У Беларусі ўдасканальваецца сістэма стымулявання спартсменаў для дасягнення імі высокіх вынікаў у алімпійскіх дысцыплінах. Адпаведны ўказ № 201 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 мая, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У дакуменце перагледжаны памеры імянных стыпендый, прызоў і ўзнагароджанняў, што выплачваюцца спартсменам за дасягненне высокіх вынікаў на міжнародных спаборніцтвах. У пералік спаборніцтваў, за паспяховы ўдзел у якіх выплачваюцца імянныя стыпендыі і выдаюцца прызы, уключаны Еўрапейскія гульні.
Акрамя таго, прадугледжваецца прадаўжэнне выплаты імянной стыпендыі на тэрмін да аднаго года атлетам, якія атрымалі траўму і па гэтай прычыне не маюць магчымасці пацвердзіць высокі вынік, што дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для аднаўлення спартсменаў.
У дапаўненне да прызоў за высокія спартыўныя вынікі, устаноўленыя для атлетаў з парушэннем зроку, указам вызначаны памеры прызоў і для вядучых іх па дыстанцыі спартсменаў-лідараў.