На працягу апошніх трох гадоў займаюся падрыхтоўкай вучняў Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы да Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.

У 2019 годзе мой вучань Уладзіслаў Варац стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды. У 2021 годзе эстафету перамог пераняў Андрэй Фядуцік, які стаў лепшым не толькі ў раёне, але і на абласным этапе і ўзнагароджаны дыпломам І ступені.
Цікавасць вучняў пры вывучэнні фінансавай дасведчанасці падтрымліваецца ўнясеннем творчага элемента ў заняткі: работа над міні-праектамі, самастойнае складанне прэзентацый, постэраў, дыяграм сувязей. Ва ўмовах сельскай школы з-за невялікай колькасці навучэнцаў у класах пры падрыхтоўцы да алімпіяды практыкую індывідуальную работу, што дае магчымасць выкарыстоўваць мноства метадаў, форм і прыёмаў навучання. Індывідуальная работа аднімае шмат часу, але вынік варты таго.
Ведаючы сваіх вучняў, стараюся падбіраць адпаведныя заданні і формы правядзення заняткаў. У індывідуальнай рабоце практыкую як актыўныя, так і інтэрактыўныя метады і прыёмы правядзення заняткаў, што дазваляе фарміраваць пазнавальную цікавасць навучэнцаў. Пры гэтым імкнуся прытрымлівацца формул узаемадзеяння “настаўнік — вучань” і “вучань — вучань”. Гэта значыць, што не толькі настаўнік прыцягвае старшакласнікаў да працэсу навучання, але і самі навучэнцы, узаемадзейнічаючы адно з адным, уплываюць на матывацыю кожнага. Вучань з вялікім задавальненнем удзельнічае ў адукацыйным працэсе, разумеючы сваю значнасць.
У працэсе падрыхтоўкі да алімпіяды выкарыстоўваю як асобныя метады, так і камбінацыю некалькіх. Але поспех залежыць ад сістэмнасці і суадносін выбраных метадаў і пастаўленых задач. Найбольш простым і даступным метадам правядзення заняткаў лічыцца прэзентацыя, якую рыхтуюць як настаўнік, так і навучэнцы. Пры гэтым прапрацоўваюцца эканамічныя тэрміны, абавязкова рашаюцца эканоміка-матэматычныя задачы.
Актыўна наладжана ў нашым раёне супрацоўніцтва са спецыялістамі банкаўскай сферы, работнікамі Белдзяржстраха, што дазваляе атрымаць канкрэтную кансультацыю па актуальных пытаннях.
Немалаважную ролю адыгрывае і правільна арганізаваная самастойная дзейнасць навучэнцаў. Віртуальны цьютарыял выкарыстоўваецца для замацавання і карэкціроўкі самастойна атрыманых ведаў і ўменняў, абмену вопытам з іншымі навучэнцамі. Цьютарыялы праводзяцца з прымяненнем актыўных метадаў навучання (групавыя дыскусіі, трэнінгі і мазгавыя штурмы).
Работа з тэрмінамі — адзін з эфектыўных прыёмаў работы, іх засваенне дазваляе вучням аперыраваць найважнейшымі пытаннямі фінансавай сферы. Упэўнена, калі мае вучні дакладна засвояць той ці іншы эканамічны тэрмін, то ім будзе лягчэй арыентавацца ў “падводных камянях” пры вызначэнні правільнага адказу пры праходжанні тэстаў. З гэтай мэтай практыкую тэрміналагічныя дыктоўкі. Складанне кластараў, рашэнне эканамічных задач па вызначанай міні-тэме, рашэнне тэстаў, у тым ліку і ў рэжыме анлайн, работа з электроннымі падручнікамі, дыдактычнымі матэрыяламі, вучэбнымі сайтамі, самастойнае вывучэнне некаторых артыкулаў банкаўскага і падатковага кодэксаў — усё гэта дапамагае пашырыць і паглыбіць веды па фінансавай дасведчанасці навучэнцаў.
Наталля САРОКА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.





