Штогод члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” сустракаюцца ў метадычным летніку на возеры Белае, што непадалёк пасёлка Азёры Гродзенскай вобласці. Некаму можа здацца, што гэта выдатны адпачынак пасля доўгага і цяжкага навучальнага года: сосны, прыгожае возера, чароўныя заходы і ўсходы сонца. Але для “жураўлёў” гэта тры дні інтэнсіўнай працы, абмену вопытам і метадычных адкрыццяў.

Функцыянальная адукаванасць
Прапануем вам меню “жураўлінай” метадычнай кухні з трох страў: на першае — функцыянальная адукаванасць, на другое — штучны інтэлект, на дэсерт — вячэрнія мерапрыемствы. Перш чым распачаць “гатаванне”, трэба абгрунтаваць эфектыўнасць работы “жураўлёў” і вызначыць новыя напрамкі дзейнасці. Гэта настаўнікі змаглі зрабіць разам з Інесай Зубрылінай.
Адзначыць свой шлях у конкурсе на стужцы часу, зразумець, якія з’явы конкурснага і пазаконкурснага жыцця аказалі самы вялікі ўплыў, — усё гэта вельмі патрэбна і карысна, бо наперадзе новы этап — конкурс “Настаўнік года — 2026”!
Вызначыліся з інгрэдыентамі — пачынаем гатаваць метадычны абед. Рэцэпт першы — функцыянальная адукаванасць (далей — ФА). Падавалася яна пад рознымі соусамі: чытацкім, фінансавым, прыродазнаўчанавуковым, матэматычным і многімі іншымі.
Для асалоды ад смаку стравы рэкамендуецца даведацца, з чаго складаецца функцыянальная адукаванасць, што з’яўляецца асноўным кампанентам, а што дадатковым. Удзельнікі метадычнага летніка зрабілі гэта разам са старшынёй савета клуба Іванам Якіменкам.
Далей прапануем дабавіць праекты як важны інгрэдыент стравы пад назвай ФА. Удзельнікі паспрабавалі іх на смак з дапамогай Канстанціна Крышталя, Святланы Іванюшынай, Алены Цілюпа, Дзмітрыя Бондара і Таццяны Пархамчук.

Праекты ў сваёй большасці — камандная работа. Таму настаўнікі працавалі ў камандах: з дапамогай вяровачак разам перамяшчалі папяровыя кубачкі, з выкарыстаннем картак з героямі казкі “Калабок” размяркоўвалі функцыі ў групе. Калі работа была наладжана, паспрабавалі розныя заданні, прыёмы і метады. Будавалі мадэлі форм зямной паверхні і дзякуючы ім змаглі знайсці недакладнасці ў тэкстах падручнікаў. Выкарыстоўвалі метад факальных аб’ектаў, каб стварыць аб’ект з новымі ўласцівасцямі: выбіраўся галоўны (факальны) аб’ект, які патрабаваў удасканалення (у нас была ручка), дабаўлялася некалькі выпадковых аб’ектаў, чые ўласцівасці надалі факальнаму новыя рысы.
Напрыклад, кошка. Педагогі вылучылі яе асаблівасці: кіпцюры, мяккая поўсць, вылізваецца сама. Потым дабавілі яе да факальнага аб’екта: мяккая ручка з поўсцю дазваляе камфортна пісаць; ручка з мяккім наканечнікам чысціць (“вылізвае”) след за сабой; ручкай, стрыжні якой адначасова вылазяць, як кіпцюры, можна праводзіць адразу некалькі ліній. З дапамогай педагагічнага крэатыў-бою педагогі высвятлялі, якую ролю выконвалі розныя загадкавыя прадметы гісторыі. Асабліва ўразіла ўсіх канструкцыя ў выглядзе шлема з балонам падачы паветра, якую выкарыстоўвалі для таго, каб ніхто не мог перашкодзіць падчас засяроджанай працы.
Алена Цілюпа “прыправіла” праектны інгрэдыент інтэрактыўнай картай, на якой можна было азнаёміцца з тэорыяй і даведацца пра практычнае прымяненне біялагічных праектаў. Паспяхова рэалізаванымі аказаліся наступныя: “Адвент-каляндар ЦУР”, “Правільны букет”, “Лічбавыя адходы”, “Гаючыя прыправы” і іншыя. Да таго ж педагогі змаглі праверыць, наколькі іх паводзіны экалагічныя. Напрыклад, ці награваеце вы ў чайніку толькі тую колькасць вады, якая неабходна вам на адзін раз? Калі не, то пачніце, бо гэта зменшыць выкіды СО2.
Беларусы ў мінулым годзе былі ў космасе, таму Дзмітрый Бондар не проста расказаў, як вывучаць фізіку на практыцы, але і даў магчымасць жадаючым ажыццявіць запуск ракеты (пластыкавай бутэлькі) з дапамогай аўтамабільнай помпы. Калі фізіку вывучаць на рэальных прыкладах, яна становіцца блізкай і зразумелай. І гэта датычыцца не толькі фізікі.
Таццяна Пархамчук да касмічнага дабавіла яшчэ адзін інгрэдыент: настаўнікі атрымалі задачу — з яйка стварыць сапраўднага касманаўта, які не пацерпіць крушэнне ў палёце. А рэсурсы для выратавання касманаўта былі нешматлікімі: пластыкавы кубачак, 3 кактэйльныя трубачкі і адзін інгрэдыент на выбар удзельнікаў групы. З трох касманаўтаў выжыў толькі адзін: група зрабіла з паперы парашут, які змякчыў удар пры падзенні.
Здаецца, страва гатова? Пакуль не! Каштоўным інгрэдыентам па фарміраванні ФА стаў канструктар заданняў ад Святланы Здаранковай: настаўніца прапанавала не шукаць цяжкіх шляхоў, а выкарыстоўваць для гэтага тэкст падручніка. Пра выніковасць такой работы, а таксама пра тое, якім чынам можна стварыць адукацыйную прастору, што фарміруе ФА (дарожная карта, арганізацыя фестываляў навук, работа навуковага клуба і інш.), расказала Ірына Матузава, дырэктар школы, дзе працуе Святлана Здаранкова.

Эфектыўную работу па складанні заданняў па ФА прадэманстравала Юлія Касталомава з дапамогай метадычнага квеста. Спасцігні адукаванасць, выканай заданне, атрымай ключ — і адкрыеш для сябе рабочы ліст з заданнямі на розныя кампаненты ФА. Такі клад дастаецца кожнаму вучню Юліі, а цяпер яго атрымалі яшчэ і члены клуба “Крыштальны журавель”. “Функцыянальная адукаванасць 360°”: аказваецца, на ўроках замежнай мовы можна і трэба выкарыстоўваць комплексныя заданні па фарміраванні ФА.
Асаблівым інгрэдыентам, без якога страва ФА не зможа стаць паўнавартаснай, з’яўляецца чытацкая адукаванасць. З гэтым інгрэдыентам выдатна справіліся Святлана Германовіч, Лідзія Аўсюк, Галіна Сухава, Аксана Свістунова, Вольга Кіслова, Іна Мядзведская.
Адчуць, як чытанне дапаможа дажыць да панядзелка, атрымалася разам са Святланай Германовіч. Цікавыя прыёмы па фарміраванні чытацкай адукаванасці не толькі ўразілі педагогаў, але і аказаліся вельмі “смачнымі”: агульнае меркаванне, рысы характару, жывая лінія, свабодны мікрафон… Прычым гэта не толькі пра чытанне, але і пра эмацыянальны інтэлект. “Не забудзьце сказаць дзякуй літаратурнаму герою, аўтару, якія аказалі на вас уздзеянне”, — звярнулася да ўдзельнікаў летніка педагог.
Прыправу ў выглядзе гульні “Асацыяцыі” разам з усімі прысутнымі дабавіла ў страву Галіна Сухава. Настаўнікі з цікавасцю шукалі агульнае ў выявах. І часта гэта не ляжала на паверхні, трэба было паразважаць. Чым больш абмеркаванняў — тым больш смачнай станавілася страва. Чытацкую адукаванасць можна фарміраваць вельмі цікава і з азартам!
Лідзія Аўсюк, Вольга Кіслова і Аксана Свістунова прапанавалі групам тэксты і дэманстравалі розныя формы работы з імі для лепшага засваення, аналізу, ацэнкі і інтэрпрэтацыі інфармацыі. Разам з Аксанай Свістуновай педагогі запаўнялі рабочы ліст, дзе дэталёва прапрацоўвалі лексіку тэксту, а затым працавалі над развіццём маўлення. Цяжкасці выканання заданняў яны прааналізавалі разам з Лідзіяй Аўсюк.
Цікавым было заданне на пабудову тэксту з фрагментаў, якія былі размеркаваны паміж удзельнікамі групы. Чытаць можна было толькі сваю частку, даказваючы, чаму зараз будзе ісці менавіта гэты абзац. Вольга Кіслова дабавіла да агульнай стравы міні-канструктар па рабоце з тэкстам і рэкамендацыі, як даць чытацкай адукаванасці штуршок для ўзлёту: узяць тэксты, якія не адносяцца да школьнай праграмы, і прыправіць іх тэхналогіямі сэнсавага чытання (пошук інфармацыі, інтэрпрэтацыя, ацэнка і творчасць).
Іна Мядзведская прапанавала папрацаваць у каворкінгу з настольнымі гульнямі, якія распрацавалі яе вучні на аснове тэкстаў беларускай літаратуры: даміно, трыміно, пазлы і іншыя прысмакі надалі нашай першай страве асаблівы і непаўторны смак.
Штучны інтэлект
Пачынаем гатаваць другую страву — гарачае! Гэта тое, што актуальна зараз і карыстаецца вялікім попытам як у дарослых, так і ў дзяцей. Думаю, вы здагадаліся, пра што ідзе гаворка. Вялікую ролю ў сучаснай адукацыйнай сістэме адыгрывае штучны інтэлект. Пачнём з таго, што назавём яго Іванам Іванавічам. Гэты сур’ёзны персанаж падштурхнуў да разважанняў многіх членаў клуба “Крыштальны журавель”: Максіма Мікуліча, Ігара Якіменку, Ірыну Бядарык. Яны напоўнілі сваімі сэнсамі змест другой стравы метадычнага абеду.

Ігар Якіменка паказаў магчымасць штучнага інтэлекту ў рабоце дырэктара школы, назваўшы 5 пераваг яго выкарыстання. Напрыклад, алгарытмізацыя працэсаў, аналіз вялікіх баз даных, аўтаматызацыя праверкі ведаў і стварэнне індывідуальных адукацыйных траекторый вучняў, вызваленне ад руціннай працы (пратаколы, загады генерыруе штучны інтэлект). А яшчэ ён можа дапамагаць ствараць забаўляльны кантэнт для ўстановы адукацыі. Ігар Віктаравіч прадэманстраваў песні пра сваю школу, якія былі згенерыраваны штучным інтэлектам. Для гэтых і іншых задач можна выкарыстоўваць, скажам, чат deep-seek. Але нельга забываць: давяраць нашаму Івану Іванавічу можна, але і правяраць трэба, асабліва згенерыраваныя прэзентацыі і выявы.
Асаблівым было выступленне Максіма Мікуліча. Ён паказаў, як ствараць з дапамогай чата відэаролікі, перапрацоўваць тэкст падручніка для прэзентацый, выкарыстоўваць скрыны ці малюнкі з тэстамі для стварэння новых тэстаў, правяраць адказы і знаходзіць у іх недакладнасці. У педагога ёсць створаныя чат-боты: дапамагатар, пераўтваратар, здабывальнік. З дапамогай штучнага інтэлекту ён прапісаў правілы для бота. І цяпер штучны інтэлект можа здабыць і перапрацаваць тэкст з падручніка, не згубіўшы спісы, малюнкі і дадатковую інфармацыю. Хочацца хутчэй “пакаштаваць” гэты інгрэдыент на смак!
Ірына Бядарык прадэманстравала магчымасці розных сэрвісаў для стварэння цікавых заданняў. Асабліва “смачным” педагогам здаўся QR-код, які трэба было дамаляваць па лічбах, выканаўшы пэўныя заданні. Некаторыя лічбы зафарбоўваюцца, некаторыя пакідаюцца пустымі, такім чынам код дапрацоўваецца і потым распазнаецца. Ваў! Чытаецца! Такі эфект заданне выклікала нават сярод дарослых. А што скажуць дзеці!
Апошні (але не па значнасці) інгрэдыент, які мы дабавілі ў другую страву, не звязаны са штучным інтэлектам. Яго роля — у павышэнні цікавасці да прафесіі настаўніка. Згадзіцеся, калі гатаваць метадычны абед, то гэта, напэўна, найважнейшы кампанент! А падзялілася сваім вопытам у гэтым кірунку Галіна Дудко. Яе вучні не проста ўваходзілі ў склад педагагічнай групы 11 “А” класа, а дзейнічалі. Педагагічныя пробы для многіх сталі штуршком да выбару прафесіі. Мы верым, што нашы вучні стануць лепшымі настаўнікамі!
У вольны час
А потым мы пачалі гатаваць дэсерт. “Навошта?” — спытаюцца многія. Няўжо педагогам не хапае метадычнай работы і трэба прыдумляць яшчэ нешта? Справа ў тым, што традыцыі “жураўлінага” летняга выезду захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэтым разам у рэцэпт дэсерту ўвайшлі “МазгаБойня” і “Свая гульня”, тэматычны вечар з падарункамі невядомаму сябру, малыя амаль Алімпійскія гульні і Азёрны баль.
Для “смачнага” інтэлектуальнага адпачынку важна падабраць добрыя пытанні і выбраць лепшых вядучых. Максім Мікуліч разам з Таццянай Пархамчук і Інай Мядзведскай выдатна справіліся з пастаўленымі задачамі, а ўдзельнікі гульні спатолілі не толькі інтэлектуальную, але і гумарыстычную смагу. Малая алімпіяда, якую дапамаглі арганізаваць Таццяна Гардзіеўская і Максім Мікуліч, — магчымасць праявіць вынослівасць, камандны дух і спрытнасць. А Азёрны баль — неверагодны вечар эмоцый і ўспамінаў.
Але дэсерт не быў бы такім смачным, каб не цудоўныя госці, якія таксама з’яўляюцца членамі клуба “Крыштальны журавель”. Так, да метадычнага летніка далучылася Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Яна прапанавала “жураўлям” новыя кірункі супрацоўніцтва. Якія? Няхай яны пакуль застануцца сакрэтным інгрэдыентам!
Метадычны абед з трох страў — 2025 пад назвай “Азёры” гатовы. Кожны выбраў штосьці на свой смак, але эфект доўгага хваста не дазволіць пакінуць без увагі і ўсе іншыя інгрэдыенты. І пакуль новыя ўдзельнікі намячаюць сабе шлях да ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года — 2026”, кожны з “жураўлёў” дакладна ведае: лепшыя настаўнікі не тыя, хто стаў пераможцам конкурсу, а тыя, хто заўсёды гатовы дзяліцца сваімі напрацоўкамі. Каб кожны меў магчымасць “пакаштаваць” самае смачнае з педагагічнай кухні. Таму чакайце: клуб “Крыштальны журавель” у гэтым годзе можа прыляцець і да вас!
Святлана ІВАНЮШЫНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска,
член клуба “Крыштальны журавель”
Фота Святланы ЗДАРАНКОВАЙ





