У жыцці і рабоце Ірыны Стрэльчык, педагога дадатковай адукацыі, кіраўніка ўзорнай студыі моды “Сілуэт” Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, было нямала асабістых і прафесійных перамог. Аднак галоўныя з іх — упэўненасць у сваіх сілах і 1-е месца ў міжнародным конкурсе: у Санкт-Пецярбургу дызайнер са сваёй калекцыяй “Францыск Скарына” стала лепшай у адной з намінацый. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дызайнер. Пачатак
— Ірына Міхайлаўна, з чаго пачынаецца дызайнер? З чаго пачыналі асабіста вы?
— Я скончыла Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Інжынер-канструктар”, маю спецыялізацыю “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”. Працавала на швейнай фабрыцы, аднак мне хацелася тварыць. Прапанавала свае навыкі ў Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч — спачатку займала пасаду касцюмера, а крыху пазней мне выдзелілі педагагічныя гадзіны. Так я пачала працаваць з дзецьмі. Акрамя таго, у палацы я праводжу заняткі ў мадэльнай школе, бо вельмі многія дзяўчынкі любяць моднічаць. Тварыць таксама любяць, але моднічаць — значна больш. Дзякуючы іх жаданню, у нас з’явілася мадэльная школа “I.S.MODELS”.
— Як выхаваць у дзіцяці любоў да прафесіі дызайнера? Да вас прыходзяць розныя дзеці, ці бачыце вы ў кімсьці з іх будучую зорку?
— Дзеці выбіраюць напрамак дызайну, калі ім падабаецца ствараць адзенне. Да мяне прыходзяць дзяўчынкі, якія добра малююць, у якіх выдатна развіты ўяўленне, фантазія. Яны часам падказваюць мне, якую калекцыю ствараць. Мы прарысоўваем эскізы — ствараем крыніцу натхнення, гэта асноўная частка ў дызайне, бо без крыніцы натхнення працаваць далей немагчыма. Так паступова з’яўляецца чарговая калекцыя: за эскізамі ідзе выбар колеравых рашэнняў, у якіх будзе выканана калекцыя, тканіны і г.д. Дарэчы, многія дзеці, прыходзячы ў студыю, не ўмеюць маляваць. Я іх супакойваю, што гэтаму можна навучыцца. Такім чынам, галоўнае для юнага дызайнера — не ўменне маляваць, а фантазія і жаданне тварыць. Прывяду прыклад Насці Русак, якая ходзіць да мяне з пятага па восьмы клас. Яна вельмі хацела паспрабаваць стаць дызайнерам, але зусім не ўмела маляваць. За год навучання ў студыі дзяўчынка асвоіла малюнак, і яе няўпэўненыя лініі кардынальна змяніліся (Ірына Міхайлаўна здымае прымацаваны над сталом для крою малюнак будучага ўбору Снягуркі, які намалявала Насця. На малюнку — лёгкі дзявочы сілуэт у шыкоўным доўгім кажушку, які быццам лунае над снегам. Так педагог змагла разгледзець у дзяўчынцы таленавітую і творчую асобу, дапамагла дзіцяці раскрыць свой патэнцыял. — Заўвага аўтара.).
Мая старэйшая дачка Марыя, якая нядаўна скончыла юрыдычны каледж у Мінску і зараз працуе ў сталічным судзе, з самага ранняга дзяцінства любіла зіхатлівы свет моды і дызайну, расла ў творчай атмасферы стварэння прыгожага адзення. Калі вучылася ў сталічным каледжы, скончыла яшчэ і Нацыянальную школу прыгажосці, умее сябе паказаць. А яшчэ ў 2018 годзе мы з дачкой загарэліся ідэяй стварыць калекцыю адзення, якая магла б стаць візітнай карткай Беларусі. І мы яе стварылі.
Наш Францыск перамог у Піцеры
— Вы пра сваю знакамітую калекцыю “Францыск Скарына”? Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра яе.
— У Беларусі ўжо даўно праходзіць рэспубліканскі конкурс “Млын моды”. Важнымі для нас з дачкой сталі словы арганізатара конкурсу загадчыка аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ігара Іванова пра тое, што было б цудоўна ўбачыць калекцыю, якая б прадстаўляла Беларусь на міжнародных пляцоўках. Нам прыйшла ідэя ўзяць за аснову калекцыі выдатнага айчыннага асветніка Францыска Скарыну. Крыніцай натхнення сталі яго кнігі, іх цікавае афармленне, тэкст. Вывучылі шмат літаратуры, штудзіравалі з дачкой энцыклапедыі — праца прароблена каласальная. Тады якраз святкавалася 550-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны, і гэта зарадзіла нас энергетыкай першадрукара. Над калекцыяй мы працавалі год (з перапынкам на мой дэкрэтны адпачынак у сувязі з нараджэннем малодшай дачушкі Леры).
— Разумею, што немагчыма апісваць калекцыю моднага адзення, як нельга апісваць жывапісныя палотны. Аднак што ўяўляе сабой калекцыя “Францыск Скарына”? Зможаце апісаць чалавеку, які не бачыў яе?
— У Санкт-Пецярбургу, куды мы ездзілі паказваць калекцыю на конкурсе, нам сказалі, што наша калекцыя атрымалася чыстай і высакароднай. У нашай калекцыі — кашулі, штаны-палацца (шырокай формы) і паліто розных канструктыўных форм у стылі аверсайз (мехаватыя і аб’ёмныя). Падзялюся з вамі, што калі мы яе стваралі, прарысоўвалі эскізы, то нам хацелася паказаць у ёй дзяўчыну з моцным унутраным стрыжнем і нават мужчынскім характарам.
— Моцную дзяўчыну — беларуску, якая можа ўсё?
— Так, дакладна. Фішка нашай калекцыі — роспіс фрагментамі тэкстаў з кніг Францыска Скарыны. Роспіс выкананы ўручную ў тэхніцы мокры бацік. Распісвалі мы не толькі тканіну, але і экаскуру. (Ірына Міхайлаўна здымае са стойкі шыкоўнае паліто з элементамі роспісу. — Заўвага аўтара.) У нашай калекцыі мы таксама выкарыстоўвалі знак першадрукара — Сонца і Месяц: Францыск Скарына лічыў, што людзі павінны быць адукаванымі, гэта сімвалізавала Сонца, а сімвалам невукаў ён лічыў Месяц.
Міжнародны фестываль моды, мастацтва і дызайну “Адміралцейскі шпіль” праходзіў у Санкт-Пецярбургу ў кастрычніку бягучага года. Нас туды запрасілі як фіналістаў “Млына моды”. Праводзіў конкурс універсітэт прамысловых тэхналогій і дызайну Санкт-Пецярбурга, удзельнічалі каля 300 дызайнераў з розных краін у 6 намінацыях. Мы занялі 1-е месца ў намінацыі “Паўсядзённае адзенне”. Дарэчы, арганізатары прадугледзелі, каб усю інфармацыю аб калекцыі можна было прачытаць, сканіраваўшы QR-код. Яшчэ адна фішка арганізатараў — віртуальная мода. Студэнты ўніверсітэта ствараюць віртуальныя калекцыі адзення пры дапамозе 3D-тэхналогій, з якімі можна азнаёміцца з дапамогай віртуальных акуляраў. Так у сферу моды і дызайну прыходзяць праграмаванне і ІТ.
Мне спадабалася, што калекцыя ацэньвалася не толькі візуальна, але і тэхналагічна — па якасці пашыву. Перамога нас акрыліла! Творчаму чалавеку патрэбен поспех, каб ісці наперад і развівацца. Як пераможцаў нас ужо запрасілі на Тыдзень моды ва Узбекістан у маі наступнага года і на стажыроўку ў Парыж на 3 тыдні. Вельмі хочацца паехаць.
Быць маладым — быць сабой
— Як вы ацэньваеце, што апранае сучасная моладзь?
— Зразумела, што ствараюць для сябе адзенне далёка не ўсе. Падлеткі набываюць адзенне катэгорыі мас-маркет у гандлёвых цэнтрах. А яшчэ моладзь часта тусуецца па сэканд-хэндах.
Часцей за ўсё сучасныя падлеткі выбіраюць зручнае і камфортнае адзенне, любяць спартыўны стыль і рэчы аверсайз. Таксама многія з іх захапляюцца стылем анімэ. Мае навучэнкі падзяліліся са мной сакрэтам, што зараз надзвычай модна капіраваць адзенне і стыль блогераў. Для мяне гэта стала адкрыццём. Навошта кагосьці імітаваць, калі можна выпрацаваць індывідуальны стыль? Зараз мы з дзяўчынкамі ў нашай студыі, узяўшы за крыніцу натхнення ганчарную вытворчасць Мірскага замка, ствараем адмысловую калекцыю, у якой будуць адлюстраваны нацыянальныя традыцыі.
— У якім уборы вы раіце моладзі сустракаць Новы год?
— Я заўсёды вучу сваіх выхаванак, што святочны ўбор залежыць ад характару свята. Важна прааналізаваць свой вобраз, каб не прыйсці ў строгім касцюме на маладзёжную вечарынку. Святочны вобраз павінен быць яркім, мець шык, прычым яго можна стварыць, узяўшы за аснову свой звычайны вобраз. Замест блузкі можна апрануць топ у паетках або нават гарсэт — хіт сезона сярод моладзі, спалучыўшы яго з кашуляй аверсайз. Важна памятаць, што адзенне без здаровага і дагледжанага знешняга выгляду не спрацуе. Вучу дзяўчынак рабіць сілуэт максімальна жаноцкім, каб адзенне падкрэслівала прыгажосць дзявочай фігуры і юную грацыю.
— Вы зараз працуеце над вобразам Снягуркі. Раскажыце пра вашу будучую мадэль. Якой яна будзе?
— Мы ствараем касцюм Снягуркі для нашага палаца. Дырэктар палаца Людміла Уладзіміраўна Дземідовіч, якая заўсёды падтрымлівае ўсе нашы ідэі і ведае нашу адказнасць, даручыла гэтую справу нашай студыі. Мы пастараемся не расчараваць яе чаканні. Я люблю ў дызайне не толькі прыгажосць. Лічу, што дызайнер — той жа скульптар, які бачыць форму свайго вобразу і лепіць яго.
Наша Снягурка будзе ў аксамітным уборы з элементамі сярэбранай аплікацыі, упрыгожаным шклянымі стразамі. Касцюм будзе дэкарыраваны футрам па лініі борта і па нізе, рукавы мы зробім аб’ёмнымі, расшыранымі. Дадаткова дэкарыруем касцюм серабрыстай тасьмой. У гэтым годзе мы вырашылі стварыць для нашай Снягуркі дастойны, багаты касцюм, а не традыцыйны кажушок, каб наша Снягурка адчувала сябе зімовай каралевай.
Наступны год па ўсходнім календары — год Зялёнага Драўлянага Дракона. У Кітаі лічаць, што Дракон будзе задаволены адзеннем залатога, сярэбранага і шэра-белага колераў. Можна выкарыстаць ва ўборы элементы адзення чырвонага, жоўтага, аранжавага, фіялетавага колераў. Можна выбраць для ўбору і зялёны колер, але не людзям, народжаным у год Дракона. Дракон — сімвал раўнавагі і духоўнага адраджэння, таму чакаем ад наступнага года ўсяго найлепшага, у тым ліку новых перамог і натхнення.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і з архіва І.М.Стрэльчык