Гарачы жнівень

- 9:53Выхаванне, Выхаваўчая работа

Да жніва прыступілі ўстановы прафесійнай адукацыі паўночнага рэгіёна. На палетках вучэбных гаспадарак задзейнічана больш за 120 работнікаў і каля 40 навучэнцаў, 109 адзінак тэхнікі. Аб’ём работ немалы: 3959 гектараў збожжавых, 308,5 — рапсу і 50 — ільну. 

Аляксандр Пашкевіч, дырэктар Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара: “Няпроста будзе, аднак хлеб ёсць, прычым ураджай значна вышэйшы, чым летась. Пад збожжавымі ў нас прыкладна 1200 гектараў і рапсу каля сотні. З-за ўмоў надвор’я змясціліся тэрміны ўборкі: пачалі толькі зараз, у параўнанні з мінулым годам гэта каля двух тыдняў у мінусе, астатняе ў штатным рэжыме. Зерне ідзе пакуль вільготнае. Па папярэдняй ацэнцы, на палях ліцэя дзесьці паміж дзвюма з паловай і трыма тысячамі тон зерня. На ўраджай, як і на падрыхтоўку навучэнцаў, заўсёды працуе комплекс фактараў. Немалаважны складнік у агульнай справе — дзейнасць нашага вучэбнага цэнтра дакладнага земляробства. Па тым жа азімым рапсе — сеялі гібрыды і бачым, што на корані ўраджай прыгожы. Разам з тым жніво толькі пачынаецца. Вынік засекі пакажуць”.

Ігар Амяльчук, майстар вытворчага навучання Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці: “Мае калегі і навучэнцы ліцэя шчыруюць на ніве ад світранку і да першай вячэрняй расы. У сціслыя тэрміны неабходна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 435 гектараў вучэбнай гаспадаркі. Цяпер працуюць два камбайны і дзве машыны на адвозцы збожжа. Вучым мо­ладзь: не тое каб зярнятка — кожная саломінка на вагу золата. Самае галоўнае — не дапус­каць страт”.

У клопатах пра ўраджай сельскагаспадарчым прадпрыемствам разам з майстрамі вытворчага навучання дапамагаюць звыш 300 навучэнцаў, якія знаходзяцца на практыцы або самастойна працаўладкаваліся на час канікул. У дапамозе аграрыям выкарыстоўваецца тэхніка ўстаноў адукацыі, уключаючы 10 зернеўборачных камбайнаў, 11 трактароў, 8 аўтамабіляў. У адпаведнасці з дагаворамі і заяўкамі, на прадпрыем­ствы аграрнага сектара размеркавана 590 выпускнікоў каледжаў і ліцэяў вобласці: 382 з іх трактарыстамі-машыністамі, 24 — вадзіцелямі аўтамабіля, 88 — слесарамі па рамонце сельгастэхнікі і аўтамабіляў, 40 — зваршчыкамі, 21 — тэхнікамі-механікамі, 8 — тэхнікамі-электрыкамі (электраманцёрамі), 17 — жывёлаводамі, 11 — аграномамі, па 20 — эканамістамі і арганізатарамі вытворчасці. 

Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, вытворчую практыку на вёсцы ў ліпені — жніўні праходзяць 138 навучэнцаў (118 — з пасведчаннем трактарыста-машыніста). Плануецца, што ў верасні гэтая колькасць вырасце да 265 (239 — з пасведчаннем трактарыста-машыніста).

Антон Машэра, выпускнік Гарадоцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа: “Вельмі важна не проста да драбніцы сабраць цяперашні ўраджай, але зрабіць усё патрэбнае, каб не горшы вырас у наступным годзе. Я размеркаваны на 

ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, зараз працую ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Барсеева”. Тут жа на 3 курсе праходзіў вытворчую практыку. Работа механізатара, калектыў знаёмыя, умовы працы задавальняюць, зарплата нармальная. Дарэчы, мы яе атрымлівалі і падчас практыкі: першыя заробкі складалі каля тысячы рублёў штомесяц. У прафесіі не расчараваўся, сваю найбліжэйшую будучыню звязваю менавіта з аграрным сектарам”.   

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ганны КУНЦЭВІЧ.