Для сям’і Ягора і Святланы Чарапок з Ваўкавыска педагогіка — гэта не проста прафесія, а натхненне, крыніца творчасці і магчымасць праявіць сябе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагогіка сэрцам
Памятаю сваю першую сустрэчу з прадстаўнікамі гэтага настаўніцкага дуэта. На сцэне Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі галава сям’і ўдзельнічаў у конкурсе “SuperПРОФІ”. Яго творчая самапрэзентацыя не абышлася без удзелу Святланы. Разам педагогі выканалі кранальную кампазіцыю “Сэрца зямлі маёй”. Іх сумесны нумар пакарыў журы і прынёс заслужанае прызавое месца.

— Пасля гэтага мы не раз удзельнічалі ў розных конкурсах. У мінулым навучальным годзе сталі фіналістамі першага рэспубліканскага конкурсу сярод маладых сем’яў “Я — прафсаюзная сям’я”. Для перамогі тады не хапіла літаральна крыху. Але тое, што падарыў нам удзел у гэтым творча-сямейным спаборніцтве, — гэта ўжо велізарная перамога. Мы наогул стараемся ніколі не сядзець на месцы. Да таго ж кожнае новае сумеснае падарожжа пашырае кругагляд нашых дзяцей — трохгадовага Серафіма і шасцігадовай Вары — і напаўняе іх жыццё яркімі ўражаннямі, — дапаўняючы адно аднаго, адзначаюць педагогі.
Ягор сваю старонку ў педагагічным летапісе піша ўжо ў трэцім пакаленні. А вось прыйшоў ён у прафесію хоць і свядома, але часткова нечакана для сябе:
— Настаўнікам у сельскай школе некалі працаваў мой дзед. Прысвяціла жыццё гэтай справе і мама. Наталля Канстанцінаўна працавала настаўніцай геаграфіі, намеснікам дырэктара ў Гнезнаўскай сярэдняй школе. Так склалася, што яе не стала, калі я быў дзевяцікласнікам. У старшых класах мяне доўга не пакідала думка, што мама хацела бачыць сына ўрачом… Пасля 11 класа з лёгкасцю паступіў на бясплатную форму навучання ў медыцынскі ўніверсітэт у Гродне, але, не дачакаўшыся першай сесіі, зразумеў, што іду супраць сваёй сутнасці. Забраў дакументы. Пасля таго як шчыра сфармуляваў для сябе адказ на пытанне, кім жа хачу стаць, зноў паспяхова стаў студэнтам. Гэтым разам — Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ. Выбраў спецыяльнасць з правам выкладання грамадазнаўчых дысцыплін. Па размеркаванні 6 гадоў назад стаў часткай педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска.
З вялікай удзячнасцю настаўнік гісторыі гаворыць пра калег і кіраўніцтва ўстановы, якія многаму навучылі і матывавалі на самаразвіццё ў прафесіі:
— З першых хвілін успрыняў калектыў як каманду і заўсёды разумеў, што мне ў гэтай камандзе рады. Прывяду прыклад. У адным з выпрабаванняў конкурсу “Я — прафсаюзная сям’я” падтрымаць нас у сталіцу паехаў Юрый Лаечка, вопытны настаўнік рускай мовы і літаратуры нашай школы. Разам з намі ён падымаўся на сцэну падчас візітоўкі, якую мы прадставілі ў выглядзе тэлепраграмы “Пакуль усе дома”.
Жыццё і работа Святланы непарыўна звязаны з музыкай, яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і да дэкрэтнага водпуску працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садзе:
— У гэтым годзе выйшла працаваць ужо выкладчыкам па вакале ў Ваўкавыскую дзіцячую школу мастацтваў. Займаюся тым, што дорыць мне вялізную асалоду, з такімі ж зацікаўленымі ў сваім музычным развіцці дзецьмі. Ці ёсць цяжкасці? Хутчэй, толькі ва ўменні сумяшчаць справы сямейныя з працоўнымі буднямі. Але ў абодвух статусах у мяне шмат памочнікаў. А таму не перастаю займацца яшчэ і тым, што, як кажуць, ад душы і для душы: з’яўляюся рэгентам царкоўнага хору.
Мелодыя зносін

Дарэчы, вера — гэта тое, што некалі дапамагло прадстаўнікам педагагічнага дуэта пазнаёміцца. Атрымліваючы адукацыю ў тэалагічным інстытуце, Ягор у родным Ваўкавыску нярэдка дапамагаў свяшчэннаслужыцелям. Аднойчы падчас асвячэння жылля, чытаючы малітвы разам з бацюшкам, ён пачуў, як за спінай падпявае вельмі прыемны жаночы голас. У літаральным сэнсе на гэтай ноце і пачалося знаёмства маладых людзей.
— Нам не трэба тлумачыць адно аднаму, што значыць быць педагогам, а таму падтрымка і разуменне ва ўсім, што тычыцца работы, безумоўныя, — гаворыць Святлана.
У цэлым сям’я Чарапок — у добрым сэнсе авантурысты. Два гады назад падчас летняга адпачынку амаль у адзін момант вырашылі паехаць з аднагадовым сынам і старэйшай дачкой у Санкт-Пецярбург на машыне. Сёння азіраюцца на гэты вопыт і здзіўляюцца, як прынялі такое рашэнне. Нягледзячы на ўсе нюансы таго падарожжа, яны сталі багацейшымі на новыя ўражанні і ўспаміны.
У пытанні, ці дапамагаюць педагагічныя веды ў выхаванні вучняў і ўласных дзяцей, Ягор і Святлана салідарныя:
— І хваліць, і сварыцца на дзяцей важна з пазіцыі любові. На гэта мы робім стаўку і як настаўнікі, і як бацькі.
А Ягор дадае:
— Настаўнік — той, хто нібы бярэ дзіця за руку і вядзе па жыцці. Менавіта з такой пазіцыі стараюся кожны раз уваходзіць у клас.
Заставацца такім чалавекам для сваіх вучняў ён імкнецца і пасля таго, як прагучаў званок з апошняга ўрока. Трэці год Ягор з’яўляецца класным кіраўніком сённяшняга 10 “А”. Для яго вучнёўскай каманды няма нічога незвычайнага ў тым, каб разам пабалець за хакейную каманду ў сталіцы або вялікім складам паехаць знаёміцца са славутасцямі краіны.
— Ёсць рэчы, якім не навучыш падчас урокаў: наладжваць узаемадзеянне з аднагодкамі і дарослымі, адчуваць і праяўляць сябе часткай калектыву. Лічу, што і ў гэтым пытанні важна ўсё рабіць не з пазіцыі “трэба”, а з пазіцыі “сапраўды хачу”, — падзяліўся настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска.
Настаўнік і вучань
Застаючыся ў меру строгім і патрабавальным педагогам, дома ён, дарэчы, нярэдка прымярае на сябе ролю вучня.
— Калі мы рыхтуемся да сумесных выступленняў, стараемся прапрацаваць кожную ноту. І я часта з гумарам адзначаю, што хацела б зазірнуць у вочы чалавеку, які ў музычнай школе паставіў Ягору 10 па сальфеджыа, — з усмешкай адзначае Святлана і дадае, што яе муж — вельмі старанны вучань у музычным плане.
Іх жыццёвая актыўнасць заўсёды дорыць сям’і мноства станоўчых эмоцый і ўражанняў. У маі гэтага года яны з задавальненнем сталі ўдзельнікамі сямейнага фестывалю “Мы разам”.
— Наша актыўнасць — гэта вынік сустрэч на прафесійным і жыццёвым шляху з добрымі людзьмі. Нас заўсёды падтрымлівае старшыня Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Газізава. Падчас рэспубліканскага конкурсу сем’яў у сталіцы за наш дуэт у глядзельнай зале балела і старшыня абласной арганізацыі Лела Шпак. У адным з конкурсных выпрабаванняў на сцэну з намі выходзіў добра знаёмы жыхарам Ваўкавыска заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны тэатр моды “Спадчына”. Так што любое наша творчае самапрадстаўленне — гэта заўсёды камандны поспех, — адзначае Святлана.
Ягора яна з цеплынёй называе краевугольным каменем сям’і і стараецца заўсёды падтрымліваць мужа, у тым ліку і ў прафесійным развіцці. У цяперашні час работу ў школе Ягор сумяшчае з выкладаннем у каледжы Ваўкавыска.
— За 6 гадоў настаўніцкага стажу ўжо прыйшоў да пэўных высноў. Напрыклад, калі вучоба не выклікае ў дзіцяці цікавасці, важна знайсці шлях да яго праз сябе. Зацікавіўшы сваёй асобай, можна адкрыць для вучня і прыгажосць прадмета. А для гэтага трэба пастаянна расці, быць у гушчы падзей, мець шырокі кругагляд. Важна заставацца чалавекам у адносінах да дзяцей, але не дапускаць фамільярнасці. На старце прафесійнага шляху галоўнае — адчуць гэтую тонкую мяжу і дапамагчы дзецям яе ўбачыць, — дадае Ягор Чарапок.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва сям’і





