Сярод тых, каму, згодна з указам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, прысуджаны дзяржаўныя ўзнагароды, — педагог гімназіі № 14 Гомеля Жанна Жадзейка. Зараз яна — заслужаны настаўнік Беларусі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Жанна Фёдараўна працуе ў сферы адукацыі з 1985 года. Агульны стаж яе работы ў галіне складае 33 гады, а ў калектыве гімназіі — 30 гадоў. Жанна Жадзейка з’яўляецца членам савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, неаднаразовым лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Педагог падрыхтавала 86 дыпламантаў абласных алімпіяд і конкурсаў па рускай мове і літаратуры, 29 з іх сталі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, 26 — міжнародных спаборніцтваў, 54 — абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў творчых работ. Жанна Фёдараўна — бліскучы філолаг і педагог, якая ўмее нестандартна і займальна падаваць вучэбны матэрыял.
Як настаўнік і трэнер абласной каманды навучэнцаў па рускай мове і літаратуры Жанна Фёдараўна натхняе вучняў не спыняцца на дасягнутым, матывуе на новыя перамогі. Яна ўпэўнена: трэба ўвесь час цягнуцца да ведаў, удасканальваць сябе.
Ацаніць педагагічны талент Жанны Жадзейка могуць школьнікі не толькі Гомельскай вобласці, але і ўсёй краіны. Бо яна — аўтар сучасных падручнікаў па рускай мове для 5, 6 і 8 класаў. Укаранёныя ёю інавацыйныя методыкі навучання дапамагаюць дзецям лягчэй засвойваць матэрыял і, самае галоўнае, палюбіць прадмет, адчуць цікавасць да яго вывучэння. Вось некалькі вытрымак з майго інтэрв’ю з Жаннай Фёдараўнай.
- На першым уроку ў 5 класе я кажу дзецям, што ўсе яны таленавітыя. Толькі ў кожнага свой талент. Кажу: пакуль вы вучыцеся, розныя адзнакі можна атрымліваць. Што гэта за вучань, які мае толькі “9” і “10”? Адразу вызначыць будучых пераможцаў вельмі складана, хаця дзяцей са здольнасцямі бачна адразу. Але ж сярод іх ёсць пчолкі, а ёсць і матылькі. Некаторыя схопліваюць на ляту, а працаваць не хочуць. А вынікі ўрэшце і ад працаздольнасці залежаць. Часта тыя школьнікі, якія не маюць выдатных здольнасцей, але вельмі хочуць дасягнуць поспехаў, і становяцца пераможцамі алімпіяд. Я прыходжу ў школу з тым, каб асновы ведаў былі закладзены на ўроку. У малодшых класах выкарыстоўваю элементы гульні. Але ж нельга ператвараць увесь урок у гульню. Бо вучоба — гэта праца. Хто сказаў, што яна будзе лёгкай?
- Руская мова ў сучасным грамадстве мае камунікатыўную накіраванасць. Дзеці павінны ўмець размаўляць, выказваць сваё меркаванне правільна, пісьменна. Таму культуры маўлення павінна ўдзяляцца шмат увагі. Пісьменнасць чалавека — гэта паказчык узроўню яго культуры. Я ніколі не выкідаю з праграмы такія тэмы, як “Вучэбнае паведамленне”. Лічу, што такі навык не менш важны, чым пісьмо. Каб быць паспяховым, трэба ўмець данесці да іншых сваю думку, сваю ідэю.
- Калі займаемся мовай, мы не толькі рыхтуемся да алімпіяд. Мы вядзём пэўную даследчую работу. І дзеці адчуваюць смак да навукі. Таму, калі добра вучыцца, можна стаць і навукоўцам, і перакладчыкам, і журналістам… Філалогія дае дастаткова вялікі выбар прафесій.
- Многія мае вучні сталі добрымі бацькамі — хіба яны не адбыліся ў жыцці? Мне ўсміхаюцца былыя вучні ў магазіне, банку, паліклініцы — усюды, дзе яны працуюць. Я спрабую дастукацца да кожнага, але ж стукаюся не толькі я, таму вынікі, канечне, бываюць розныя. Тут важна і супрацоўніцтва з бацькамі. Калі ёсць кансэнсус — будзе добра, калі няма — перажываю, што недадала. Гэта раны на сэрцы… Я далёкая ад думкі, што ўсе дзеці будуць аднолькава ведаць рускую мову. Заўсёды ім гавару, што не гэта галоўнае. Галоўнае — быць чалавекам.
- Раней я ставіла перад сабой пытанне: ці хацела б, каб маё дзіця вучылі так, як я вучу чужых дзяцей? Калі з іншымі працуеш так, як хацеў бы, каб працавалі з тваім дзіцем, тады, здаецца, штосьці атрымаецца. Клас мяне лечыць, нават калі хварэю. Сэрца трэба аддаваць дзецям, а не думаць, колькі за што табе плацяць, колькі б хацеў атрымаць… Галоўнае, калі ты атрымліваеш задавальненне ад працы.
- Кожны з нас павінен памятаць, што настаўнік — уладальнік асаблівай прафесіі. Бо, як казаў Леў Талстой, “каб жыць сумленна, трэба рвацца, блытацца, памыляцца, пачынаць і кідаць… і вечна змагацца і пазбаўляцца. А спакой — душэўная подласць”. Не будзьце спакойнымі. Ідзіце да вызначаных мэт.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
***
Ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь” таксама атрымала Людміла Кушнярова, педагог сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Для настаўніцы рускай мовы і літаратуры гэта не першая ўзнагарода — яна ўжо мае званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
— Любая ўзнагарода — гэта пачэсна і вельмі адказна, але ж для мяне званне само па сабе ніколі не было мэтай, — адзначае настаўніца. — Гэта толькі вынік добрай працы. Вынік таго, што на ўроку ты не проста даеш дзецям пэўныя веды, якія, дарэчы, сёння можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. А душу сваю ўкладаеш у кожнага з іх, шукаеш у кожным дзіцяці нешта добрае (а ў кожнага яно сваё) і выцягваеш наверх. Знайшоў гэтую струнку — усё, з ім можна працаваць. Я лічу, кожнае дзіця нараджаецца добрым, са светлай душой. Важна яе зберагчы.
На думку Людмілы Кушняровай, ідэальных педагогаў не бывае. Тут галоўнае іншае: імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць якасную адукацыю, лепш наогул не выкладаць, чым выкладаць нядобрасумленна. Гэта дэвіз для ўсіх, хто хоча стаць педагогам. Дарэчы, настаўнікі бываюць розныя — і строгія, і больш лагодныя, але ўсе яны аднолькава патрэбны для выхавання дзіцячай асобы.
— Я часта ўспамінаю такі прыклад, — расказвае заслужаны настаўнік. — Былі ў маім дзяцінстве, калі я яшчэ вучылася ў мінскай школе № 82, два педагогі. Першая — Галіна Канстанцінаўна Раслякова. Рускую літаратуру і мову яна выкладала так, што не слухаць яе было немагчыма. Нават вершы не расказвала — спявала. Мы ўсе слухалі яе, як зачараваныя. Потым да нас прыйшла другая настаўніца па тым жа прадмеце — Зоя Майсееўна Славінская: чалавек зусім іншага складу характару. Яна была вельмі грунтоўная. Таго палёту, да якога мы прызвычаіліся раней, у яе манеры выкладання не было. Але і яе мы вельмі любілі. І тады мне падумалася, што ў вобразе ідэальнага настаўніка дзве гэтыя жанчыны павінны сумясціцца. Памятаю, адзін з маіх вучняў неяк сказаў мне: “Вы, Людміла Аляксееўна, можа, і не ідэальная, але мне ёсць за што вам сказаць дзякуй”. Вось гэта самая галоўная падзяка для настаўніка.
Людміла Кушнярова заўважае, што праца педагога цяжкая, асабліва сёння, у няпросты час. Але дзеці заўсёды вельмі жыва ўсё ўспрымаюць, і калі з імі ўмець працаваць, то можна многага дасягнуць.
— Новае пакаленне вучняў ужо з першых хвілін ацэньвае цябе, — падкрэслівае яна. — Ці можна табе давяраць? Цікава з табой ці не? Стандарт павышаецца, і сёння педагогу трэба адпавядаць іх патрабаванням, умець павесці за сабой. У той жа час умець паставіць на месца таго, чые паводзіны не адпавядаюць нормам маралі. Наогул слова — гэта моцная зброя ў руках настаўніка. Я вельмі добра ведаю гэта як выкладчык рускай мовы і літаратуры. Прыгожае літаратурнае слова дапамагае мне знайсці шлях да дзіцячага сэрца. Нават на ўроках стараюся, каб кожны сказ быў ладным, каб усе заданні былі эстэтычна аформлены. Стараюся стварыць прыгожае моўнае асяроддзе. На ўроках літаратуры мы з дзецьмі шмат разважаем, яны выказваюць свае меркаванні, прымяраюць вобразы герояў на сябе. Разглядаем характары, лёсы, займаемся такім чалавеказнаўствам.
Дарэчы, менавіта чалавеказнаўствам можна назваць і факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, для якога Людміла Кушнярова стварае метадычныя дапаможнікі.
— Лічу, пачытаць іх будзе карысна выкладчыку любога прадмета, бо курс заснаваны на хрысціянскіх і традыцыйных каштоўнасцях беларускага народа. Без іх не выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, — заўважае заслужаны настаўнік.
Лізавета МІЦКЕВІЧ