Фарміраваць у дзяцей маральныя прынцыпы, якія стануць для іх духоўнай апорай у жыцці, — адна з ключавых задач установы адукацыі. Такіх перакананняў прытрымліваюцца ў педагагічным калектыве гімназіі Шклова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Светапогляд дзіцяці закладваецца ў сям’і. Але істотны ўплыў на яго асобаснае станаўленне аказвае і навучальная ўстанова. Якім вырасце маленькі чалавек, шмат у чым залежыць ад педагогаў. Настаўнікі нашай гімназіі гэта добра ўсведамляюць. Яны развіваюць у вучнях такія якасці, як патрыятызм, абавязак, сумленне, міласэрнасць. У адзінай звязцы з бацькамі вучаць дзяцей праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю, быць неабыякавымі да таго, што адбываецца навокал. Аднак адной тэорыі тут мала, таму ўпор робім на далучэнне гімназістаў да грамадска значнай дзейнасці, — расказала дырэктар гімназіі Марына Селіфонтава.
Педагогі заахвочваюць вучняў, падтрымліваюць іх ідэі і пачынанні. Вялікія перспектывы ў гэтым напрамку адкрыла супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой.
— На працягу трох гадоў планамерна ўдзельнічаем у конкурсе БПЦ “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”. За гэты час навучэнцы ажыццявілі шэраг знакавых праектаў. Кожны па-свойму ўнікальны і выніковы, — паведаміла настаўніца рускай мовы і літаратуры Яна Зубарава.
Першы праект “Прыгажосць душы і цела” быў накіраваны на захаванне і ўмацаванне здароўя маладога пакалення, далучэнне моладзі да праваслаўных традыцый. Па ініцыятыве вучняў у гімназіі на рэгулярнай аснове праходзілі круглыя сталы з удзелам спецыялістаў розных ведамстваў.

— З кампетэнтнымі спікерамі навучэнцы абмяркоўвалі ролю сям’і для чалавека, неабходнасць заняткаў фізкультурай і спортам, здароўезберажэння ў цэлым. Арганізоўваліся сустрэчы з урачамі, фітнес-трэнерам, нутрыцыёлагам, псіхолагам, фатографам, візажыстам, — адзначыла Яна Леанідаўна.
Асабліва запомніліся вучням дыялогі з мнагадзетнымі мамамі і прадстаўнікамі духавенства. Гімназісты выязджалі з экскурсіямі ў праваслаўныя храмы, дзе шмат размаўлялі са святарамі.
— Часцей за ўсё мы наведвалі Спаса-Праабражэнскі храм у Шклове. Настаяцель царквы айцец Андрэй шмат гаварыў з намі аб важнасці шлюбу, сям’і, любові да бліжніх. Цікавыя гутаркі адбыліся і са свяшчэннаслужыцелямі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску, — падзяліліся навучэнка Васіліса Рыбакова.
Сацыяльны праект “Прыгажосць душы і цела” быў узнагароджаны дыпломам Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства адукацыі і дабрачыннага фонду падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Пакроў”. Гэта падштурхнула педагогаў і навучэнцаў да распрацоўкі новых ініцыятыў.
— Вырашылі працягваць папулярызаваць у маладзёжным асяроддзі сямейныя каштоўнасці. Першапачаткова павышалі інфармацыйную дасведчанасць гімназістаў. Пасля сканцэнтраваліся на развіцці творчых здольнасцей вучняў. Ініцыятыўная група вучылася рабіць кантэнт і весці акаўнты ў сацыяльных сетках, — расказала Яна Зубарава.
Праект атрымаў назву “Возьмемся за рукі” і сапраўды аб’яднаў усю гімназію. Разам з бацькамі навучэнцы ўдзельнічалі ў акцыі “Сям’я вачыма дзяцей”, марафоне “Сувязь пакаленняў у фатаграфіях”, флэшмобе “Сямейны дабравеснік”, майстар-класах і кірмашах талентаў.
Ход і вынікі мерапрыемстваў шырока асвятляліся.
— Мерапрыемствы вельмі згуртавалі бацькоў і дзяцей. А інфармацыйнае асвятленне сумеснай творчасці дапамагло трансліраваць у грамадстве значнасць сямейнага яднання. Дарэчы, гэты праект таксама стаў адным з лепшых у рэспубліцы ў сваёй конкурснай намінацыі, — заўважыла Яна Леанідаўна.
У цяперашні час настаўнікі і вучні прыцягваюць увагу грамадскасці да міласэрнасці і дабрачыннасці. Менавіта на гэта накіравана ініцыятыва “УзаемаДзеянне”. У гімназіі быў створаны валанцёрскі атрад, які аказвае дапамогу ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.

Юныя валанцёры праводзяць дабрачынныя кірмашы ў падтрымку цяжкахворых дзяцей, узялі шэфства над выхаванцамі Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай школы-інтэрната і Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі горада. Атрадаўцы праводзяць ва ўстановах тэатралізаваныя пастаноўкі, гутаркі, творчыя майстэрні.
— Сваім прыкладам імкнёмся навучыць аднагодкаў талерантным адносінам да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Бо яны такія ж, як мы. З выхаванцамі спецыяльных устаноў майструем цацкі і дэкаратыўныя вырабы, ставім спектаклі і проста гутарым. Займальным выдалася нядаўняе патрыятычнае мерапрыемства, прысвечанае Шклоўшчыне. Увогуле, кожны наш прыход знаходзіць у асаблівых дзетак станоўчы эмацыянальны водгук. І нам прыемна прыўносіць у іх побыт радасныя, яркія моманты, — запэўніла навучэнка Паліна Шарыбіна.
Заўсёды чакаюць валанцёраў і ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут гімназісты сустракаюцца з ветэранамі. Даволі часта наведваюць яны і адзінока пражываючых пенсіянераў: дапамагаюць ім па гаспадарцы і ў навядзенні парадку на прысядзібных участках, праяўляюць да іх клопат і душэўную цеплыню.
— Праект “УзаемаДзеянне” завершыцца ў красавіку, аднак мы ўжо шукаем тэматычны кірунак для чарговай ініцыятывы. Рыхтуем і змену нашым вучням-актывістам, — падкрэсліла Марына Селіфонтава. — Краіне патрэбны мэтанакіраваныя, камунікабельныя, міласэрныя маладыя грамадзяне. Каб развіць у дзецях гэтыя якасці, трэба даваць ім магчымасць праяўляць сябе з добрага боку, здзяйсняць карысныя справы. Такім чынам атрымаецца не толькі сфарміраваць у моладзі трывалыя этычныя нормы, але і навучыць жыць па гэтых устаноўках.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





