Дзяржаўных узнагарод удастоены 134 прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ № 462 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Ордэны і медалі, а таксама ганаровыя званні прысуджаны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, смелыя і рашучыя дзеянні ў сітуацыях, звязаных з рызыкай для жыцця, вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне аўтарытэту і іміджу Беларусі на міжнароднай арэне, развіццё заканадаўства і парламентарызму, беларускай журналістыкі, нафтахімічнай прамысловасці, транспартнай і падатковай сістэм, значныя дасягненні ў сферах энергетыкі, навукі, культуры і мастацтва, падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў, генеральны дырэктар Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі — дырэктар дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут парашковай металургіі” Аляксандр Ільюшчанка, генеральны дырэктар ЗАТ “Вітэкс” Віктар Цярэшчанка.
Галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Абельская, старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі афіцэраў інжынерных войск Павел Гутэнка, вядучы рэдактар галоўнага выпуску рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” Аліна Шрубок удастоены ордэна Пашаны.
Заслугі прафесара-кансультанта кафедры камерцыйнай дзейнасці на ўнутраным і знешнім рынках Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзя Каралёнка адзначаны ордэнам Францыска Скарыны.
Камандзір гаўбічнага самаходна-артылерыйскага дывізіёна 841-й гвардзейскай групы артылерыі 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл падпалкоўнік Уладзімір Дваяжонаў узнагароджаны медалём “За выратаванае жыццё”.
Медаля “За адвагу” ўдастоены былы старшы пажарны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 18 Фрунзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Сяргей Куцэнка.
Значная група ваеннаслужачых і супрацоўнікаў праваахоўных органаў удастоена медалёў “За адзнаку ў воінскай службе”, “За адзнаку ў ахове грамадскага парадку”, “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы”.
Некалькі дзясяткаў чалавек удастоены медаля “За працоўныя заслугі”.
Сярод іх рэдактар аддзела перакладаў (на англійскую мову) цэнтра знешніх камунікацый рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” Наталля Кавалеўская, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская, дэкан факультэта фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Ляснеўская і шэраг іншых.
У ліку ўзнагароджаных медалём Францыска Скарыны мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь цырка імя Валерыя Абеля дзяржаўнай установы “Палац культуры “Касцюкоўка” Таццяна Абель, артыст балета дзяржаўнай установы “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі” Аляксандр Глазко, дэкан факультэта міжнародных бізнес-камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Наталля Папок, артыст тэатра лялек — вядучы майстар сцэны Гродзенскага абласнога тэатра лялек Людміла Паўлоўская. Сярод узнагароджаных таксама дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Яўгенія Шадрына, галоўны рэдактар выдавецтва рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” Галіна Галаватая і вядучы фотакарэспандэнт аддзела па падрыхтоўцы і выпуску фотаінфармацыі Леанід Шчаглоў.
Акрамя таго, указам прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь прадстаўнікам сфер культуры, мастацтва, навукі, адукацыі, прамысловасці, архітэктуры.
Званне “Народны артыст Беларусі” прысвоена вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зоі Белахвосцік, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь — артысту-вакалісту (салісту) Магілёўскай абласной філармоніі Іскуі Абалян-Бароўскай, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь — дацэнту кафедры інтэр’ера і абсталявання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віктару Барабанцаву, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь — першаму намесніку галоўнага рэдактара ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сегодня” Міхаілу Лябедзіку, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь — загадчыку кафедры эканамічнай тэорыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Віктару Вараб’ёву.
Работнікі беларускіх УВА ўдастоены звання “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У іх ліку прафесар кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Валянціна Сімховіч.