Дырэктар Германавіцкай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна Людміла Маркевіч у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” адзначыла, што галоўнае для сучаснага кіраўніка — гэта яснае бачанне канчатковай мэты, разуменне маштабнасці і глыбіні задач, якія стаяць перад грамадствам, правільнае вызначэнне прыярытэтаў, фармулёўка і прагноз вынікаў.

— Людміла Георгіеўна, завяршыўся 2024/2025 навучальны год. Што прынёс ён у скарбонку дасягненняў установы адукацыі?
— Лета мінулага года адзначана ўдзелам навучэнца 10 класа нашай школы Уладзіслава Фёдарава ў патрыятычным адукацыйным праекце “Цягнік Памяці”. Мы ганарымся, што другі раз запар нашым выхаванцам прадастаўляецца такая магчымасць.
У нашай школе актыўна развіваецца навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў. Ёй займаюцца не толькі старшакласнікі, але і навучэнцы малодшых і сярэдніх класаў. Далучэнне дзяцей да даследчай дзейнасці павінна быць нацэлена не на вынік, а на працэс. Галоўнае — зацікавіць дзіця, уцягнуць у атмасферу творчай дзейнасці. Даследаванні дазваляюць раскрыць індывідуальныя асаблівасці дзяцей і даюць ім магчымасць прыкласці свае веды, прынесці карысць і публічна прадэманстраваць дасягнуты вынік. І няхай дзеці не зробяць новых адкрыццяў, але яны паўтараюць шлях вучонага: ад вылучэння гіпотэзы да яе доказу або абвяржэння.
У гэтым навучальным годзе мы можам пахваліцца наступнымі дасягненнямі. Навучэнцы 3 класа Аляксандр Якімовіч і Мікіта Цярэшка занялі 3-е месца на абласным конкурсе работ даследчага характару і творчых праектаў “Вернісаж”. Пяцікласніца Мілана Крыўко з работай “Хімічны аналіз вады ракі Мнюта” на абласным конкурсе работ даследчага характару “Я спазнаю свет” адзначана дыпломам ІІІ ступені. На абласным конкурсе даследчых эколага-біялагічных работ “Шлях у навуку пачынаецца сёння” дыплома ІІІ ступені ўдастоены сямікласніцы Ксенія Пучынская і Кіра Цярэшка з работай “Грыбы прышкольнай тэрыторыі” (навуковы кіраўнік — настаўніца біялогіі Марына Фёдарава).
На абласным злёце юных лесаводаў у Віцебску наша каманда стала пераможцай сярод дзесяці школьных лясніцтваў. Дарэчы, сёлета нашаму школьнаму лясніцтву “Чорны бусел”, якім кіруе М.Фёдарава, споўнілася 55 гадоў.
З добрымі намерамі
— Вы строгі дырэктар? Якімі прынцыпамі кіруецеся ў рабоце з калектывам?
— Ці строгі я дырэктар? У меру строгі, у меру лаяльны, той, хто будзе слухаць і чуць сваіх калег, дзяцей і іх бацькоў. Лічу, што галоўнае для сучаснага дырэктара — гэта яснае бачанне канчатковай мэты, разуменне маштабнасці і глыбіні задач, якія стаяць перад сучасным грамадствам, правільнае вызначэнне прыярытэтаў, фармулёўка і прагноз вынікаў.
Мая формула прафесійнага поспеху: РІТМ = ЭМ (рацыянальнасць + ініцыятыва + творчасць + мудрасць = эфектыўны менеджар).
— На імідж установы працуюць перш за ўсё педагогі. У вас зладжаны калектыў?
— У нашай школе сёння працуюць 30 педагогаў, прычым 19 з іх — яе выпускнікі, таму каманда наша згуртаваная і дружная. Кожнага настаўніка можна адзначыць па сваім напрамку. Вынікова працуюць настаўніца рускай мовы Ларыса Лявоненка, настаўніца пачатковых класаў Лідзія Мядзелец, педагог-арганізатар Жанна Шышко. Настаўніца біялогіі, кіраўнік школьнага лясніцтва, грамадскі эколаг Марына Фёдарава паспяхова займаецца са школьнікамі даследчай дзейнасцю. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Пятра Рубніковіча навучэнцы займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах. Удзел у конкурсах вакальнага майстэрства “Каляровыя сны”, усе творчыя праекты ажыццяўляюцца намаганнямі настаўніцы музыкі Святланы Лагун.
— Людміла Георгіеўна, што за час вашай работы дырэктарам лічыце асабістым дасягненнем?
— Мабыць, тое, што знайшла падыход да сваіх калег, якія адчуваюць сябе на рабоце ўпэўнена, кіруюцца добрымі намерамі. Прыходзіць у школу толькі для таго, каб адбыць час і сысці дамоў, — гэта тое, што я не дазваляю сабе і не прымаю ў калег.
Лічу важным дасягненнем і нашы школьныя праекты, якія ствараліся непасрэдна з маім удзелам і пад маім кіраўніцтвам: набыццё ўстановай адукацыі статусу “Зялёная школа”, рэстаўрацыя старога парку каля школы ў рамках праекта “Старому парку — новае жыццё”, адкрыццё экалагічнага класа “Прырода роднага краю” са стэндамі, багатай тэматычнай бібліятэкай і метадычнымі матэрыяламі, інтэрактыўным і лабараторным абсталяваннем. Дарэчы, экалагічны клас ствараўся з мэтай прасоўвання ініцыятывы па захаванні нашага балота Ельня, якое з’яўляецца адным з найбагацейшых па запасах прэснай вады.
У ліку дасягненняў — стварэнне экалагічнай сцежкі на балоце Ельня. За 10 кіламетраў ад Германавіцкай сярэдняй школы размяшчаецца вёска Буды. Тут на маляўнічым беразе возера Волозева бярэ свой пачатак экалагічная сцежка. Яе працягласць — 2 кіламетры: ад зоны адпачынку да выхаду па драўляным насціле ўглыб балота. Тут размешчана назіральная альтанка вышынёй 8 метраў, з якой адкрываецца непаўторны від на заказнік “Ельня”. Экалагічны маршрут адкрыты для ўсіх жадаючых, прайсці па ім можна ў любую пару года.
Пад кіраўніцтвам таленавітага педагога настаўніцы біялогіі Марыны Фёдаравай навучэнцы ўдзельнічаюць у розных экалагічных праектах: “Малыя рэкі — вялікія праблемы”, “Зялёныя школы” і інш. У нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з Дзісненскім лясгасам, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Апошнім разам навучэнцамі было высаджана 4000 хвойных дрэўцаў. У самой навучальнай установе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працуе школьнае лясніцтва. Для навучэнцаў на тэрыторыі заказніка “Ельня” праводзяцца практычныя заняткі экалагічнага кірунку, дзеці займаюцца даследчай дзейнасцю, вынікі якой адпраўляюць беларускім навукоўцам.
Школу ў Германавічах наведваюць 83 навучэнцы і 28 выхаванцаў-дашкольнікаў. Большая частка дзяцей падвозіцца з навакольных вёсак.
У 2019 годзе наш школьны гісторыка-краязнаўчы музей атрымаў статус народнага. Музей быў заснаваны 40 гадоў назад як вынік работы, якая праводзілася настаўнікамі і вучнямі школы пад кіраўніцтвам краязнаўцаў Ады Райчонак і Кліменція Кажана. Чырвонымі следапытамі былі наладжаны сувязі з воінамі 1406-га зенітна-артылерыйскага палка 166-й стралковай дывізіі, які вызваляў вёску Германавічы ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Сёння асноўная мэта музея — праз арганізацыю даследчай, пошукавай, экскурсійна-асветніцкай дзейнасці далучыць школьнікаў да вывучэння і папулярызацыі гісторыі роднага краю. Узначальвае музей Сямён Фамін, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. На базе музея праходзяць музейныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы. Экскурсіі для гаспадароў і гасцей школы праводзяць навучэнцы з 6 па 11 клас.
Ганаруся тым, што ўсе нашы выпускнікі паступаюць у прэстыжныя УВА краіны, канкурыруючы з гарадскімі школьнікамі, выбіраюць правільны напрамак для далейшай вучобы і работы. Сёлета ў нас выпусціліся 6 навучэнцаў. Спадзяюся, усе яны стануць паспяховымі людзьмі і запатрабаванымі спецыялістамі.
Карыснае лета
— Як, дарэчы, прайшоў выпускны вечар?
— Выпускны пакінуў у нашых дзяцей незабыўныя ўражанні. Гэта свята не толькі для выпускнікоў і іх бацькоў — на ім прысутнічалі іх блізкія, сябры, аднавяскоўцы. Выпускны баль быў падрыхтаваны сіламі педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. На сцэне актавай залы выпускнікам уручылі атэстаты, потым была цікавая канцэртная праграма з творчымі выступленнямі дзяцей і дарослых. Забаўляльная частка праграмы плаўна перацякла ў сустрэчу світання. А яшчэ ў нас склалася добрая традыцыя — пасадка выпускнікамі пладовых дрэў. Зараз у нашым школьным садзе налічваецца больш за 50 яблынь і груш.
— Якія планы ў дырэктара на летнія месяцы?
— Летнія месяцы — гэта гарачая пара для кіраўніка: экзамены ў 9 і 11 класах, выпускны вечар, аздараўленне навучэнцаў і выхаванцаў, рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторыі, працаўладкаванне школьнікаў, работа на прышкольным участку і г.д.
У чэрвені для навучэнцаў 5—8 класаў арганізавана практыка, а таксама палявыя зборы. Вучні працуюць на прышкольным участку, у агародзе, цяпліцах, дзе вырошчваюць таматы, перцы, расаду. Школьнікі ажыццяўляюць праполку і паліў сельскагаспадарчых культур. Тых вучняў, якія хочуць летам папрацаваць і зарабіць грошай, дапамагаем працаўладкаваць у мясцовыя гаспадаркі “Агратэхсэрвіс”, “Княж” і “Ельня-Агра”.
Для цікавага і карыснага адпачынку на базе ўстановы ў жніўні будзе адкрыты грамадзянска-патрыятычны лагер. 25 навучэнцаў адпачнуць у ім.
У рамках падрыхтоўкі да новага навучальнага года сіламі педагогаў і тэхнічных работнікаў летам у школе будзе праведзены касметычны рамонт. Плануецца закупіць пасудамыечную машыну для сталовай і вучэбную мэблю для старшай школы.
У цэлым установа плануе працягваць актыўную работу ў экалагічным напрамку, таму летам пастараемся пралічыць усе магчымасці і ў новым навучальным годзе ўключыцца ў інавацыйны праект.
***
Больш за 18 гадоў Германавіцкую сярэднюю школу Шаркаўшчынскага раёна ўзначальвае Людміла Маркевіч. У педагогіку Людміла Георгіеўна прыйшла па поклічы сэрца. Настаўніца нямецкай мовы К.Г.Іванская ў свой час так захапіла дзяўчыну сваім прадметам, цікавымі гутаркамі, інтэрактывам, краіназнаўствам, што Людміла іншых варыянтаў прафесій проста не разглядала. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў маладая настаўніца прыйшла працаваць у Лужкоўскую сярэднюю школу, а ў 2006 годзе была прызначана на пасаду дырэктара школы ў Германавічах.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





