Дарогі і купалы. Як захапляе дзяцей краязнаўствам настаўніца гісторыі з Лунінца Дзіяна Сладзінская

- 14:33Персона

Ураджэнка беларуска­-грузінскай сям’і настаўніца з Лунінца Дзіяна Сладзінская служыць прыкладам шчырай любові да Беларусі. Ужо 37 гадоў яна выкладае гісторыю і захапляе дзяцей краязнаўствам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Карані жыцця

Дзіяна Раманаўна з цёплай усмешкай прыадкрывае старонкі сямейнай гісторыі. Яшчэ ў савецкія гады яе бацька праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Грузіі і дадому ў Лунінец вярнуўся не адзін, а з маладой жонкай.

— Я нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Лунінцы. Пакуль была жывая матчына радня, мы ездзілі ў госці ў Грузію. А потым быў перапынак амаль на 30 гадоў. Не так даўно я паехала туды ўжо як турыст, наведала роднае сяло маёй маці пад Батумі. Эмоцый было шмат. Але, вядома ж, усё маё жыццё — тут, на беларускай зямлі, — расказвае яна.

У іх сям’і раней не было настаўнікаў, але Дзіяна Сладзінская заўсёды была ўпэўнена, што яе прызванне менавіта ў рабоце з дзецьмі. Пачынала свой працоўны шлях у сярэдняй школе № 2 Лунінца піянерважатай. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ стала выкладаць тут гісторыю, што паспяхова робіць ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі. Навошта мяняць месца працы, калі яно дае ўсе магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял і ўвасо­біць ідэі, справядліва адзначае яна.

Па Лунінецкім Арбаце

Дзіяна Раманаўна знаходзіцца ў пастаянным творчым і прафесійным пошуку, на вучэбных і факультатыўных занятках актыўна прымяняе самыя розныя педагагічныя тэхналогіі, формы і метады. Дарэчы, кабінет гісторыі выглядае як этнаграфічны куток, у якім прадстаўлены старадаўнія прадметы побыту жыхароў Лунінецкага раёна. Па ініцыятыве настаўніцы яго сумеснымі намаганнямі стварылі супрацоўнікі школы, навучэнцы і іх бацькі. Суседства з рарытэтамі, якія былі неад’емнай часткай жыцця пра­дзедаў і прапрадзедаў, дапамагае ствараць на ўроках адпаведную атмасферу.

Самі за сябе аб выніках работы настаўніцы гавораць лічбы. Так, у 2022/2023 навучальным годзе сярэдні бал вучняў па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” склаў адпаведна 8,0 і 7,9, па выніках здачы цэнтралізаванага экзамену па гісторыі Беларусі ў 2023 годзе — 8,2.

Настаўніца выпрацавала сіс­тэму эфектыўнага выкарыстання пры вывучэнні беларускай гісторыі краязнаўчага матэрыя­лу. Увесь той вялікі багаж ведаў па мінулым Лунінеччыны, які карпатліва назбірала за гады работы, яна перадае дзецям у цікавай і запамінальнай форме.

— Калі ўзгадваеш падзеі, імёны, якія звязаны з добра знаёмымі мясцовымі населенымі пунктамі, літаральна бачыш, як у вачах вучняў загараюцца агеньчыкі цікавасці. Вельмі важна максімальна выкарыстаць яе патэн­цыял, — адзначае мая суразмоўніца. — Краязнаўчы матэрыял дапамагае паглыбіць веды вучняў, усвядоміць адзінства гісторыі краіны з гісторыяй роднага горада, вёскі і нават сям’і. Гэта матывуе дзяцей да вывучэння прадмета, аблягчае яго засваенне, а таксама робіць веды больш трывалымі.

Педагог актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі. Стварыла электронны дапаможнік “Выкарыстанне краязнаўчага кампанента на ўроках гісторыі Беларусі”, шмат выступае з дакладамі па гэтай тэме на навукова-практычных канферэнцыях, чытаннях, семінарах.

Значную ўвагу ў сваёй педа­гагічнай дзейнасці настаўніца ўдзяляе пазаўрочнай рабоце па прадмеце. Дзіяна Сладзінская з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Мая Лунінеччына”, а таксама навуковай суполкі вучняў “Думка”. Пад яе кіраўніц­твам дзеці з захапленнем збіра­юць матэрыял аб месцах і па­дзеях, праз якія могуць лепш усвядо­міць гісторыю роднага краю.

Так, настаўніца з дзецьмі ра­зам вывучалі так званы “Лунінецкі Арбат” — частку вуліцы ў цэнтры горада, на якой захаваліся будынкі пачатку мінулага стагоддзя — папулярнае ў свой час месца, дзе любілі прагульвацца прыгожа апранутыя дамы і кавалеры. Юныя даследчыкі даведаліся, як будаваліся тут дамы, хто ў іх жыў, якія ўстановы размяшчаліся на розных гістарычных этапах. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі матэ­рыялы з краязнаўчага музея, з іншых крыніц, а таксама распытвалі старажылаў.

Важную і карысную работу правялі па вывучэнні некропаляў на старых гарадскіх могілках у цэнтры горада. Вучні па крупінках сабралі інфармацыю аб вядомых земляках, якія тут пахаваны. Дарэчы, сярод іх тры Героі Савецкага Саюза Мікалай Давы­даў, Пётр Багданаў, Іван Пяцяры, партызанскі разведчык Іван Лімонт, дырэктар рэальнага ву­чылішча Мікалай Царэўскі, загадчык аддзела мясцовага ваенкамата ў пасляваенны перыяд Іван Лосеў, які загінуў ад рук бандытаў, і інш. Але гэтым не абмежаваліся, а склалі пашыраны каталог пахаванняў і перадалі яго прадстаўнікам гарадской камунальнай гаспадаркі.

Пятнаццаць гадоў на базе лунінецкай школы № 2 праводзіцца раённы турнір юных гісторыкаў. Яе каманда вучняў заўсёды ў ліку пераможцаў.

Дарогі і купалы

Вучні Дзіяны Сладзінскай з году ў год перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару, навучэнскіх навукова-практычных канферэнцыях. Прыемна здзіўляе, якія цікавыя тэмы заўсёды заяўляюць навучэнцы. Гэта адзін з важных прынцыпаў работы педагога: самы кароткі шлях да ведаў — праз шчырае захапленне пытаннем, якое хочаш паглыблена вывучыць.

Так, старшакласнік Ягор Скрыбка даследаваў гісторыю дарожных пакрыццяў, якія прымяняліся на Лунінеччыне ў XIX — пачатку XX ст. У іх ліку — польскі брук, трылінка, каціныя лбы і іншыя. Крок за крокам хлопец вызначыў, у чым спецыфіка кожнага пакрыцця, хто і калі яго выкладваў і г.д. Работа была адзначана дыпломам лаўрэата XXVIII Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, а таксама дыпломам ІІ ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.

Другі навучэнец, Ваня Рафаловіч, у сваёй рабоце паглыбіўся ў тэму меліярацыі, якая пачалася на Лунінеччыне яшчэ ў XIX стагоддзі, а з 1950-х гадоў разгарнулася вельмі маштабна — тут была пабудавана доследная меліярацыйная станцыя. Існу­юць розныя думкі наконт таго, патрэбна было ў свой час право­дзіць меліярацыю ці не. Хлопец не проста даследаваў гісторыю пытання, але і аргументаваў свой пункт гле­джання на яго. Работа таксама была неаднаразова адзначана, у тым ліку атрымала ў мінулым годзе дып­лом ІІІ ступені рэспуб­ліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ.

Новае даследаванне вучня прысвечана Свята-Мікалаеўскай царкве ў Кажан-Гарадку, пабудаванай у XIX стагоддзі. Настаўніца падкрэслівае, што мэта работы — не толькі раскрыць малавядомыя старонкі гісторыі храма, але і прыцягнуць увагу да яго стану: будынак месцамі прасеў, купалы стаяць не строга вертыкальна. Каб дапамагчы пошуку сродкаў на рамонт храма, найбольш цікавыя факты з даследавання навучэнца друкуюцца ў сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі. Таксама ім распрацаваны экскурсійна-турыстычны маршрут “Шляхамі праваслаўя”.

— Даследчая краязнаўчая дзейнасць дапамагае дзецям лепш ведаць і разумець гісторыю роднага краю, любіць сваю краіну. Якую б прафесію ў далейшым ні выбраў наш выпускнік, гэты ўнут­раны пасыл вельмі важны, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Акрамя таго, вучні атрымліваюць каштоўныя навыкі работы з інфармацыяй, вучацца выбіраць галоўнае, рабіць высновы. Прычым захоўваюць цікавасць да такой дзейнасці і ў далейшым. Прыемна чуць ад выпускнікоў, якія паступілі ва ўніверсітэты розных профіляў, што яны таксама пі­шуць там даследчыя работы. Значыць, зерне ўпала на добрую глебу і дае свае ўсходы!..

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена лунінецкай школай № 2