і г.д.

Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроках можа быць розным, пачынаючы ад пэўных прыкладаў для ажыўлення матэрыялу да правядзення спецыяльных, цалкам заснаваных на краязнаўчым матэрыяле, урокаў. Апошнія мэтазгодна праводзіць або ў час экскурсій да помнікаў гісторыі і культуры, або ў краязнаўчым музеі (тэмы “Мірна жыць — шчаслівым быць”, “Лёс чалавека на вайне”).

Значнасць выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках літаратурнага чытання абумоўлена яшчэ і тым, што веды малодшых школьнікаў у працэсе навучання фарміруюцца не толькі шляхам засваення слоўнага апісання тых ці іншых прадметаў і з’яў, але і шляхам непасрэднага ўспрымання помнікаў гісторыі і культуры роднага краю, падчас экскурсіі, праз рэальныя прадметы, знойдзеныя на гарышчы, з дапамогай прачытаных кніг.

Для вучняў пачатковых класаў лічацца прыдатнымі такія прыёмы, як сачыненні-замалёўкі, малюнкі, стварэнне тэматычных буклетаў, тэматычныя гутаркі, аповеды відавочцаў або сучаснікаў. Яны падкрэсліваюць важнасць гэтай дзейнасці, бо пошук абуджае ў малодшых школьнікаў дапытлівасць, спрыяе наладжванню больш цесных адносін паміж дзецьмі і бацькамі, прывівае цікавасць да роднага краю.

Родная прырода, людзі, своеасаблівасць мовы і побыту тых мясцін, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, асабісты жыццёвы вопыт — усё гэта нярэдка знаходзіць непасрэдны выхад у творчую практыку. Краявіды Наднямоння апетыя ў многіх творах Я.Коласа, а факты, здарэнні, якія мелі месца ў яго ўласным жыцці і  жыцці яго блізкіх, знаёмых, знайшлі мастацкае асэнсаванне ў творчасці. Урокі літаратурнага чытання дапаўняюцца вынікамі пачатковага літаратурна-краязнаўчага даследавання, прысвечанага сувязям жыцця і творчасці вядомых пісьменнікаў, мастакоў з рэальнымі гістарычнымі асобамі. Багаты краязнаўчы матэрыял знойдуць вучні тых школ, што размяшчаюцца недалёка ад так званых літаратурных гнёздаў (тэмы “Чалавек, слова і кніга”, “Чалавек без Радзімы, што салавей без песні”).

Алена ІВАНЦЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Кямелішкаўскага ясляў-сада —
сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.