Добры мікраклімат: у мінскім садзе № 341 педагогі ствараюць сямейную атмасферу

- 9:15Образование

Галоўнае — стварыць для выхаванцаў і супрацоўнікаў добрую, камфортную атмасферу любові і даверу. Такое меркаванне ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» выказала загадчыца дзіцячага сада № 341 Мінска Наталля Чахомава.

Дзіцячаму саду № 341, які ўтульна размясціўся пад вялікімі дрэвамі, хутка споўніцца 50 гадоў. Наталля Сямёнаўна паказвае мне дакумент, які тут беражліва захоўваюць:

— Гэта загад аб адкрыцці нашай установы ў 1974 годзе. У ім значыцца, што ўзначальвала яе тады Зоя Іванаўна Аўрыянава — зараз ёй ужо 80 гадоў, мы падтрымліваем з ёй цесны кантакт. Традыцыя пераемнасці існуе тут з самага пачатку існавання сада — гэта наш брэнд, усіх нашых педагогаў мы памятаем, новых з радасцю прымаем у сям’ю. Супрацоўнікі затрымліваюцца надоўга, а значыць, у садзе добры мікраклімат. Некаторыя працуюць тут па 30 гадоў і больш. Я сама прыйшла сюды 18-гадовай дзяўчынай і працую ўжо 35 гадоў, а з 2000-га — на пасадзе загадчыка.

Дзіцячы сад даволі вялікі: 10 груп, 52 супрацоўнікі, з якіх 28 займаюцца педагагічнай дзейнасцю. Дарэчы, дзетак з часам становіцца ўсё больш.

— Гэтая ўстанова першапачаткова і планавалася вялікай — на 12 груп, — заўважае Наталля Сямёнаўна. — Наш мік­рараён новым ужо не назавеш, але маладых сем’яў шмат: будуюцца новыя дамы. Былыя выпускнікі сада прыводзяць да нас сваіх дзяцей — ведаюць, што ў нас тут востраў спакою пад раскідзістымі дрэвамі. Да нас возяць дзетак і з іншых раёнаў сталіцы. Наша асноўная задача — забеспячэнне паўнавартаснага развіцця дзіцяці, яго псіхалагічнага дабрабыту і эмацыянальнага камфорту. Кожнае дзіця для нас — асоба. Ім захапляюцца, яго шануюць, у яго вераць. Дарэчы, мы маем шыкоўную прысадаўскую тэрыторыю — вялікі зялёны парк. Стараемся стварыць у садзе сямейную атмасферу, чаму вельмі спрыяюць нашы педагогі. Яны прывіва­юць дзецям цікавасць да фізічнай культуры і спорту, штодзённа расказваюць ім пра асновы здаровага ладу жыцця. Ужо шмат гадоў свой перадавы вопыт у гэтым напрамку мы распаўсюджваем у раёне.

Чытайце матэрыял Лізаветы МІЦКЕВІЧ у нумары ад 10 сакавіка 2023 года.