Педагогі нашай школы імкнуцца арганізоўваць работу па духоўна-маральным і прававым выхаванні вучняў комплексна, максімальна выкарыстоўваючы магчымасці міжведамаснага ўзаемадзення і актыўна далучаючы да супрацоўніцтва бацькоў.

Так, наладжаны кантакты з раённым СПЦ, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва,
ЦКРНіР, РАУС, раённай ветэранскай арганізацыяй, цэнтральнай раённай бальніцай, царквой.
Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” і атрада міласэрнасці “Падарожнік” — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Сталі традыцыйнымі школьныя акцыі міласэрнасці “Ад сэрца да сэрца”, “Рабі дабро”, “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям”, “Рука дапамогі”, “Рука ў руцэ”, “Міласэрнасць — доўг моцных” і “Дзеці — дзецям”. У рамках гэтых акцый вучні наведваюць выхаванцаў ЦКРНіР і СПЦ з гульнявымі і пазнавальнымі праграмамі, аказваюць пасільную дапамогу ў правядзенні міжрэгіянальных спаборніцтваў для дзяцей-інвалідаў, сустракаюцца з наведвальнікамі дзённага аддзялення ТЦСАН, удзельнічаюць у валанцёрскай дзейнасці па лініі Чырвонага Крыжа. Такія мерапрыемствы прыносяць карысць абодвум бакам. Так, знаходзячыся побач з дзецьмі, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі ці маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці, школьнікі вучацца міласэрнасці і талерантнасці, засвойваюць каштоўнасці сямейнага выхавання, пачынаюць па-іншаму глядзець на бацькоў.
Сістэмная і мэтанакіраваная работа прыносіць вынікі. Так, у 2018 годзе атрад “Добрае сэрца” стаў лепшым валанцёрскім атрадам сярод навучэнскай моладзі па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”. На рахунку школьнікаў перамога на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл” і дыплом ІІІ ступені на яго заключным этапе (2019).
На працягу многіх гадоў школа цесна супрацоўнічае з мясцовай царквой у пытаннях духоўна-маральнага выхавання, папярэджання супрацьпраўных паводзін сярод вучняў, здаровага ладу жыцця, культуры зносін. На сустрэчах з праваслаўным святаром абмяркоўваюцца пытанні, якія тычацца любові да Радзімы, адносін з равеснікамі і бацькамі, сямейных каштоўнасцей, адказнага бацькоўства. Гэтыя гутаркі дапамагаюць дзецям разабрацца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, знайсці мудрыя адказы на складаныя пытанні, набыць трывалыя духоўныя арыенціры.

Для вучаніц 9—11 класаў праводзяцца класныя гадзіны “Дзяўчынка. Дзяўчына. Жанчына” з удзелам акушэра-гінеколага, урача-валеолага і праваслаўнага святара. Асаблівая ўвага ўдзяляецца праблеме абортаў. Калі медработнікі гавораць пра фізіялагічныя аспекты іх наступстваў, то святар — пра маральныя. Падчас сустрэч вучаніцы глядзяць тэматычныя фільмы, разглядаюць розныя жыццёвыя сітуацыі, атрымліваюць брашуры “Пытанні і адказы” і “Дзённік ненароджанага дзіцяці”. Аналагічныя гутаркі арганізоўваюцца і для юнакоў. На іх акцэнтуецца ўвага на адказнасці мужчын за свае ўчынкі і дзеянні.
У рамках узаемадзеяння з раённай ветэранскай арганізацыяй мы даведваемся адрасы адзінокіх людзей і людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, рэгулярна наведваем ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны, запрашаем іх на школьныя мерапрыемствы. Сустрэчы з ветэранамі заўсёды праходзяць цікава і эмацыянальна.
З мэтай прававога выхавання і прафілактыкі правапарушэнняў ладзяцца класныя гадзіны, гутаркі, тэматычныя вечарыны і сустрэчы з прадстаўнікамі КСН, ІСН і пракуратуры. Падлеткі, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, прысутнічаюць на адкрытых судовых пасяджэннях, дзе разглядаюцца справы аб распаўсюджванні наркотыкаў, хуліганстве, ухіленні ад вайсковай службы.
У плане выхаваўчай работы — цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне крытычнага мыслення, развіццё навыкаў работы з інфармацыяй у інтэрнэце, пазітыўнага светаўспрымання. Сярод іх — тэматычны тыдзень “Бязвыхадных сітуацый не бывае!”, акцыя “З пазітывам па жыцці”, класныя гадзіны “Хочаш змяніць свет — пачні з сябе!”, “Вясёлка жыцця”, “З песняй па жыцці”, “Тваё жыццё — твой выбар” і інш.
За апошнія гады распрацаваны і рэалізаваны праекты духоўна-маральнага выхавання “Ад сэрца да сэрца”, “Тры Д” (“День добрых дел”), “Думай пра будучыню. Дзейнічай сёння”.
Мы імкнёмся навучыць нашых выхаванцаў жыць у гармоніі з самімі сабой і іншымі людзьмі, бачыць прыгажосць навакольнага свету, супрацьстаяць спакусам сучаснай цывілізацыі, дапамагаць тым, каму гэта патрэбна. Крок за крокам фарміруем у школьнікаў разуменне дабра і зла, праўды і падману. Вучым задумвацца аб наступствах сваіх учынкаў, крытычна ацэньваць і аналізаваць інфармацыю, быць прыстойнымі, добразычлівымі і цярпімымі да іншых. Вынікі работы паказваюць, што нам гэта ўдаецца.
Вольга ШУРКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Камянца.





