Энергазберажэнне як лад жыцця

- 11:09Выхаванне, Выхаваўчая работа

У Брэсце падвялі вынікі ХV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

У адборачных этапах спаборніцтва ўдзельнічалі амаль 3,5 тысячы праектаў у галіне энергазберажэння, эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў. Лепшыя з іх прэзентавалі 114 фіналістаў з 56 устаноў адукацыі краіны. 

Пераможцаў вызначалі ў 4 намінацыях, якія тычыліся эканоміі энергарэсурсаў у побыце, павышэння энергаэфектыўнасці прадпрыемстваў, альтэрнатыўных крыніц энергіі, інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасці ў сферы энергазберажэння і інш. 

Асаблівую цікавасць выклікалі праекты, што мелі практычную накіраванасць. Так, Іван Каваленка з сярэдняй школы № 45 Магілёва даследаваў магчымасць атрымання электрычнасці ад “ляжачых паліцэйскіх”. Павел Кецко з Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У.Ф.Міцкевіча вырабіў крэсла PowerBank. Дзмітрый Шляжко з Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі распрацаваў сістэму аўтаматычнага кіравання вулічным асвятленнем на базе праграмуемага лагічнага рэле.

Дыпломы І ступені атрымалі Ягор Кудра з сярэдняй школы № 23 Віцебска (відэаролік “7 крокаў да мэты № 7”), Арцём Рондзік з сярэдняй школы № 18 Барані Аршанскага раёна (лістоўка “Трымай пяць”), Аляксандра Кароткіна з сярэдняй школы № 11 Віцебска (плакат “Сіла ў адзінстве!”), Ганна Рудзькова з гімназіі № 4 Віцебска (малюнак “Энергазберажэнне ў корані мяняе жыццё”), Ульяна Вараб’ёва з гімназіі № 5 імя І.І.Люднікава Віцебска (праект “Аптымізацыя выкарыстання энергіі цеплавых патокаў за кошт эфекту Каанда”), калектывы сярэдняй школы № 10 Светлагорска (праект “Па дарозе адзінства ў “ЭнергаБеларусь”) і сярэдняй школы № 12 імя Л.М.Філіпенкі Віцебска (праект “Прыдзвінская акадэмія энергазберажэння”).

Пераможцы і прызёры конкурсу былі адзначаны дыпломамі і сувенірамі дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.