Дарожную карту падрыхтоўкі педагогаў да конкурсаў прафмайстэрства распрацавалі ў сярэдняй школе № 34 Бабруйска

- 10:10Образование

Сёння ў школе працуюць больш за 90 настаўнікаў. Тут імкнуцца ўсіх матываваць на бесперапынны творчы пошук і прафесійны рост. Агульнымі намаганнямі стварылі сапраўдную тэрыторыю магчымасцей, дзе каштоўны голас і ўклад кожнага педагога, расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар Ірына Матузава.

Адміністрацыяй школы распрацавана цэласная сістэма падтрымкі настаўнікаў. Першы пункт дарожнай карты — выяўленне і навучанне актыўных педагогаў. Ва ўстанове рэгулярна праводзяцца майстар-класы, семінары, практыкумы, метадычныя суботы, дзейнічае моцны інстытут настаўніцтва, па неабходнасці ажыццяўляецца псіхалагічная дапамога.

— Мы арганізавалі прастору, дзе настаўніцтва, эмацыянальная падтрымка, абмен вопытам і прызнанне з’яўляюцца не выключэннем, а нормай. Ніколі не пакідаем без увагі захопленых сваёй справай педагогаў. Другі этап нашай сістэмы — складанне індывідуальных траекторый развіцця. Настаўнікі спрабуюць сябе ў ролі мадэратараў, спікераў, ментараў. Прапануем ім праводзіць адкрытыя ўрокі, прадстаўляць свае метадычныя знаходкі на школьным фестывалі “Ідэя #34”, абагульняць напрацоўкі на пасяджэннях метадычных і педагагічных саветаў. Педагогі публічна прэзентуюць сябе ў родных сценах і толькі пасля гэтага мэтанакіравана далучаюцца да конкурснага руху. Пачынаюць з рэгіянальных спаборніцтваў і паступова выходзяць на ўзровень конкурсу “Настаўнік года”. Упор робім на правя­дзенне конкурсу ўнутры ўстановы. Педагогі праходзяць праз такія ж этапы, якія іх чакаюць у наступных турах, — растлумачыла Ірына Мікалаеўна.

Удзел у любым мерапрыемстве ці спаборніцтве ў школе лічаць каманднай работай. У падрыхтоўцы канкурсанта нязменна задзейнічаны ўвесь калектыў, і гэта прыносіць вынікі. Толькі за апошнія гады тры маладыя спецыя­лісты сталі пераможцамі прэстыжнага абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”. Дзевяць настаўнікаў завая­валі пераможныя дыпломы ў розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Так, настаўніца нямецкай мовы Кацярына Крылова перамагла на рэгіянальным этапе ўсерасійскага конкурсу “Педагагічны дэбют”, настаўніца англійскай мовы Кацярына Піскунова вызначылася на рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак. Святлана Здаранкова, якая выкладае фізіку і астраномію, з’яўляецца лаўрэатам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

— Вельмі важны момант: педагогі ідуць на конкурсы не проста дзеля ўдзе­лу ці перамогі. Ключавой задачай яны бачаць пашырэнне прафесійных гарызонтаў. Пасля завяршэння конкурсаў назапашаны вопыт настаўнікі ператвараюць у рэсурс для развіцця ўсёй школы, — падкрэсліла Ірына Матузава. — Яны распаўсюджваюць і трансліруюць свае лепшыя практыкі, садзейнічаюць іх укараненню ў работу калег, што спрыяе павышэнню якасці адукацыйнага пра­цэсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА