Маладзёжны праект “Азбука грамадзяніна” атрымаў шырокую папулярнасць і паспяхова быў рэалізаваны БРСМ сумесна з ГДУ імя Ф.Скарыны напярэдадні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і прэзідэнцкіх выбараў. Зараз прэзентавана яго апошняя версія.

Асноўная задача новай версіі праекта — у даступнай форме праінфармаваць моладзь пра рэферэндум, гісторыю яго правядзення ў Беларусі, а таксама пра тое, якія асноўныя змяненні ўнесены ў Асноўны закон — Канстытуцыю.
— Праект “Азбука грамадзяніна. Версія 3.0” дазваляе павялічыць электаральную актыўнасць моладзі, — лічыць першы сакратар абкама БРСМ Вераніка Гудкова. — 27 лютага ў Беларусі адбудзецца канстытуцыйны рэферэндум. Рэферэндум — гэта вотум даверу народу, прызнанне за ім права на прыняцце стратэгічных рашэнняў, якія закранаюць жыццёва важныя інтарэсы дзяржавы і грамадства. Таму цяпер вельмі важна прыцягнуць увагу моладзі для павышэння канструктыўнай палітычнай актыўнасці. Праект дазваляе даць маладым людзям разуменне таго, для чаго праводзіцца рэферэндум, растлумачыць яго функцыі.
Праект папулярны і запатрабаваны ва ўстановах адукацыі і ў працоўных калектывах. Ён уключае міні-лекцыю і дзелавую гульню. Аднак гэта не проста акадэмічная лекцыя, падчас якой тлумачыцца матэрыял, а своеасаблівая дыскусія. Таксама камандам—удзельніцам дзелавой гульні прапанавалі за мінуту назваць як мага больш паняццяў, звязаных з рэферэндумам і выбарчым правам. Ёсць і іншы варыянт гульні: суаднесці прадстаўленыя на картках паняцці з іх значэннямі. Маладзёжны праект дазваляе павялічыць цікавасць да важнай палітычнай падзеі, праявіць эрудыцыю і кемлівасць. Да таго ж тэму канстытуцыйнага рэферэндуму раскрылі запрошаныя эксперты.
Шмат канстытуцыйных пастулатаў і навін тычыцца моладзі. Размова ў тым ліку пра гістарычную памяць — пасыл для будучых пакаленняў. Дзяржава ўдзяляе шмат увагі гэтай тэме, бо, на жаль, у руках нядобрасумленных палітыкаў гісторыя стала сродкам барацьбы.
— Таму мы імкнёмся даносіць моладзі ўсё тое, што ведаем ад сваіх бацькоў і дзядоў, — гаворыць старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў член Савета Рэспублікі Аляксей Нявераў. — А рэферэндум — гэта магчымасць прыняць звод заканадаўчых актаў, які дазволіць нам у будучыні развіваць дзяржаву і ісці наперад.
Паглыбіць моладзь у атмасферу праекта дазволіла маладзёжная інтэрактыўная выстава “Канстытуцыя — сіла Асноўнага закона”. Яна ўяўляе сабой імправізаваны выбарчы ўчастак з урнай для галасавання. Таксама ўсе госці азнаёміліся з тэматычным мерчам праекта БРСМ “Канстытуцыя — сіла Асноўнага закона” і паўдзельнічалі ў віктарыне “Сіла Асноўнага закона”. Дарэчы, маладзёжны праект у новай версіі хутка пройдзе ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.






