Фізіка — не самы просты прадмет у раскладзе. Як развіваць у школьнікаў матывацыю да яе вывучэння? Настаўнік фізікі гімназіі Клецка Мікалай Слабко запэўнівае: падчас вучобы важныя не толькі веды, але і ўражанні, з якімі вучань пакідае ўрок. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наглядная фізіка

— Лічу, што дзіця немагчыма паспяхова вучыць, калі яно ставіцца да вучобы і ведаў абыякава, без цікавасці, — гаворыць педагог. — Таму працую над фарміраваннем і развіццём у дзяцей матывацыі да вывучэння фізікі, набыцця ведаў, да навукі ўвогуле. Цікавае навучанне — гэта ў тым ліку і старанная праца.
Менавіта дзякуючы матывацыі, дзіця актыўна развіваецца, пашыраецца яго вучэбны вопыт і ўмацоўваюцца веды.
— На вучэбных занятках для развіцця матывацыі вяду дыялог з дзецьмі, падтрымліваю іх імкненне да абгрунтавання розных поглядаў, здольнасць да ацэнкі сваёй дзейнасці, — працягвае Мікалай Мікалаевіч. — Важнымі для фарміравання матывацыі лічу падбор матэрыялу, складанне заданняў, канструяванне адукацыйных і педагагічных задач на аснове праблемнага навучання з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага гімназіста.
— Адзін з дзейсных метадаў павышэння матывацыі — кейс-метад, — знаёміць з сістэмай выкладання педагог. — Я задаю сітуацыю — рэальную або максімальна набліжаную да рэальнасці, а вучні даследуюць яе, прапануюць варыянты рашэння, выбіраюць лепшыя з магчымых.
Дэманстрацыйны эксперымент таксама павышае вучнёўскую цікавасць. Для нагляднасці педагог прымяняе інтэрактыўныя табліцы і плакаты. Яны дапамагаюць зразумець, як уладкаваны складаныя прыборы і машыны.
— Графікі спрыяюць развіццю мыслення вучняў, падахвочваюць іх да даследавання з’яў з колькаснага боку, — дадае педагог. — Акрамя асноўных, выкарыстоўваю развіццёвыя метады навучання. Для ўсведамлення мэты вывучэння матэрыялу выкарыстоўваю элементы праблемнага навучання, з дапамогай пытанняў падводжу дзяцей да разумення і засваення новых ведаў.
Яшчэ дзейснымі з’яўляюцца гульнявыя прыёмы, конкурсы, дзелавыя гульні, спаборніцтвы і даследаванні, яны заўсёды выклікаюць цікавасць у дзяцей.
— Адным з самых даступных шляхоў павышэння эфектыўнасці ўрока, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з’яўляецца самастойная работа, падчас якой рашаюцца задачы, праводзяцца лабараторныя, — дадае Мікалай Слабко. — На сваіх уроках выкарыстоўваю тэкставыя, графічныя задачы, малюнкі. Даследчы метад навучання пераклікаецца з праблемным, толькі тут я сам фармулюю праблему. Задача вучняў — арганізаваць даследчую работу па вывучэнні гэтай праблемы. У модульным навучанні яго змест размяркоўваецца ў дыдактычныя блокі — модулі. Памер кожнага модуля вызначаецца тэмай і мэтамі.
Прадумаць дэталі
Падрыхтоўка да ўрокаў для Мікалая Мікалаевіча — такая ж адказная работа, як і правядзенне саміх заняткаў.
— Заўсёды старанна прадумваю формы і метады арганізацыі работы, каб з самага пачатку ўрока актывізаваць пазнавальную дзейнасць і развіць у вучняў цікавасць да тэмы, — працягвае педагог. — Акрамя таго, паспяховы ўрок для мяне той, у аснове якога — старанна прадуманая тэхналогія і сумесная творчасць настаўніка і класа. Складнікі такога ўрока — уважлівае стаўленне да дэталей, выкарыстанне актуальных метадаў і прыёмаў, разуменне мэт навучання, індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў. Пакуль у дзяцей ёсць цікавасць да фізікі, вялікая верагоднасць, што кожны наступны ўрок будзе больш паспяховым. А значыць, асноўны крытэрый паспяховага ўрока — удзел у вучэбнай дзейнасці ўсіх навучэнцаў на ўзроўні іх патэнцыяльных магчымасцей.
Разважаючы пра паспяховы ўрок, настаўнік фізікі адзначае, што такім з’яўляецца ўрок, напоўнены пошукам, інтэлектуальным напружаннем і зносінамі.
Падбіраючы вучэбны матэрыял да кожных заняткаў, настаўнік імкнецца зрабіць іх пачатак займальным, што дапамагае настроіць вучня на рабочы лад. Абавязковы кампанент — змена відаў вучэбнай дзейнасці. Не менш важным з’яўляецца і правільнае завяршэнне ўрока: педагогу неабходна прааналізаваць яго разам з вучнямі, удакладніць, ці ўсё было зразумела, ці спадабаўся ўрок, якое заданне было самым цікавым. Абмеркаванне дамашняга задання таксама адбываецца на занятках. Мікалай Мікалаевіч не завяршае іх, пакуль навучэнцы не прачытаюць задачы, якія задаюцца на дом, і не скажуць, ці ўсё ім зразумела.
Мікалай Слабко задаволены тымі заняткамі, на якіх навучэнцы не толькі засвойваюць праграмны матэрыял, але і вучацца суадносіць яго з рэальнымі жыццёвымі сітуацыямі.
Актуальнай праблемай у адукацыі педагог называе актыўнасць навучэнцаў на ўроку:
— Калі працую ў рознаўзроўневым класе, даводзіцца арыентавацца на сярэдняга навучэнца, засяроджваючыся на тлумачэнні матэрыялу. У такім выпадку высокаматываваныя дзеці сумуюць. Таму важна ствараць умовы, у якіх вучань самастойна адкрые для сябе тую частку вучэбнага матэрыялу, якую можа максімальна засвоіць.
У рабоце з матываванымі дзецьмі Мікалай Слабко прапаноўвае заданні, якія выходзяць за межы вучэбнай праграмы, а на індывідуальных занятках разам з імі праводзіць даследаванні і рашае нестандартныя задачы.
— Матываваныя навучэнцы знаходзяць нестандартныя шляхі доказаў і рашэнняў фізічных задач, — гаворыць настаўнік. — Я заўсёды заахвочваю самастойную даследчую і праектную дзейнасць, у якой вучань можа сам ставіць мэты і знаходзіць рашэнні. Задача настаўніка — не толькі даць трывалыя веды, але і ўбачыць у дзіцяці адораную асобу. Работу з матываванымі навучэнцамі пачынаю з 7 класа. Улічваючы ўзровень ведаў і патрэбы кожнага, складаю індывідуальныя праграмы, па якіх праводзім заняткі.
Па меркаванні настаўніка, працаваць з матываванымі дзецьмі — гэта як узаемадзейнічаць з калегамі, калі разам даводзіцца думаць над складанай задачай, эксперыментам, даследаваннем, а пасля знаходзіць арыгінальныя падыходы да рашэння.
Дыктаваць формулы
Праверка ведаў — важны этап навучання фізіцы. Адзін з найбольш прадукцыйных і хуткіх спосабаў гэта зрабіць — фізічная дыктоўка.
— Калі яе праводжу, прапаноўваю заданні з канструяваннем адказаў на пастаўленыя пытанні ці запаўненнем пропускаў у сказах, — прыводзіць яшчэ адзін прыклад настаўнік.
Фізічныя дыктоўкі — выдатны інструмент для абагульнення вывучанага. Перавага дыктовак і ў тым, што яны з’яўляюцца адным са спосабаў праверкі дамашняга задання, умення прымяняць веды ў рашэнні задач і паказваюць, ці падрыхтаваны вучні да выканання эксперымента.
— Яшчэ адзін метад праверкі ведаў, які прымяняецца і ў рашэнні задач, — алгарытм. Ён паказвае вучням, як і ў якой паслядоўнасці можна атрымаць неабходны вынік. Пры гэтым ствараюцца ўмовы для развіцця лагічнага мыслення. Адной з найважнейшых умоў якаснага засваення ведаў з’яўляецца іх разуменне. Таму важна знайсці такія метадычныя прыёмы, якія выключаюць фармальны падыход да засваення вучэбнага матэрыялу.
Сфарміраваць глыбокі інтарэс да фізікі ва ўсіх навучэнцаў немагчыма і, напэўна, не трэба, — падсумоўвае Мікалай Слабко. — Важна, каб усім вучням на кожным уроку было цікава. Тады ў многіх з іх першапачатковая зацікаўленасць прадметам перарасце ў захопленасць.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





