Такі пункт гледжання выказала намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына ў Любляне на перагаворах з палітычным дырэктарам Міністэрства замежных спраў Славеніі Ігарам Юкічам.
На сустрэчы размова ішла аб далейшым развіцці ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, у тым ліку аб выніках Рыжскага саміту. Закраналіся таксама пытанні, звязаныя з сітуацыяй у рэгіёне ў кантэксце ўкраінскага крызісу.
Як лічыць Алена Купчына, вельмі важнай тэмай з’яўляецца перагляд еўрапейскай палітыкі суседства, рэалізацыяй якой займаецца ў тым ліку і “Усходняе партнёрства”.
Намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства ўпэўнена, што, разглядаючы перспектывы “Усходняга партнёрства”, неабходна ўлічваць інтарэсы і прыярытэты ўсіх краін — членаў гэтай ініцыятывы. “Неабходна больш выразнае стратэгічнае бачанне будучыні рэгіёна і будучыні ўсіх краін “Усходняга партнёрства”. Гэта павінен быць працэс узаемаўзбагачэння новымі ідэямі і вопытам, а не навязванне чагосьці зверху”, — упэўнена намеснік міністра.
Алена Купчына асабліва акцэнтавала ўвагу на важнасці бізнес-вымярэння ва “Усходнім партнёрстве”. Яна таксама падкрэсліла, што Беларусь вельмі адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязацельстваў адносна краін-суседзяў і рэалізацыі дзейнасці ў рамках “Усходняга партнёрства”. Пры гэтым Беларусь разлічвае на сустрэчны рух з боку еўрапейскіх партнёраў.