Каб утрымаць увагу вучняў, настаўніца пачатковых класаў Зенькавіцкай базавай школы імя А.І.Якімовіча Уздзенскага раёна Ганна Яскевіч стараецца зрабіць кожны ўрок непрадказальным, інтэрактыўным і актуальным. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Вельмі важна прыцягнуць увагу навучэнцаў з першых хвілін, — зазначае Ганна Вадзімаўна. — Для гэтага можна задаць праблемнае пытанне, адказ на якое дзеці атрымаюць у ходзе ўрока. Падбор заданняў таксама мае вялікае значэнне, таму стараюся пераводзіць тэорыю ў практыку, паказваю, якое значэнне тая ці іншая тэма мае ў рэальным жыцці. Каб захапіць дзяцей, трэба ператварыць урок з лекцыі ў сумесныя прыгоды, дзе ёсць месца адкрыццям, дыскусіям, творчасці і руху. Калі вучань адчувае сябе не пасіўным гледачом, а актыўным удзельнікам-даследчыкам, захопленасць прыходзіць сама сабой.
Разважаючы пра выкладанне, Ганна Яскевіч падкрэслівае, што не бывае двух аднолькавых урокаў, як і двух аднолькавых адказаў у дзяцей:
— Наша прафесія — жывы, пастаянна зменлівы працэс. Кожны дзень прыносіць новыя выклікі, нечаканыя пытанні ад вучняў, якія і мяне прымушаюць на многае паглядзець пад іншым вуглом. Гэта не дазваляе стаяць на месцы, увесь час трымае ў тонусе. Вядома, галоўны вынік працы педагога бачны не адразу, але прыемна, калі праз гады пасля заканчэння пачатковай школы дзеці помняць свайго першага настаўніка. Упэўнена: каб вучыць іншых, трэба пастаянна вучыцца самому. Немагчыма быць добрым педагогам, перастаўшы развівацца. Настаўніцтва прымушае быць у курсе новых даследаванняў, тэхналогій, ідэй, не дае спыніцца ў інтэлектуальным і асобасным росце.

Дзякуючы чаму ў дзяцей з’яўляецца жаданне прыходзіць на ўрок? На што яны звяртаюць увагу, калі бачаць настаўніка? Па назіраннях Ганны Вадзімаўны, для вучняў пачатковых класаў важна многае, пачынаючы ад тэмпераменту і якасцей характару да прыкладу дарослых, якіх ён бачыць перад сабой.
— Вялікае значэнне мае педагог, які гарыць сваёй справай і кожнага вядзе за сабой, — упэўнена настаўніца. — Дзеці — вялікія імітатары. Бескарысна гаварыць пра каштоўнасць ведаў, калі дарослыя, якія знаходзяцца побач, не бяруць у рукі кнігу, не цікавяцца нічым новым. Дзеці нараджаюцца даследчыкамі, яны любяць спазнаваць свет. Задача дарослых — яшчэ больш распаліць гэтую дапытлівасць, у тым ліку і асабістым прыкладам.
Пра матывацыю да вучобы таксама трэба помніць. Яе фарміраванне — пастаянны, бесперапынны працэс, а яе самы важны складнік — гэта поспех:
— Настаўнік павінен вучыць дзяцей правільна ставіцца да памылак. Нават дарослыя страчваюць матывацыю, калі ў іх нешта не атрымліваецца, таму заўсёды гавару дзецям успрымаць свае памылкі як магчымыя кропкі росту. Тое, што яны памыліліся, — гэта часова, не трэба апускаць рукі. Люблю прыводзіць у прыклад гісторыю жыцця Томаса Эдзісана — вынаходніка лямпы напальвання, які адрозніваўся мэтанакіраванасцю і працавітасцю. Калі ён вёў пошукі матэрыялу для ніткі напальвання электрычнай лямпы, то перабраў каля 6000 узораў. Цытата Эдзісана пра тое, што ён не цярпеў паражэнняў, а проста знайшоў 10 000 спосабаў, якія не працуюць, натхняе. Таму пастаянна паўтараю сваім навучэнцам: “Давай паспрабуем яшчэ раз, у нас атрымаецца”.

Расказваючы пра формы правядзення заняткаў, Ганна Яскевіч падзялілася, что часта арганізоўвае ўрокі-квесты або ўрокі-падарожжы ў гульнявым фармаце. Разам са школьнікамі настаўніца шукае скарбы, расшыфроўвае пасланні, гуляе на станцыях.
— Гэта стварае магутны эмацыянальны пад’ём, трэніруе логіку і ўменне працаваць ва ўмовах абмежаванага часу, — падкрэслівае педагог. — Такі падыход выдатна працуе на ўроках абагульнення. Для праверкі ведаў падыдуць урокі-турніры, віктарыны. Яны праходзяць дынамічна і эмацыянальна. Люблю ўрокі-даследаванні, дзе не даюцца гатовыя веды, а праз праблемныя сітуацыі дзеці вылучаюць гіпотэзы, шукаюць інфармацыю і самі фармулююць вывады. Гэта фарміруе крытычнае мысленне, вучыць ставіць пытанні і самастойна здабываць веды. Калі вучні не могуць прадказаць, у якой форме пройдзе наступны ўрок, але ведаюць, што будзе цікава, гэта і ёсць тая самая магія, якая фарміруе любоў да вучобы.
Ганна Вадзімаўна гаворыць, што сённяшні дзень патрабуе ад педагога не энцыклапедычных ведаў, а гнуткіх навыкаў:
— Свет мяняецца вельмі хутка. Нядаўна пачула выраз: “Нашы дзеці будуць жыць у свеце, якога яшчэ няма”. Раней мы і падумаць не маглі, што з’явіцца штучны інтэлект, які будзе пісаць музыку, маляваць карціны, ажыўляць фатаграфіі або прыдумляць казкі. Усё гэта патрабуе ад нас здольнасці да пастаяннага перанавучання. Менавіта таму тэма фарміравання функцыянальнай адукаванасці стала актуальнай у апошнія гады, адбываецца пераход ад перадачы ведаў да вырошчвання кампетэнцый. Мы знаходзімся на шляху стварэння такой прасторы, якая дапаможа дзіцяці вызначаць свой шлях і быць паспяховым у будучыні.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





