Ад чаго залежыць якасць навучання, расказала дырэктар Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны

- 10:07Витебская область, Образование

Дом, які вучыць быць шчаслівымі. Так называюць сваю ўстанову адукацыі педагогі і вучні Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Пра любоў да роднай зямлі і сваёй прафесіі, пра галоўныя вынікі навучальнага года карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар гімназіі Ірына Далгіх.

— Ірына Станіславаўна, якімі вынікамі года ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны асаб­ліва ганарыцца яе дырэктар?

Наша гімназія — гэта тэрыторыя натхнення і руху наперад. Кожную раніцу сюды прыходзяць дзеці, у якіх га­раць вочы, а сустракаюць іх дарослыя, для якіх педагогіка — не проста якаснае выкананне сваіх абавязкаў, а прызванне. У нас працуе настаўнік-метадыст Алена Уладзіміраўна Казлова, 55 педагогаў гімназіі маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Мы ганарымся вынікамі навучальнага года: нашы гімназісты сталі лепшымі ў раёне па якасці ведаў, мы падрыхтавалі 8 медалістаў і 6 стабальнікаў, 11 пераможцаў абласнога і 2 — заключнага этапу рэспуб­ліканскай прадметнай алімпіяды. З 28 сёлетніх выпускнікоў 26 паступілі на бюджэт на тыя спецыяльнасці, якія выбралі першапачаткова.

Паводле маніторынгу, наша гімназія займае 3-е месца ў вобласці па выніках ЦЭ, што нас вельмі радуе. На жнівеньскай канферэнцыі я падзякую кожнаму педагогу за плённую працу. З 6 стабальнікаў трое — навучэнцы настаўніцы беларускай мовы, настаўніка-метадыста Алены Уладзіміраўны Казловай. Нашы дзеці выдатна здалі ЦЭ па матэматыцы: усе сямёра — на дзясяткі!

Яшчэ адна перамога — у кіраўніка па ваенна-патрыя­тычным выхаванні гімназіі Артура Матыскіна. Артур Яўгенавіч стаў лепшым у рэспуб­ліканскім конкурсе “Перамогу шануем, герояў помнім!” у рамках культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік Памяці”. І нам было надзвычай прыемна атры­маць падзячнае пісьмо з Савета Рэс­публікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з гэтай нагоды, падпісанае яго старшынёй Наталляй Іванаўнай Качанавай. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі будзе дзяліцца вопытам з калегамі, а ўражаннямі — з дзецьмі.

— Вы пачалі расказваць пра ваенна-патрыятычнае выхаванне, і, я ўпэўнена, гімназіі ёсць чым ганарыцца ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі…

Наша ўстанова ўнікальная тым, што ў яе двары знаходзіцца помнік, прысвечаны педагогам, якія загінулі, абараняючы краіну ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гімназіі беражліва ставяцца да памяці, усе мерапрыемствы: лінейкі, мітынгі — праводзяцца каля яго.

Сёлетняя навукова-практычная канферэнцыя прахо­дзіла ў юбілейны год Вялікай Перамогі і была прысвечана гэтай даце. У гімназіі рэалізуецца праект “Беларусь памятае”: навучэнцы ствараюць вырабы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Пачыналі мы з загатовак медалёў і ордэнаў, якія дзеці ўласнаручна размалёўвалі, упрыгожвалі стра­замі і г.д., пасля стваралі сімвалы гарадоў-герояў і гарадоў воінскай славы, такіх як наш Полацк. Сёлета працягнулі работу праектам “Запалі зорку героя”: дзеці стваралі зорачку, у сярэдзіну якой змяшчалі партрэт члена сваёй сям’і — удзель­ніка вайны. У наступным годзе мы плануем працягнуць гэтую работу.

У старажытным Полацку ўсё дыхае гісторыяй. Гэтая шчодрая зямля дала свету Еўфрасінню Полацкую і Рагнеду, князёў Рагвалода і Усяслава Чарадзея, Сімяона Полацкага і Францыска Скарыну. Нездарма 1-я полацкая гімназія носіць славутае імя нашага першадрукара.

— Якія вынікі года ў вас як гас­падыні гімназіі?

— Не сакрэт, што зараз вялікая ўвага ўдзяляецца здароўезберажэнню, адзін з кампанентаў якога — здаровае харчаванне. Таму ў бягучым годзе ў нас завершаны рамонт харчаблока, закуплена новае абсталяванне.
Прайшлі дні беларускай кухні і кухні народаў свету, дзе мы каштавалі боршч з пампушкамі, сала, дранікі. Кухары ў гэты дзень апраналіся ў нацыянальныя касцюмы. Гэты праект таксама будзе мець працяг.

Шмат увагі ўдзяляем стварэнню бяспечнага асяроддзя для навучэнцаў. Было ўстаноўлена 6 дадатковых камер, зараз іх 26 па ўсёй гімназіі, і ўсе яны выведзены на тэлевізар у кабінеце дырэктара. Прызнаюся шчыра: мне так спакойней. Выконваем рэкамендацыю Міністэрства адукацыі наконт мабільных тэлефонаў у гімназіі. Месца для іх захоўвання ў гардэробе ўжо абсталявана, уладкаваны імянныя ячэйкі і ўстаноўлены дадатковыя камеры для бяспекі.

У бягучым годзе, які аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, асаблівую ўвагу ўдзя­ляем стварэнню ў гімназіі камфортнай і эстэтычнай абстаноўкі для атрымання навучэнцамі новых ведаў. Сёння гімназія — гэта сучасныя кабінеты, камп’ютарныя класы, інтэрактыўныя дошкі. У адукацыйны працэс актыўна ўкараняюцца лічбавыя тэхналогіі, уключаючы элементы віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Працягваецца плённае супрацоўніцтва гімназіі з факультэтам інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.

Год добраўпарадкавання праходзіць у нас як год уладкавання і рамонту класных кабінетаў. Як вынік — перамогу ў раённым конкурсе кабінетаў атрымаў наш кабінет інфарматыкі, дызайн і праект якога мы распрацоўвалі сумесна з навучэнцамі.

— Фішкі 1-й полацкай гімназіі — гэта…

Нашы навучэнцы, пачынаючы з 1 класа, маюць магчымасць вучыцца гульні ў шахматы. Двойчы ў год у нас праходзіць шахматны турнір. У бягучым годзе ў першынстве Рэспублікі Беларусь у сваёй узроставай катэгорыі Аліна Вальшонак стала бронзавым прызёрам і будзе абараняць гонар краіны на міжнародным узроўні ў складзе каманды Беларусі. А навучэнкі гімназіі Соф’я Апёнак і Варвара Мялешка паказалі дастойныя вынікі на Усерасійскіх спаборніцтвах этапу Кубка Расіі па шахматах і на ХХІІІ Міжнародным шахматным турніры “Орша-2025”. Мы ганарымся перамогамі нашых вучняў і заўсёды падтрымліваем іх ініцыятывы.

Акрамя таго, актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках сумеснай дзейнасці з Асацыяцыяй школ Расіі і Беларусі, а менавіта са школай № 80 Яраслаўля і школай № 582 Санкт-Пецярбурга.

Упэўнена, што Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны — гэта месца, дзе растуць будучыя вучоныя, урачы, інжынеры, настаўнікі, мастакі, але перш за ўсё людзі з добрым сэрцам і яснай галавой. Мы ведаем, для каго і для чаго працуем. Мы не баімся выклікаў — мы ідзём наперад!

Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі