Адукацыйную настольную гульню «Падарожжа ад Менска да Мінска» распрацавала выкладчыца гісторыі і грамадазнаўства Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Ніна Ерахавец, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Дзе багатыр Мянеск пабудаваў вадзяны млын, жорны якога маглі размалаціць не толькі зерне, але і камяні? Чаму самая «тусовачная» вуліца Зыбіцкая носіць такую назву? Дзе ў Мінску знаходзіцца Змеева гара? Цікава? Адказаць на гэтыя пытанні, а таксама здзейсніць незабыўнае падарожжа ў часе дапаможа настольная гульня «Падарожжа ад Менска да Мінска». Распрацоўка адзначана дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе па патрыятычным выхаванні «Спадчына».
Як расказала Н. Ерахавец, створаная адукацыйная гульня — цэлы праект, які ўключае ў сябе некалькі настольных гульняў. Так, «Азбука Мінска» — гульня-віктарына, распрацавана з дапамогай сэрвісу LearningApps, прысвечана гісторыі паходжання назваў мінскіх вуліц, паркаў і сквераў, а таксама гарадскім легендам і загадкам. Наяўнасць мабільных устройстваў з праграмай для чытання QR-кодаў абавязковая для яе выкарыстання. «Падарожжа ад Менска да Мінска» (з дадатковай гульнёй «Рэбусы нашага горада») — класічная гульня-хадзілка, у якой перасоўваюць фішкі па клетках поля ў адпаведнасці са значэннямі, што выпалі на кубіку. «Мема Мінск» складаецца з картак з парнымі выявамі славутасцей Мінска. Усяго 24 пары (48 картак). Можна і не заўважыць, як запомніш усё, што намалявана на картках.
Гульня дапаможа пашырыць і замацаваць школьную праграму, даведацца шмат цікавых фактаў пра Мінск і яго гісторыю, пашырыць кругагляд, прыемна і пазнавальна правесці час з аднакласнікамі, сям’ёй або ў коле сяброў. Яна развівае памяць, логіку, увагу, слоўнікавы запас, стратэгічнае, творчае і асацыятыўнае мысленне.
Сярод пераваг гульні — разнастайнасць (прапануюцца розныя гульні на выбар, некаторыя разлічаны ўсяго на гадзіну, а іншыя могуць заняць нават цэлы дзень, акрамя таго, шмат розных жанраў); інтэрактыўнасць: заданні трымаюць удзельнікаў у рэжыме прамога ўключэння і ўзаемадзеяння, дазваляюць з цікавасцю пазнаваць новае; універсальнасць: гуляць можна вялікай і маленькай кампаніяй або ладзіць камандныя спаборніцтвы дома, у школе і нават у падарожжы.
— У каледж прыязджаюць вучні з розных куткоў краіны. І дзецям такі фармат дапамагае выдатна асвоіцца ў горадзе, — дадае педагог.
У планах Н. Ерахавец — выдаць гульню для шырокага карыстання і распрацаваць уласны экскурсійны маршрут па сталіцы.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара