Лета — час адпачынку для навучэнцаў каледжаў і школьнікаў. Адны адпачываюць, а хтосьці выкарыстоўвае магчымасць падзарабіць і павысіць сваё прафесійнае майстэрства.
У Бабруйскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы створаны ўсе ўмовы для занятасці навучэнцаў у летні перыяд.
Падрыхтоўка да гэтага пачалася яшчэ ў красавіку. Сакратар пярвічкі БРСМ К.Ю.Сакалова правяла ў каледжы акцыю “Выбіраем студатрад!”, мэта якой — інфармаванне моладзі аб магчымасцях працаўладкавання ў перыяд трэцяга працоўнага семестра, а таксама папулярызацыя студатрадаўскага руху. Навучэнцы каледжа, якія жадаюць працаваць у складзе студэнцкага атрада, запоўнілі анкеты працаўладкавання, на аснове якіх была сфарміравана база даных жадаючых працаўладкавацца ў вольны ад вучобы час.
Вялікую дапамогу па ўключэнні навучэнцаў у будаўнічыя атрады аказалі навучэнцы, якія працавалі ў атрадах мінулым летам. Яны расказалі сваім сябрам, што яны і грошай зарабілі, і цікава праводзілі час пасля работы. Яны адзначылі, што праца ў студатрадзе — гэта магчымасць на кароткі час змяніць сваё асяроддзе, знайсці новых сяброў.
З 1 ліпеня 2022 года на базе каледжа пачаў работу студэнцкі сэрвісны атрад “Энергія” імя Героя Савецкага Саюза Саламона Аронавіча Гарэліка. Шэсць байцоў студэнцкага атрада працуюць кухарамі, кандытарамі і прадаўцамі. Навучэнцы выконваюць работы па вырабе кулінарных і кандытарскіх вырабаў, а таксама па іх рэалізацыі ў летняй гандлёвай палатцы.
З 5 ліпеня на базе Бабруйскага аздараўленчага лагера “Мара” функцыянуе студэнцкі сэрвісны атрад імя Героя Савецкага Саюза Івана Рыгоравіча Драчэнкі з ліку навучэнцаў каледжа. 12 байцоў студэнцкага атрада працуюць у якасці кухонных работнікаў і кухараў. Кацярына Шпак і Паліна Панчанка ў гэтым студэнцкім атрадзе працавалі і летась. Задзейнічаны тут таксама і навучэнцы падкантрольных катэгорый.
Ужо не першы год адміністрацыя каледжа ўзаемадзейнічае з адміністрацыяй лагера. І калі дырэктар лагера І.Ю.Какоўка звярнуўся з просьбай аб аказанні дапамогі па падрыхтоўцы лагера да работы, валанцёры каледжа адгукнуліся і два дні працавалі на тэрыторыі лагера. Таму навучэнцы загадзя мелі ўяўленне аб тым, дзе яны будуць працаваць.
У ліпені — жніўні плануецца работа на базе лагера яшчэ двух студэнцкіх атрадаў з ліку навучэнцаў Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Таіса ЗАЙЦАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.