Адкрыты Кубак вобласці па спартыўным скалалажанні прайшоў на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.
Кубак праводзіўся з мэтай развіцця спартыўнага скалалажання і дзіцяча-юнацкага турызму ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны, прапаганды здаровага ладу жыцця, павышэння спартыўнага майстэрства, выяўлення наймацнейшых спартсменаў для ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
На старт запрасілі аматараў боўлдэрынгу (лажанне па серыі кароткіх, але даволі складаных трас) у пяці ўзроставых групах ад 10 да 18 гадоў. Агульнае кіраўніцтва правядзеннем кубка ажыццяўлялі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў і абласны Палац дзяцей і моладзі. У спаборніцтвах выступілі 9 каманд з Віцебскага, Дубровенскага, Полацкага раёнаў, сярэдняй школы № 40 Віцебска імя М.М.Громава, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, а таксама госці спаборніцтваў — каманда Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Спартсменам адводзілася гадзіна на пераадоленне 10 боўлдэрынгавых трас.
Усе ўдзельнікі паказалі выдатныя вынікі, многія з іх падзялілі першыя месцы. У агульнакамандным заліку перамаглі магіляўчане, прызёрамі сталі гаспадары — каманды абласнога палаца дзяцей і моладзі. Спаборніцтвы з’яўляюцца падрыхтоўчым этапам да ўдзелу ў Рэспубліканскай спартакіядзе сярод дзяцей і моладзі па відзе спорту “Скалалажанне спартыўнае”.
Настасся ЗАХАРАНКА,
педагог-арганізатар аддзела турызму і краязнаўства
Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.






