Гарачы сезон для аграрыяў

- 13:43Выбар прафесіі

15 лістапада пачаўся прыём дакументаў на завочную форму навучання на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Аграрыі, якія завяршылі работу ў палях, могуць спакойна заняцца будучай адукацыяй.

Прыём дакументаў на завочную форму будзе доўжыцца да 5 снежня. Уступныя выпрабаванні пройдуць з 6 па 15 снежня. Залічэнне завяршыцца 20 снежня.

У Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт едуць паступаць абітурыенты з усёй краіны. Сёлета для завочнікаў выдзелена больш як тысяча месцаў: 125 — за кошт сродкаў бюджэту і 896 — на ўмовах аплаты.

Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДАТУ Андрэй Брэнч, ужо ў першы дзень прыёму дакументаў было пададзена 86 заяў. На бюджэтнае навучанне ва ўніверсітэце штогод ёсць конкурс. Чакаецца, што і на платную форму знойдзецца шмат жадаючых, тым больш што многія прадпрыемствы фінансава падтрымліваюць сваіх спецыялістаў у іх жаданні вучыцца.

Паступаць на завочную форму ва ўстановы вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту мо­гуць работнікі сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, арганізацый, якія абслугоўва­юць сельскую гаспадарку, фермеры, а таксама асобы, якія маюць профільную прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю. Акрамя таго, у конкурсе на бюджэт могуць удзельні­чаць дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды I і II групы пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці.

Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Пры паступленні на большасць сельскагаспадарчых спецыяльнасцей абітурыенты здаюць два ўступныя выпрабаванні па профілі. І ў іх ёсць выбар: можна прадаставіць сертыфікаты ЦТ або здаць экзамены непасрэдна ва ўстанове адукацыі. Аднак на некаторыя спецыяльнасці абітурыенты павінны прад’явіць тры сертыфікаты ЦТ: па беларускай ці рускай мове і па профільных прадметах. Уся інфармацыя ёсць на сайтах прыёмных камісій устаноў адукацыі.

Пры паступленні на завочную скарочаную форму навучання абітурыенты здаюць два пісьмовыя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана той спецыяльнасці, якую яны атрымалі ў каледжы.

Па-за конкурсам залічваюцца асобы, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу (службу ў рэзерве) сёлета або ў мінулым годзе, маюць рэкамендацыі вайсковых часцей і паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай форме на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.