Атрымаў дыплом з адзнакай, напісаў 15 навуковых артыкулаў, тройчы быў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Што і казаць, сярэдняй школе № 4 імя М.М.Мультана Івацэвіч пашанцавала з новым настаўнікам працоўнага навучання Паўлам Казлоўскім. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Час не марнаваў

Для Паўла Сяргеевіча першае месца працаўладкавання стала асэнсаваным выбарам: своечасова заключыў дагавор аб мэтавым навучанні. Установа адукацыі была зацікаўлена ў маладым настаўніку выбранага ім профілю, а ён — у ёй. Івацэвіцкая школа № 4 — самая вялікая ў раёне, шмат у чым першая, і Паўлу Казлоўскаму імпанавала думка стаць часткай яе калектыву. Заўсёды хацеў жыць і працаваць менавіта на роднай Івацэвіччыне, бо сам ён з вёскі Рэчкі Івацэвіцкага раёна:
— Мая маці шмат гадоў працуе настаўніцай хіміі і біялогіі, і нам з сястрой-двайняткай заўсёды падабалася гэтая прафесія. Абое скончылі Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Толькі сястра вырашыла стаць, як і маці, настаўніцай хіміі і біялогіі, а мяне больш прываблівала працоўнае навучанне. У гэтам заслуга майго бацькі, ён майстар на ўсе рукі і мяне шмат чаму навучыў. Удзячны за ўрокі і свайму школьнаму настаўніку па працоўным навучанні Пятру Ульянавічу Гацуковічу.
Час вучобы ва ўніверсітэце Павел Казлоўскі выкарыстаў вельмі плённа. Напісаў 15 навуковых работ, якія прысвечаны прыёмам і метадам выкарыстання розных матэрыялаў на ўроках працоўнага навучання ў школе. Дарэчы, друкаваўся як у беларускіх, так і ў расійскіх выданнях. З цікавасцю ўдзельнічаў у розных конкурсах, чэмпіянатах, у тым ліку міжнародных.

Так, атрымаў гран-пры міжнароднага чэмпіянату стартап-праектаў “Моладзь і прадпрымальніцтва”, на якім прэзентаваў ідэю стварэння ляжачага паліцэйскага з няньютанаўскай вадкасці. Гэтая вадкасць не падпарадкоўваецца закону Ньютана і мае пераменную вязкасць, што ў выкарыстанні яе на дарозе магло б даць пэўныя перавагі, тлумачыць малады педагог. Калі такога ляжачага паліцэйскага аўтамабіль праязджае на малой хуткасці, колы не сустракаюць супраціўлення і нібыта рухаюцца па вадзе. А калі хуткасць вялікая, перашкода на шляху вадзіцеля становіцца адчувальнай.
Распрацоўка “Лесвіца асобаснага росту”, якой Павел Казлоўскі займаўся разам з аднагрупнікам, дайшла да абласнога этапу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. З дапамогай лазернага станка студэнты зрабілі крэатыўную драўляную лесвічку з устаўнымі прыступкамі, на якіх вучань можа запісваць свае поспехі і натхняцца на новыя крокі наперад. Мадэль накіравана на павышэнне матываванасці і ўпэўненасці ў сабе навучэнцаў.

Дарэчы, па лесвіцы асобаснага росту Павел Сяргеевіч рухаўся і сам, прымаючы ўдзел у цікавых і карысных грамадскіх мерапрыемствах. У іх ліку — рэспубліканскі форум лідараў “Маладзёжнае лідарства — сучасны погляд”.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце Павел Казлоўскі тройчы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Атрымаў дыплом з адзнакай. У ліку лепшых студэнтаў універсітэта ўдзельнічаў у рэспубліканскім свяце выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі 2025 года ў Мінску. Тыя два дні падарылі яму шмат яркіх уражанняў і памятных фотаздымкаў.
На хвалі актыўнасці
На сваім першым працоўным месцы малады спецыяліст скарыстаўся ўсімі прадугледжанымі мерамі падтрымкі. Атрымаў грашовую дапамогу (так званыя пад’ёмныя), сродкі на ўладкаванне на новым месцы жыхарства. Наняўшы асобны пакой у прыватнай кватэры, пачаў атрымліваць ад наймальніка кампенсацыю — 2 базавыя велічыні ў месяц. Згодна з заканадаўствам і калектыўным дагаворам яму ўстаноўлены надбаўкі да акладу.
Паўлу Сяргеевічу даручылі весці профільны прадмет у 5—7 класах. За ім з першых дзён быў замацаваны вопытны настаўнік Сяргей Пятровіч Дзеркач, які таксама выкладае працоўнае навучанне. Заўсёды дапамагаюць і іншыя калегі.
— Падчас вучобы ва ўніверсітэце я чатыры разы праходзіў практыку ў школах Мазыра, і гэта надало ўпэўненасці ў сваіх сілах перад першым урокам ужо для івацэвіцкіх дзяцей. Але ўсё ж крыху хваляваўся, як складуцца адносіны з вучнямі. І як аказалася, дарэмна. Бачу, ім падабаецца, што настаўнік малады, успрымаюць мае ўрокі з цікавасцю. Абавязкова выкарыстаю на занятках патэнцыял сваіх навуковых работ, а таксама вынаходніцкія напрацоўкі. Так сказаць, усё ў клас! — дзеліцца суразмоўнік.
Настаўнік адзначае, што яго прыемна ўразіла аснашчэнне кабінета працоўнага навучання. Тут і новыя сучасныя варштаты, і сталярныя станкі, і іншае абсталяванне. Сам за сябе гаворыць той факт, што менавіта ў івацэвіцкай школе № 4 праходзіць раённы этап алімпіяды па працоўным навучанні.
Малады педагог плануе працягваць навуковую работу, распачатую ў студэнцкія гады. Так, зараз ён рыхтуе артыкул для міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Ад ідэі да інавацыі”.
У хуткім часе Паўлу Казлоўскаму трэба будзе зрабіць невялікі перапынак у сваёй прафесійнай дзейнасці, каб прайсці тэрміновую службу ў арміі:
— У маёй сям’і ўсе мужчыны ў свой час адслужылі: і старэйшы брат, і бацька, і дзяды. Ведаю, што абодва прадзеды — Кліменцій Адамавіч Стаськевіч і Андрэй Данілавіч Латышэвіч — удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, былі паранены ў баях і мелі ўзнагароды. Час і мне прайсці вайсковую службу, я гатовы. Пасля арміі вярнуся ў школу і працягну рэалізоўваць свае планы і задумы.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з архіва Паўла Казлоўскага





