Галіна Крупеннік: у пачатковай школе дзеці вучацца навыкам і ўменням, якія спатрэбяцца ім на працягу ўсяго жыцця

- 9:02Главная, Образование

Задача настаўніка пачатковых класаў — прывіць любоў да ведаў, навучыць дзяцей узаемадзейнічаць у калектыве. У гэтым упэўнены педагогі сярэдняй школы № 1 Круглага Галіна Крупеннік і Вераніка Цішурова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Галіну Крупеннік са школы цікавіла работа з дзецьмі, таму выбрала профільны педагагічны клас. Настаўніца ўзгадвае, як наведвала з аднакласнікамі дзіцячыя сады, працавала з малымі, і ўжо тады разумела, што хоча ба­чыць плён сваёй дзейнасці:

— Менавіта ў пачатковай школе мы вучым тым навыкам і ўменням, якія дзіцяці і любому чалавеку ў цэлым спатрэбяцца на працягу ўсяго жыцця. За гэты час школьнікі навучацца чытаць, авалодаюць навыкамі пісьма і матэматыкі. А далей змогуць рушыць у цікавым напрамку.

Выбар Г.Крупеннік паў на Магілёўскі педкаледж, а далей яна працягнула вучобу ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.А.Куляшова па спецыяль­насці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. Апошнія 15 гадоў педагог працуе ў сярэдняй школе № 1 Круглага, якую некалі скончыла сама.

Дзеці ўмеюць дарыць сілу, любоў і жаданне працаваць. Калі глядзіш у іх вочы, разумееш, што робіш усё не дарэмна.

Галіна Пятроўна падкрэс­лі­вае, што ў сваёй рабоце ўлічвае інтарэ­сы кожнага дзіцяці:

— Мая задача як педагога — адаптаваць навучэнцаў да школы, каб з’явілася разуменне, што яны, як і бацькі, працуюць. І дзякуючы гэтым штодзённым намаганням змогуць у далейшым авалодаць прафесіяй і рэалізавацца ў жыцці. Матэматыку разглядаю ў тым ліку з пункту гледжання практычных навыкаў. Удзяляю ўвагу фінансавай дасведчанасці, даю розныя тэкставыя задачы. Сярод важных тэм, якія тлумачу пачаткоўцам, — роля сям’і і іх будучы ўклад у росквіт нашай краіны. Важна выкарыстоўваць не абстрактныя паняцці, а прыклады з жыцця, выходзіць на дыялог, задаваць зразумелыя пытанні.

У метадычнай скарбонцы настаўніцы — работа з ілюстрацыйнымі матэрыяламі, выкарыстанне розных відэафрагментаў і гульнявога фармату.

— Скажу шчыра, я строгі настаўнік. Мая галоўная мэта — зацікавіць, навучыць і дабіцца выніку. Таму важна з 1 класа растлумачыць навучэнцам, дзе ўрок носіць вучэбны характар, а дзе ёсць месца для невялікіх забаў. Малыя хутка пераключаюцца з аднаго віду дзейнасці на іншы, але мы не павінны забываць, што ўрок выконвае выхаваўчую і развіццёвую функцыю, — зазначае педагог. — Як настаўнік пачатковых класаў павінна прывучыць дзяцей да дысцыпліны, парадку, правіл паводзін, так яны і далей ідуць па школьным шляху.

Адзін з найважнейшых прынцыпаў Галіны Крупеннік — падтрымка навучэнцаў, работа ў тандэме і індывідуальны падыход.

— Важна паўтараць школьнікам, што яны самыя разумныя і ў іх усё абавязкова атрымаецца, толькі трэба прыкласці крыху больш намаганняў. Вучу іх паднімаць руку і цярпліва чакаць, пакуль я вызвалюся і дапамагу. Не пакідаю дзяцей сам-насам з іх цяжкасцямі. Паўтараю, што не варта спяшацца — у любым выпадку мы разбяромся з узніклай праблемай. Гэта вучыць у тым ліку ўседлівасці. Прапаную з карысцю выкарыстаць гэты час чакання, пераправерыць ці пералічыць — магчыма, рашэнне прыйдзе само. Застаёмся недзе і на перапынках, калі раптам у межах урока не паспелі разабрацца, — тлумачыць суразмоўніца.

Педагог заўсёды падтрымлівае жаданні і мары дзяцей. Яна расказвае пра магчымасці той ці іншай прафесіі, дзеліцца фактамі пра вядомых землякоў і навучальныя ўстановы, у якіх можна авалодаць неабходнымі навыкамі.

— Калі першакласнікі напрыканцы дня кажуць, што ўрокі прайшлі хутка — значыць, усё атрымалася і я правільна выбудавала сістэму. У першы школьны год важна шмат размаўляць і працаваць рукамі — выразаць, маляваць, развіваць дробную маторыку. Неабходна змена відаў дзейнасці, але ўсё гэта павінна быць у рамках аднаго ўрока і тэмы. А таксама трэба ўмець быць эмацыянальным: дзесьці перайсці на шэпт ці, наадварот, інтанацыяй падкрэсліць тую ці іншую думку. Бо дзеці вельмі чуллівыя, яны цягнуцца за табой, што неабходна таксама ўлічваць, — упэўнена Г.Крупеннік.

Па словах настаўніцы, вялікі пласт работы — узаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў.

— Неабходна данесці, што я ўплываю на жыццё дзяцей толькі 4 гады, а мамы і таты выхоўва­юць іх увесь час. Рухацца ў розных кірунках мы не можам, таму так важна выбудаваць адзіную тактыку ў навучанні і выхаванні з 1 класа, — дзеліцца вопытам Галіна Пятроўна.

Важнасць бацькоўскага ўплыву на поспехі вучняў падкрэс­лівае і Вераніка Цішурова: нельга пакідаць дзяцей сам-насам са сваімі праблемамі як у школе, так і дома.

— Я ўвесь час паўтараю, што памылкі і цяжкасці — гэта складнікі навучання, трэба верыць у свае сілы, а калі прыкласці крыху больш намаганняў, то дзеці абавязкова дасягнуць тых вышынь, да якіх імкнуцца. Мая ж задача — дапамагчы ім паверыць у сябе, — распавядае Вераніка Васільеўна. — Яшчэ адзін з прынцыпаў: ніколі не параўноўваць выхаванцаў. Тлумачу ім, што трэба аналізаваць свой асабісты прагрэс з мінулым.

Трэба верыць у свае сілы, а калі прыкласці крыху больш намаганняў, то дзеці абавязкова дасягнуць тых вышынь, да якіх імкнуцца. Мая ж задача — дапамагчы ім паверыць у сябе.

Працуе настаўніца і над згуртаванасцю класа. Пачаткоўцы ездзяць на экскурсіі, з радасцю ўдзельнічаюць у мерапрыемствах шостага школьнага дня і ў розных іншых падзеях:

— У тым ліку актыўна падтрымліваем камандны і спартыўны дух. Вучу іх прымаць паражэнні, атрымліваць пазітыўныя эмоцыі ад самога ўдзелу.

В.Цішурова ўзгадвае, што на выбар жыццёвага прызначэння аказала яе першая настаўніца Зоя Мікалаеўна Падчасава:

— Яе прыклад стаў для мяне арыенцірам. Іншага выбару для мяне не існавала, таму паступіла ў Барысаўскі педкаледж, потым скончыла БДПУ, атрымала спецыяль­насць “Настаўнік пачатковых класаў”. Я вырасла на Кругляншчыне, трапіла па ­размеркаванні ў адну са школ раёна, а пасля дэкрэтнага водпуску ў 2014 го­дзе перавялася ў гэтую ўстанову адукацыі. Любоў да сваёй справы імкнуся перадаць і дзецям. “Выберыце прафесію па душы” — паўтараю ім. Вялікае шчасце прыходзіць туды, дзе ты атрымліваеш асалоду.

Педагог зазначае, што ёй з сучаснымі дзецьмі працуецца лягчэй. Яны больш дапытлівыя, з цікавасцю падыходзяць да вырашэння задач.

— Прымяняю гульнявыя метады і інфармацыйныя тэхналогіі, уключаю інтэрактыўныя элементы на ўроках. Звяртаюся па дапамогу да мультыплікацыйных сучасных герояў, — працягвае суразмоўніца. — Зараз важнае месца займае функцыянальная і чытацкая адукаванасць. Вучу дзяцей працаваць з тэкстам, апрацоў­ваць яго, аналізаваць.

Галоўнай задачай для Веранікі Васільеўны з’яўляецца выхаванне сапраўднага чалавека.

— Для настаўнікаў не так важныя ўласныя дасягненні, як поспехі навучэнцаў. Сёлета мой першы клас скончыў школу, і прыемна было атрымаць паведамленні ад бацькоў пра тое, у якія ўстановы адукацыі паступілі нашы дарослыя дзеці. І ўдвая радасна, што навучэнцы за школьныя гады змаглі ўзмацніць свае веды. Так, хлопчык паказваў высокія вынікі па матэматыцы ў пачатковай школе, і ва УВА выбраў фізіка-матэматычны напрамак. Значыць, мне ўдалося прывіць любоў да прадмета на першых этапах адукацыі, — падсумоўвае педагог.

 Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота аўтара